Таццяна Яцук і яе «Прага цішыні» ў Пінску


Таццяна Яцук і яе «Прага цішыні» ў Пінску

15.12.2025                                                          Новости


ПІНСК. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Таццяна Яцук працягвае актыўна пашыраць геаграфію выступленняў перад аматарамі сучаснай айчыннай літаратуры: Баранавічы, Слонім, Мінск, Брэст, Гродна, Ліда… Днямі з прэзентацыяй свайго зборніка лірыкі «Прага цішыні» наша калега па пісьменніцкай арганізацыі завітала ў Пінск.

 

Цікавая і змястоўная сустрэча адбылася 11 снежня ў Цэнтральнай бібліятэцы горада Пінска. Член Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Прэміі імя А. І. Дубко, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры», паэтэса Таццяна Яцук прадставіла настаўнікам і супрацоўнікам бібліятэчнай сістэмы горада Пінска сваю кнігу, прысвечаную 80-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

 

Сустрэча творцы з мясцовай культурнай грамадскасцю адбылася па запрашэнні дырэктара сеткі бібліятэк горада Дзіны Анатольеўна Лагодзіч. На мерапрыемстве прысутнічаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах  моладзі Пінскага гарвыканкама Кірыл Міхайлавіч Юрчанка. Размова вялася шчырая і сур’ёзная. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі новы зборнік, пагаварылі пра патрыятычнае выхаванне моладзі, пра дабро і зло, пра сяброўства і каханне, наталяліся прыгажосцю трапнага, прыгожага пісьменства.

 

 

Дзве гадзіны сустрэчы праляцелі, як адно імгненне. Песні ў выкананні Віктара Мяцельскага, Галіны Бабонавай і Рэгіёны Скіпар на словы Таццяны Яцук упрыгожылі сустрэчу.

 

У развітальным слове Таццяна Мікалаеўна звярнулася да гаспадароў: «Дзякуй, казачны Пінск, за гасціннасць.  Дзякую, шаноўная Дзіна Анатольеўна, за беражлівае захоўванне літаратурнай спадчыны. Дзякую, паважаны Кірыл Міхайлавіч, за далучэнне да літаратуры маладога пакалення і за той цудоўны падарунак, кнігу пра Пінск, якую Вы падарылі. Дзякую Вам, дарагія калегі, што прыйшлі на сустрэчу. Я думаю, што пасля гэтай творчай вечарыны ў мяне абавязкова з‘явяцца  вершы, прысвечаныя вашаму прыгожаму гораду».

 

 

Сапраўды, добрае слова яднае, дапамагае зразумець важнае, значнае ў жыццёвай плыні, наталяе сэрца чуласцю і цеплынёю.

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Пра падзею – рэпартаж ТРК «Пінск»

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси