“Сімвалы памяці і вечнасці” – літаратурна-паэтычная сустрэча.


“Сімвалы памяці і вечнасці” – літаратурна-паэтычная сустрэча.

13.04.2025                                                          Новости


        У літаратурным праекце “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 прайшла літаратурна-паэтычная сустрэча з Валянцінай Драбышэўскай.

        Валянціна Станіславаўна ‒ старшы выкладчык Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, перакладчык, сцэнарыст. У яе актыве зборнікі вершаў для дзяцей і дарослых, а таксама шматлікія публікацыі ў перыёдыцы.

        У гэтым годзе 9 мая Беларусь адзначыць 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Валянціна Станіславаўна, як сапраўдны патрыёт, не засталася ў баку ад такой важнай падзеі, і яе новая кніга «Любіна сукенка” перадае ўвесь жах таго страшнага ваеннага ліхалецця. Гэтая кніга пра дзяўчыну-падлетка, якая жыла, любіла, будавала планы на будучыню і трагічна загінула ў першы дзень вайны на вачах у сваёй бабулі. Ад Любы засталася толькі белая сукенка, якую яна хацела надзець на сваё пятнаццацігоддзе ‒ як сімвал чысціні, надзеі, кахання, мары. У многіх беларускіх сем’ях ёсць свае сімвалы памяці ‒ рэчы, якія належалі іх сваякам, што прайшлі вайну, а памяць пра іх засталася жыць ў сэрцах патомкаў. На аснове кнігі распрацаваны праект для школьнікаў і студэнтаў, які атрымаў назву «80 анёлаў». Гэта патрыятычны арт-праект, які Валянціна Станіславаўна распрацавала для выхавання ў падлеткаў і моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, гонару за Вялікую Перамогу, захаванне пераемнасці пакаленняў. Удзельнікі праекта змогуць не толькі заняцца пошукам сведак аб сваіх родных, землякоў ‒ салдат або дзяцей вайны, але і напішуць ім лісты, запішуць відэазвароты, у якіх раскажуць пра наша сучаснае мірнае жыццё і падзякуюць героям вайны за подзвіг. А яшчэ ‒ праявіць свае здольнасці: мастацкія, літаратурныя, музычныя, харэаграфічныя. 
        Пра вайну ў сям’і Валянціны Станіславаўны казалі шмат. Таму свой верш «Навечна» прысвяціла свайму дзеду Пракапчуку Пятру Антонавічу, які загінуў без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсім загінуўшым беларускім салдатам. А другі дзед, па татавай лініі, вярнуўся жывым з вайны, але з асколкам снарада пад сэрцам. Так з ім і пражыў усё жыццё. Воляю лёсу, у 2022 годзе яе дачка знайшла месца ў Польшчы, дзе быў пахаваны дзед і яшчэ шмат беларускіх салдат, якія аддалі свае жыцці за выратаванне Еўропы ад фашысцкай акупацыі.

       У 2024 годзе выйшаў зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Победили! Перамаглі!», створаны літаратурнай супольнасцю дзвюх краін ‒ Беларусі і Расіі. Зборнік умяшчае ў сябе каля сотні твораў, якія адлюстроўваюць тэму вайны, міру і стварэння. Ёсць вершы і Валянціны Станіславаўны.

       Асабліва закранула душы і сэрцы прысутных песня «Белыя Анёлкі» у выкананні Валянціна Каваліў на вершы Валянціны Драбышэўскай. Чытачы кніжніцы ўспаміналі сваіх родных, хто ваяваў, а навучэнцы “Мінскага Дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання” задавалі пытанні і прымалі ўдзел у мультымедыйнам квесце “Дарогамі памяці”.

 

 

 

           Загадчык бібліятэкі         Каржанеўская А.М.

            Фота     Кулікова В.В.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси