08.07.2026 Новости
Гісторыя грамадскага жыцця захоўвае прыклады, калі той ці іншай асобе даводзіцца браць на сябе адказнасць за пэўную з’яву, пэўнае рашэнне. І рабіць гэта даводзіцца ў той няпросты час, калі асноўная маса ўдзельнікаў працэса застаюцца сузіральнікамі тых складаных з’яў. Ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін горада Мінска Мікалай Іванавіч Чаргінец пакідае жыццё, звыклую для яго прастору дзеянняў, рашэнняў, застаючыся ў памяці, свядомасці грамадства чалавекам паслядоўным і рашучым. Гэтую характарыстыку даволі цяжка ці зусім немагчыма некаму аспрэчыць.
У 2005 годзе Мікалай Чаргінец спакойна і разам з тым даволі грунтоўна выклаў сваю пазіцыю, сабраўшы вакол сябе літаратараў у грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Маючы за плячыма каласальны вопыт палітыка, напісаўшы да гэтага часу бібліятэку цікавых, запатрабаваных у чытача мастацкіх кніг, пісьменнік шчыра і ўнікліва падыйшоў да фарміравання творчай арганізацыі ў няпростых мастацкіх абставінах. І здолеў зрабіць гэта так, як наўрад ці змог бы хто іншы. Заслужаная адзнака гэтай працы, ацэнка яго творчых памкненняў – наданне Мікалаю Іванавічу Чаргінцу звання “Народны пісьменнік Беларусі”.
У апошнія гады Мікалай Іванавіч працаваў над мемуарамі, прысвечанымі пройдзеным жыццёвым дарогам. Нельга без хвалявання чытаць старонкі, прысвечаныя дзяцінству ваенных часін, падлеткавым гадам у Мінску, які падымаўся з руін. Здавалася, што гэтымі кнігамі мемуарыі, успамінаў, як і сваім раманам “Аперацыя “Кроў”, ён імкнуўся перадаць нашчадкам свой галоўны запавет – запавет захоўваць мір ва ўсім свеце, шанаваць родную краіну, несці ў заўтра традыцыі гераічнага народа Беларусі, шанаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Застаецца і літаратурнай моладзі, новым пакаленням пісьменнікаў ісці след у след гэтаму запавету. І памятайце, што гэта запавет не шэраговага сузіральніка войнаў і іншых драматычных для грамадства падзей, а запавет салдата, афіцэра, генерала, запавет воіна-“афганца”.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


