На літаратурным Алімпе — паэт Валянцін Семяняка


На літаратурным Алімпе — паэт Валянцін Семяняка

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пры садзейнічанні Саюза пісьменнікаў Беларусі адбылася чарговая сустрэча ў межах цыкла «Літаратурны Алімп Беларусі». 


У цэнтры ўвагі — паэт, дэпутат, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Семяняка.

Валянцін Семяняка будучы дэпутатам рэспубліканскага ўзроўню, робіць свой адметны ўнёсак у дзяржаўнае будаўніцтва, у вырашэнне розных набалелых праблем грамадства і, у той жа час, ён — чалавек творчы. Яго чулая душа жыве паэзіяй, дзе пераважае грамадзянская, патрыятычная лірыка, кранаюць вершы пра спагаду і ўвагу да чужой бяды, пра шчымлівае каханне, духоўныя перажыванні. Паэтычнае ўспрыняцце свету яшчэ больш умацоўвае яго постаць, ёмкае, важкае слова дадае аўтарытэту яго асобе. 

Валянцін Міхайлавіч вядомы як паэт, перакладчык, педагог, узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Аўтар кнігі паэзіі «Зорка залатая». Яго вершы надрукаваны ў зборніках — «Зоры над Зальвянкай», «На Нёманскай хвалі», «Лучнасць сэрцаў і дум». Пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзімір Мазго, які ў свой час па-зямляцку падтрымаў паэта, падзяліўся ўспамінамі пра першыя публікацыі Валянціна Семянякі ў часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць». Такімі шляхамі паэт ішоў у вялікую літаратуру. 

Аўтар прымаў удзел у Міжнародным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы», дзе быў адзначаны як адзін з лепшых перакладчыкаў з рускай мовы на беларускую. Яго пераклады ўвайшлі ў трохтомнае выданне «Силой общей любви — Беларусь, Россия: финалисты и наставники», пазней — як перакладчык, прыняў удзел у анталогіі «Сучасная руская паэзія» з серыі «Сучасная літаратура краін СНД». 

Валянцін Міхайлавіч часта бывае ў роднай Зэльве. Стаўленне да радзімы ён пацвярджае прызненнем: 

«Зэльва, ты заўсёды для мяне дарэчы!:
Ты — мая радзіма, ты — мая любоў!»
І дадае вось такія хваюючыя радкі:
Новенькі аўтобус па шашы імчыцца.
Папрашу кіроўцу ў Зэльве прыпыніць:
«Дай мне, браце, выйсці, тут мая сталіца,
Дай ізноў на сэрцы раны загаіць. 

Паэт адчувае невыносна вялікае прыцягненне сваіх каранёў, Бацькаўшчыны». «Я беларус і мой закон такі: пакуль жывы — не адракуся роду»- гэта таксама неабвержная для творцы ісціна. 

Да ўсяго тут, у Зэльве, жывуць яго землякі, які другі раз запар далі яму права прадстаўляць свае інтарэсы ў вышэйшым органе народнай улады — Парламенце. 

На гэты раз землякі самі прыехалі ў сталіцу, каб раздзяліць радасць поспеху паэта, чыя жыццёвыя і творчыя сцяжыны ўзялі выток з Зельвенскага краю. Да іх далучыліся і бліжэйшыя суседзі са Слоніма, які таксама ўваходзіць у выбарчую акругу дэпутата, і дзе шануюць Валянціна Семяняку, як «свайго чалавека».

Акрамя таго, сярод гасцей у так званай галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сабраліся калегі — дэпутаты, пісьменнікі, сябры, родныя. Словам, усе, хто жадае чуць беларускую паэзію ў выкананні выдатнага майстра слова. А ён, распачынаючы імпрэзу, і сам зрабіў вось такое шчырае прызнанне:

Як толькі зацепліцца ранак вясновы,
Каб дзень абудзіць і надзею пазваць,
Павешу званочак ў дзвярах адмысловы,
І буду гасцей з нецярпеннем чакаць.

Творчасць, на думку Валянціна Семянякі, з’яўляецца складнікам шчасця — «беламу аркушыку даверу, тое, што нікому не скажу».

Падчас імпрэзы паэт распавёў пра моманты, калі радкі самі просяцца на паперу, пра людзей, якія былі ў яго жыцці і натхнялі на напісанне вершаў, пра выпадкі і лёсы, якім прысвечаны асобныя творы. Пра гэта сведчаць нават назвы яго вершаў: «Вечный вопрос», «Ветэранам», «Карона-вірус», «Братэрская кроў».

Асабліва шчымлівым на літаратурнай імпрэзе аказаўся расповед аўтара пра сваё мінулае, узгадаўся верш «Ліст з дзяцінства»: 

Мама! Я ізноў табе пішу.
Ведаю, што ўжо не прачытаеш,
Ды каму пра ўсё я раскажу?
Што мяне пахваліць, паўшчувае?

Валянцін Міхайлавіч пазнаёміў з выставай паштовак, якія ён — любячы сын — паэтычна афармляў калісьці сваёй маці, і якія беражэ зараз, як каштоўную сямейную рэліквію.

З прывітальным словам ад Зельвенскага раёна выступіў старшыня Зельвескага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, ад Слонімскага — дырэктар раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Тамара Гайдук. Пажаданні далейшага ў творчасці плёну выказвалі Валянціну Міхайлавічу калегі-дэпутаты. Здзівіў, узрадаваў, акрыліў — такой багатай на эмоцыі стала імпрэза.

Літаратурны Алімп у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі дазваляе лепш зразумець сучасную беларускую паэзію, бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто яе стварае. У новым годзе стануць вядомы імёны новых «алімпійцаў».
Марыя Ліпень

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Источник: https://zviazda.by/be/news/20241218/1734499396-na-litaraturnym-alimpe-paet-valyancin-semyanyaka

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси