25.11.2025 Новости
Да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. 20 лістапада, напярэдадні юбілею класіка дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Людмілай Антонаўнай Кебіч пабывала на адмысловай выставе, якая працуе на базе навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько правёў экскурсію па выставе, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Мікалай Уладзіміравіч расказаў аб творах і аўтарах і падкрэсліў, што выстава з’яўляецца сумесным праектам Купалаўскага ўніверсітэта і Гімназіі № 5 імя У. С. Караткевіча г. Гродна, на базе якой працуюць філіялы кафедр выяўленчага і музычнага мастацтва.

Асобная ўвага была звернута на кніжную выставу «Быў. Ёсць. Буду», сярод выданняў – поўныя зборы твораў класіка, кніга, дзе ўпершыню надрукаваны празаічны твор пісьменніка, прыжыццёвыя выданні і іншыя. Адметным быў зварот да зборніка паэзіі «Мая Іліяда», на якім знаходзіцца дарчы аўтограф аўтара падчас сустрэчы са студэнтамі. Акрамя таго, быў прадэманстраваны фрагмент відэазапісу з 50-гадовага юбілею класіка, дзякуючы чаму наведвальнікі выставы змаглі пачуць словы-наказ вялікага беларускага пісьменніка.

У завяршэнні сустрэчы паэтэса Таццяна Яцук падарыла бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта свае апошнія зборнікі паэзіі, якія ўжо чакаюць свайго чытача!
Навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы
Крыніца: сайт Купалаўскага ўніверсітэта
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


