Міжнародны дзень паэзіі ў Гродне адзначылі прэзентацыяй літаратурнага альманаха


Міжнародны дзень паэзіі ў Гродне адзначылі прэзентацыяй літаратурнага альманаха

23.03.2026                                                          Новости


Чарговае мерапрыемства ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага, 19 сакавіка арганізаванае Гродзенскім аддзяленнем СПБ, атрымалася святочным. Так заўсёды бывае ў народным жыцці, калі скончана вялікая праца, а яе вынік усіх радуе. Менавіта так можна сказаць пра выпуск 8-га нумара літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі».

 

Тыя, хто ўжо паспеў пазнаёміцца з новым нумарам перыядычнага выдання, выносяць яму самую высокую ацэнку. Аб працы над ім (альманах лічыцца афіцыйным друкаваным органам пісьменніцкай арганізацыі вобласці) распавяла старшыня ГрАА СПБ, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч. Выхад свежага нумара абласнога літаратурнага альманаха прымеркаваны да 20-годдзя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, а яго прадстаўленне шырокай грамадскасці – да Міжнароднага дня паэзіі; да яго пісьменнікі рэгіёна традыцыйна імкнуцца прыйсці з якой-небудзь важнай падзеяй, з якім-небудзь каштоўным набыткам або важкім дасягненнем. Калі параўноўваць восьмы нумар выдання з папярэднімі аналагамі, у цяперашнім прадстаўлена больш аўтараў, значна больш фотаілюстрацый, якія адлюстроўваюць літаратурнае жыццё Прынёманскага краю, руплівую грамадскую працу нашай літаратурнай сям’і.

 

І самае істотнае: назіраецца пашырэнне тэматычнага спектру нашых твораў, мастацка-эстэтычны патэнцыял аўтараў выклікае абгрунтаваны аптымізм. Старонкі свежага нумара альманаха прапануюць чытачу ўсё больш літаратурнай працы якая адзначана перамогамі ў разнастайных конкурсах, удастоена высокіх узнагарод. Адкрываюць выданне публікацыя лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, педагога, вучонага, літаратуразнаўцы, літаратурнага крытыка Аліны Сабуць, а таксама творы пераможцаў абласных конкурсаў імя Цёткі і Максіма Багдановіча, лаўрэатаў прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А. І. Дубко «Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» (намінацыя «Пісьменнік года Гродзеншчыны»).

 

 

Менавіта аўтарам-лаўрэатам было дадзена слова ў першай частцы прэзентацыі. Яе праграму было вырашана выбудаваць у адпаведнасці з кампазіцыяй выдання. Фірмовым знакам Гродзенскага літаратурнага альманаха стала запрашэнне на яго старонкі гасцей – сяброў нашага калектыву. З гэтай рубрыкі ў праграме выступіла актыўны ўдзельнік культурнага жыцця, стваральнік арыгінальных пейзажных замалёвак (мініяцюр), аўтар 12 кніг, празаік Ірына Салата. Свае творы прадставілі грамадскасці горада над Нёманам больш за паўтара дзясятка аўтараў (паэты, празаікі, публіцысты, літаратурныя крытыкі).

 

 

У праграме прэзентацыі, акрамя, зразумела, літаратурнага зместу, было шмат музыкі. У запісы прагучалі песні на словы члена СПБ, паэтэсы Таццяны Яцук (музыка Васіля Бурака, салістка Галіна Бабонава). Яркія песенныя нумары ў выкананні члена СПБ, паэта, аўтара і выканаўца песень Андрэя Татура, а таксама ў выкананні гасцей з Гродзенскай гімназіі № 5 імя У. Караткевіча, юных салістак Варвары Макусь, Камілы Петуховай, Валерыі Дзяшкевіч (мастацкі кіраўнік, музычны педагог па вакале Алена Віктараўна Дзенісенка) паспрыялі незабыўнай атмасферы вясновай пачуццёвасці, узнёсламу, рамантычнаму настрою. З рук Людмілы Антонаўны асобнік новага альманаха атрымала дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марына Эдвардаўна Ігнатовіч. З дэкламацыяй паэзіі ў святочнай творчай праграме выступілі і нашы сябры-чытачы.

 

 

Свята новай кнігі, свята мастацтва слова стала святам агульнай справы аб’яднаных ідэяй творчасці аднадумцаў. Прынесены Радзіме плён – падарунак пісьменнікаў Прынёмання да свята жыцця, натхнёнага мірнай стваральнай працай.  Адкрыўшы свае душы, мы чакаем цябе на гэтых старонках, дарагі чытач!

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси