Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі стартаваў ва ўстановах г.Мінска з удзелам пісьменнікаў гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У дзіцячай бібліятэцы №15, што ў мікрараёне Малінаўка з юнымі чытачамі сустрэліся паэты Міхась Пазнякоў і Алесь Бадак. У публічнай бібліятэцы №7 – паэт Уладзімір Мацвеенка. У публічнай бібліятэцы №5 – Павел Саковіч. Юныя чытачы сустракаюцца таксама з пісьменнікамі Міколам Чарняўскім, Нінай Галіноўскай, Уладзімірам Мазго, Міколам Малаўкам, Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Ліпскім, Уладзімірам Карызнам, Казімірам Камейшам, Наталляй Касцючэнка, Аленай Масла, Міколам Мятліцкім, Таццянай Сівец, Інай Фраловай, Алінай Легастаевай, Віктарам Шніпам і іншымі літаратарамі.
Не застаюцца без увагі і юныя літаратары, з якімі арганізаваны творчыя пасяджэнні.
Вечар духоўнай паэзіі і музыкі “Калі сэрца напаўняецца любоўю” прайшоў у вялікай зале сталічнага Дома літаратара, арганізаваны Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адкрыў свята старшыня аддзялення, паэт Міхась Пазнякоў, які расказаў прысутным аб асноўных мерапрыемствах СПБ у Год кнігі, прысвечаных класікам нашай літаратуры Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Танку, а таксама прачытаў новыя вершы. Выступілі таксама паэты Ала Чорная, Сяргей Давідовіч, Лізавета Палеес, Алена Мінчукова, Алена Міхаленка, Валянціна Паліканіна. Паўнюткая зала цёпла апладзіравала артысту, рэжысёру і спеваку Яўгену Піменаву, артыстцы Алене Шабад (вядучай гэтай імпрэзы), журналісту і выканаўцы песень Вользе Міхаленка, спявачкам Анастасіі Раманоўскай і Вользе Крывашэевай. У іх выкананні прагучалі песні на словы Мікалая Шыпілава, Алены Міхаленка, Мікалая Гумілёва, Валянціны Паліканінай, Мікалая Рубцова. Музыку да некаторых з іх напісаў кампазітар Уладзімір Казбанаў.
Па заканчэнні вечара слухачы мелі магчымасць азнаёміцца з кнігамі беларускіх паэтаў, набыць іх і атрымаць аўтограф.
Адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай сталічнай дзіцячай бібліятэкі № 9, што месціцца на вуліцы Убарэвіча, 44. Вядома, фінансаванне з гарадскога бюджэту паскорыла справу. Будаўнікі і самі супрацоўнікі ўстановы пастараліся на славу. Здзіўляе ўсё: афармленне, аснашчэнне, мэбля, размяшчэнне кніг, умовы працы, гасціннасць гаспадароў і, безумоўна, планы на будучае. А яны ў Год кнігі і напярэдадні юбілеяў класікаў беларускай літаратуры – вялікія.
Фонд бібліятэкі ўражвае – 58 тысяч адзінак. Свята паказала, што ў бібліятэкі шмат сяброў, памочнікаў, сапраўдных паплечнікаў. Сярод іх і Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
На адкрыцці выступілі начальнік Упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Уладзіміраўна Рудзікава, старшыня сталічнага аддзялення СПБ, паэт Міхась Пазнякоў, прадстаўнікі Міністэрства культуры і гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў культуры.
Свята атрымалася цудоўным, з падарункамі, пажаданнямі, віншаваннямі. А наперадзе – цікавая, важная і мнагастайная работа. І пісьменнікі, безумоўна, будуць заўсёды тут актыўнымі і ўдзячнымі гасцямі.
Тыдзень беларускай літаратуры ў чарговы раз прайшоў у сталічнай гімназіі №7, з якой Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Мінскім гарадскім аддзяленнем СПБ наладжаны добрыя творчыя кантакты. У розных класах навучальнай установы ўрокі цяпер правялі вядомыя пісьменнікі Навум Гальпяровіч, Мікола Маляўка , Ірына Масляніцына, Міхась Пазнякоў, Вольга Сакалова, Таццяна Сівец, Іван Саверчанка, Ніна Галіноўская.
На ўроках ішла размова пра нашых класікаў, сучасны літаратурны працэс, родную мову; гучалі вершы з вуснаў саміх аўтараў. Вучні актыўна цікавіліся дзейнасцю СПБ, літаратурным жыццём сталіцы, дзяліліся ўражаннямі ад прачытаных твораў… Паліцы гімназіі папоўніліся выданнямі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, а таксама пісьменнікаў, якія выступілі перад гімназістамі.
У Мінску стартавала акцыя “Пісьменнікі – дзецям”, якую арганізавала Мінскае гарадское аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” сумесна з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. У гімназію №23 завіталі вядомыя пісьменнікі Міхась Пазнякоў (старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ), Раіса Баравікова, Уладзімір Мазго, Павел Саковіч, супрацоўнікі выдавецтва “Чатыры чвэрці” Наталля Карасёва і Дзяніс Раманаў.
Госці расказалі аб дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурным працэсе ў рэспубліцы, аб рабоце літаратурна-мастацкіх выданняў “Полымя”, “Вожык”, “Літаратура і мастацтва”, “Маладосць”. Аб супрацоўніцтве выдавецтва “Чатыры чвэрці” з СПБ і Мінскім гарадскім аддзяленнем СПБ па выпуску кніг вядомых творцаў і юных літаратараў. Паэты Раіса Баравікова, Уладзімір Мазго, Павел Саковіч і Міхась Пазнякоў прачыталі свае новыя вершы, адказалі на пытанні старшакласнікаў і педагогаў.
“Сэрцам роднага слова краніся” пад такой назвай у межах Года кнігі і прысвечанае Сусветнаму дню паэзіі прайшло мерапрыемства ў сталічнай бібліятэцы №14 імя Ф.Багушэвіча.
Арганізатарамі незвычайнай “паэтычнай ночы” сталі Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г.Мінска і Мінскае гарадское аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Пачалося свята ў 16:00 сустрэчай з галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка” пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім і дзіцячым узорным тэатрам народных традыцый “Пацешкі” Цэнтра творчасці “Эўрыка” Фрунзенскага раёна пад кіраўніцтвам Таццяны Філіпавай. Затым адбыўся вечар-партрэт “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця…”, прысвечаны класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу. У ім прынялі ўдзел супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Наталля Настасіч і заслужаны арстыст РБ Эдуард Гарачы.
На змену гэтаму вечару прыйшоў літаратурны марафон “Чытаем Янку Купалу і Якуба Коласа разам”. У ім прынялі ўдзел артыст і рэжысёр Алег Вінярскі, народная артыстка РБ Марыя Захарэвіч, бард Вадзім Клімовіч. У выкананні студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта прагучалі вершы класікаў на замежных мовах.