
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася чарговая творчая сустрэча, якую галоўная кніжніца краіны ладзіць супольна з СПБ. Гэтым разам на літаратурны Алімп узышоў прадстаўнік Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кунцэвіч — паэт, празаік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі.
Адкрываючы імпрэзу, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук гаварыў аб паэзіі: «Толькі з узростам пачынаеш цаніць яе і разумець, што ў вершах не толькі ўздымаюцца важныя пытанні быцця чалавека, але і даюцца адказы на іх.
Паводле яго слоў, творчасць Віктара Кунцэвіча — менавіта такая, філасофская. У яго паэзіі закранаюцца тэмы любові да прыроды, жыцця і, вядома, кахання».
Намеснік старшыні СПБ Аляксей Чарота падзякаваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за пляцоўку для правядзення імпрэзы і звярнуў увагу на тое, што Нацыянальную літаратурную прэмію вядомы паэт Віктар Кунцэвіч усё ж атрымаў за сваю адзіную кнігу прозы «Калі чужая душа — твая». І гэта даволі цікава, бо часам лёс літаратара складваецца арыгінальна, як сюжэт нейкага твора. Толькі ўявіце: сёлетні лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, аўтар шасці кніг (пяць з іх — паэзія) калісьці быў таксістам, але яго жыццё рэзка збочыла ў творчую каляіну, і ўсё дзякуючы выпадку. Гэтую ж тэму працягнуў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, падкрэсліўшы, што Віктар Кунцэвіч дзе толькі ні працаваў, гісторыя яго жыцця вельмі цікавая. Пра гэта, прынамсі якраз ішла гаворка ў вядомай праграме «Суразмоўцы». Віктар Кунцэвіч стаў адным з яе 250 герояў (днямі праект Навума Гальпяровіча святкуе менавіта такі значны юбілей). «Беларуская мова — найпрыгажэйшая ў свеце, яе развіццё залежыць ад тых, хто стварае нашу літаратуру. Да такіх людзей, бясспрэчна, належыць і Віктар Кунцэвіч», — перакананы паэт і публіцыст. У якасці падарунка Навум Гальпяровіч прачытаў свой верш пра восень.
Імпрэза атрымалася творчай дзякуючы не толькі самому Віктару Кунцэвічу, які чытаў вершы, дзяліўся ўспамінамі, але і супрацоўнікам Бялыніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яны падрыхтавалі яркую праграму з дэкламацыяй вершаў і прозы бялыніцкімі навучэнцамі ў нацыянальных строях. Гэта было настолькі шчыра, быццам моладзі ўдалося зазірнуць у душу творцы-земляка. Таксама прагучалі самыя розныя пытанні, якія датычыліся творчасці Віктара Кунцэвіча. І ён, вядома, адказаў на кожнае.
— Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі прымушае задумацца, пра што варта пісаць, бо адчуваеш адказнасць за кожнае сваё слова. І ўсё ж менавіта такія імпрэзы даюць чарговы штуршок для творчасці. Вельмі ўдзячны ўсім, дзякуючы каму яна адбылася, — прызнаўся напрыканцы сустрэчы з чытачамі Віктар Кунцэвіч. — Для літаратара вельмі важна сустракацца з чытачамі. Мы пішам свае творы дзеля іх! Цяпер працую над чарговай кнігай з філасофскім падтэкстам. Хачу стварыць прозу са станоўчым пасылам, каб, прачытаўшы яе, людзі разумелі: трэба ісці правільным шляхам, а не паўтараць дрэнныя ўчынкі герояў. Роля літаратуры ў выхаванні асобы вельмі вялікая!
Ірына ПРЫМАК
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Загаловак у газеце: Зазірнуць у душу творцы...
Источник: https://zviazda.by/be/news/20241128/1732794061-litaraturny-alimp-viktara-kuncevicha
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси