05.06.2025 Новости
1 чэрвеня Гродзенская абласная бібліятэка правяла маштабнае кніжнае свята, чарговы «Гродзенскі “ЛітФэст”». Сярод удзельнікаў – Гродзенскае абласное аддзяленне СПБ.

IX Абласным фестывалем кнігі «Гродзенскі “ЛітФэст”» у горадзе над Нёманам пачалося літаратурнае лета. Паводле арганізатараў, Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага (дырэктар М. Э. Ігнатовіч) сёлета свята чытання і дзяцінства было задумана ў сямейным фармаце. Спектаклі, віктарыны, музычныя нумары: у фестывальнай праграме атрымалі адлюстраванне матывы 80-годдзя Вялікай Перамогі, патрыятызму, народнага адзінства, дыялогу пакаленняў, інклюзіўнасці. Галоўныя вобразы – вобраз беларускага дзіцяці і сучаснай кнігі для яго. Таму ў працы з дадзенай мэтавай аўдыторыяй і ў гэты раз пераважала гульнявая форма.

У папулярным месцы адпачынку гродзенцаў, Парку Жылібера размясціліся інтэрактыўныя пляцоўкі публічных бібліятэк з усіх 17 раёнаў Гродзенскай вобласці. Урачыста адкрылі свята начальнік абласнога ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Кебіч. Дарэчы, абласная пісьменніцкая арганізацыя – традыцыйна ў ліку сацыяльных партнёраў фестывалю. Гродзенскія пісьменнікі выступілі з уласнымі творамі, сустрэліся з чытачамі, прадставілі свае выданні ў аўтограф-зоне.

Так, у горад над Нёманам прыйшла самая любімая для многіх пара. Для дзяцей яна стане часам доўгачаканага адпачынку, вясёлых летніх канікул. Пісьменнікаў Прынёмання таксама чакае шмат цікавага і важнага: паездкі па рэгіёнах, сустрэчы з чытачамі, прэзентацыі індывідуальных і калектыўных выданняў, рэспубліканская акцыя «Лета з добрай кнігай», падрыхтоўка да выдання абласнога літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі», падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе... Пералік далёка няпоўны. Мы жадаем усім нашым сябрам і калегам як мага больш сіл і энергіі, летняга настрою і цёплых, сонечных дзён.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


