03.01.2026 Новые книги
Шаноўнае спадарства, паведамляем вам, што ў апошнія дні адыходзячага 2025 года пабачыў свет чарговы, 8-ы нумар абласнога літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі». Выхад чарговага нумара альманаха прымеркаваны да 20-годдзя ўтварэння абласной пісьменніцкай арганізацыі Гродзеншчыны.
Нагадаем, што дадзенае перыядычнае выданне (год заснавання 2009-ы) з’яўляецца афіцыйным друкаваным органам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На яго старонках па традыцыі свае творы прадстаўляюць амаль усе члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – сучасныя айчынныя паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, краязнаўцы, публіцысты, літаратуразнаўцы, літаратурныя крытыкі. У авангардзе, як заўсёды, – творчасць пісьменнікаў-лаўрэатаў, пераможцаў літаратурных конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Візітнай карткай нашага альманаха стала запрашэнне на яго старонкі гасцей, сяброў літаратурнай Гродзеншчыны. І восьмы нумар працягвае традыцыю літаратурнага сяброўства. Сёлета тут – беларускі паэт з Латвіі Станіслаў Валодзька; кіраўнік Лідскага раённага літаб’яднання «Суквецце», паэт Алесь Мацулевіч (1981-2023); аўтар арыгінальных празаічных мініяцюр, гродзенская пісьменніца-педагог Ірына Салата і нават старшыня СПБ, краязнавец Аляксандр Карлюкевіч. Таксама па традыцыі сваім уступным артыкулам адкрывае нумар старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Антонаўна Кебіч. Рэдактары нумара Л. А. Кебіч, Д. М. Радзівончык, А. Э. Сабуць, В. С. Алізар. Паліграфія: друкарня «ЛітАРы» (г. Гродна), аб’ём 298 старонак.
Змест выдання дапаўняюць звесткі пра аўтараў і іх фотапартрэты. Ілюстраваны старонкі альманаха калектыўнымі здымкамі памятных эпізодаў нашага жыцця. «На Нёманскай хвалі» № 8 – гэта па сутнасці энцыклапедыя сучаснага айчыннага мастацтва слова, якая можа быць выкарыстана на ўроках пазакласнага чытання і факультатыўных занятках. Выданне адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі рознага ўзросту, асабліва тым, каго шчыра цікавіць сваё – традыцыі і сучаснасць, гісторыя і культура роднага краю. У чытачоў ёсць унікальная магчымасць вызначыць некаторыя стылістычныя асаблівасці (напрыклад, рэгіянальны фактар) і іншыя характэрныя рысы літаратуры Прынёмання ўзору першай паловы ХХІ стагоддзя. З апорай на гэты гісторыка-культурны дакумент навукоўцы-даследчыкі могуць паназіраць за тым, як літаратурны свет Гродзеншчыны жыве і развіваецца ў часе і прасторы.
Выхад восьмага нумара абласнога літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі» прымеркаваны да 20-годдзя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Прэзентацыі навінкі з удзелам аўтараў будуць праходзіць ува ўстановах адукацыі і культуры горада Гродна і Гродзенскай вобласці на працягу 2026 года. Яны адбудуцца на палях ХХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і ў павільёне Гродзенскай вобласці на Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


