Мікола МЯТЛІЦКІ. Актуальныя вершы


Мікола МЯТЛІЦКІ. Актуальныя вершы

ПАРАД СТОЙКАСЦІ ДУХУ

 

Гэты майскі парад свет забудзе наўрад.

Адчаканіў свой крок пераможна парад.

 

Юных воінаў строй пад крылатай зарой.

Лікаванне вясны і святочны настрой.

 

Мы і ў гэту пару, як суцішыўся свет,

Дэманструем не пікі крылатых ракет –

 

Чалавечую мужнасць і годнасць сваю.

Я пад сцягам Айчыны зноў горда стаю.

 

Проста права не маю тут сэрцам не быць,

Ўсё, што дадзена мне ў гэтым свеце, згубіць.

 

Па крывавых абсягах сусветнага зла,

Зброю сцісшы ў агні, Перамога прыйшла.

 

І якіх бы цяпер ні было ў свеце звяг –

Я не выпушчу з рук ёй узнесены сцяг.

 

9.05.2020

 

 

БАЛАДА ВЯРТАННЯ

 

          469 помнікаў воінам-вызваліцелям вырашана

            знесці па рашэнні польскіх улад. Актывісты з

            Брэста дамаўляюцца і вяртаюць некаторыя з іх у

            Беларусь.

                                                      (З інтэрнэт-навін)

 

Цынізм ці бывае большым?

Як знясіленыя шляхам паломнікі,

Крочаць, вяртаюцца з Польшчы

Воінаў-вызваліцеляў помнікі.

 

Непадалёку ад Брэста,

Бо стала няўтульна

На землях суседняй дзяржавы,

Абралі новае месца

На алеі воінскай славы.

 

Тут, калі зло і памкнецца,

Зносячы бронзавыя і каменныя,

Адступіць ураз – разаб’ецца

Аб крэпасці непрыступныя сцены.

 

Будуць яны пад аховай

Стойкасці, дагэтуль нязнанай,

З сілаю памяці выбуховай,

З вечна крываваю ранай

 

Свету казаць пра славу,

Што ў баях напаткалі,

Як Кракаў, а потым Варшаву

Ад гітлерцаў вызвалялі,

 

Гналі зброд усялякі,

Смерці ламаючы крыллі…

І пра тое,

Як сёння палякі

Бяздушнасцю адплацілі.

 

29.02.2020

 

 

ПАНДЭМІЯ

 

Сыходзяцца мёртвыя і жывыя –

Тысяч ужо не стала.

Хмарай абложнаю пандэмія

Над светам устала.

 

Раніца кожная – звесткі як зводкі

З поля няспыннага бою.

Век нечы доўгі і чыйсьці кароткі

Рэжа пачвара касою.

 

Вуліцы, плошчы Еўропы – нямыя,

Хтось не паспеў нат і войкнуць.

З шалам драпежным паўсюд пандэмія

Грукае ў сэрцы, бы ў вокны.

 

А на балконах з мужнай адвагай

Чуюцца звонкія песні –

Льюцца жыццю самай вернай прысягай,

Моляць яго: – Уваскрэсні!

 

Струны вясны усяе дажджавыя

Граюць самотнага Баха.

І вырастае ў душы пандэмія

Хваляй трывогі і страху.

 

Свет захлынуўся ў горы і скрусе,

Нішчыць пагрозу навалы.

Моліцца сэрца за люд Беларусі

Светлай Малітвай Купалы.

 

30.03.2020

 

 

ЮНАМУ СУАЙЧЫННІКУ

 

Табе самотна: на зямлю прыйшоў

Не кмечаны крывёю каралёў,

Не ў ліку тых,

Хто ўладна правіць светам.

Ды ўсё ж адным суцешся ты пры гэтым

На хвалях часу

Ля магіл святых:

Ты ўсё ж шчасліўчык,

Бо не ў ліку тых,

Хто над тваёй

Ахвярнаю Радзімай

Узвіўся ў неба

Крэматорным дымам.

 

 

*   *   *

Павыйдзіце з былінных курганоў,

Зямлі маёй былінныя героі.

Крылаты прывід смертаноснай зброі

Ваш сон зямны сягоння будзіць зноў.

 

Пачуўшы вашы раці за спіной,

Лягчэй ступаць пуцінаю зямной.

 

І вы, хто спіць бясслаўна у зямлі

У спратах дзён аджытых, паўзабытых,

Сягоння абзавіцеся з нябыту –

Адкуль і хто вы?..

І на што ішлі…

 

Пачуўшы вашу згубу за спіной,

Лягчэй ступаць пуцінаю зямной.