Літаратурны Алімп Беларусі


Літаратурны Алімп Беларусі

— Штогод на небасхіле айчыннай літаратуры загараюцца новыя зоркі, — заўважае першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — Думаю, па справядлівасці так можна сказаць пра лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, пераможцаў знакавых літаратурных конкурсаў, тых, хто атрымлівае ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».


Гэтыя людзі ствараюць сучасную беларускую літаратуру — адлюстроўваюць нашу рэчаіснасць праз адметныя вобразы, прыгожае мастацкае слова.

Іх творчасць павінна мець больш публічны характар, знаходзіць шырокага чытача.

«Літаратурны Алімп Беларусі» пад такой красамоўнай назвай у рамках праекта штомесяц у галоўным кніжным храме краіны будуць ладзіцца літаратурныя імпрэзы са знакамітымі творцамі. Гэта і прэстыжна, і ганарова. І ў той жа час вельмі адказна.
Супярэчлівы час абавязвае пісьменнікаў трымаць у сваіх творах высокі ўзровень маральна-чалавечых каштоўнасцей, якія паклалі ў аснову нацыянальнай літаратуры яе класікі.

Стартаваў праект з выступлення вядомай паэткі, лаўрэата шматлікіх прэстыжных літаратурных прэмій, уладальніка высокіх дзяржаўных узнагарод Тамары Красновай-Гусачэнка.

Тамара Іванаўна жыве і працуе ў Віцебску, любоў да якога яна выказала ў гімне, які гучыць на галоўных святах горада.

Тамара Краснова -Гусачэнка — да ўсяго нераўнадушная паэтка. Гэта адлюстравана ў яе шматлікіх кнігах, і наогул, — у грамадзянскай пазіцыі. Амаль 300 сустрэч Тамара Іванаўна праводзіць у год з дзецьмі, моладдзю, больш сталымі людзьмі. Яе вопыт і аўтарытэт бездакорныя. Нездарма, яна нязменны кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення СПБ. Нядаўна яе віншавалі з атрыманнем ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».

Сваё выступленне ў Нацыянальнай бібліятэцы паэтка прысвяціла чытанню любімых вершаў. Гучала песня «Радуніца», якую яна стварыла ў суаўтарстве з дарагім для многіх кампазітарам Алегам Елісеенкавым.

На літаратурным свяце побач з галоўнай гераіняй былі і блізкія ёй людзі — артысты Дар’я Краснова-Сіліванава, Кірыл Сіліванаў, спявачка і кампазітар Вікторыя Лабкоўская.

Першапраходцу літаратурнага Алімпу прыйшлі павіншаваць калегі па Саюзу пісьменнікаў Беларусі, а таксама студэнты філфака БДУ.

Марыя Ліпень

Фота Віктара Іванчыкава

Источник: https://zviazda.by/be/news/20241101/1730442823-litaraturny-alimp-belarusi

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси