04.02.2025 Новости
У Мінскім гарадскім тэатры паэзіі, які створаны сталічным аддзяленнем СПБ і дзясяты сезон працуе пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, падчас паэтычна-музычнай імпрэзы адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міхася Пазнякова "Полонез". Яе склалі вершы рознай тэматыкі, перакладзеныя на рускую мову вядомым паэтам Анатолем Аўруціным. Кніга выйшла ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" у кніжнай серыі "Бібліятэка лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі".


Уступным словам мерапрыемства адкрыла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных бібліятэк г. Мінска Алена Іванаўна Матвеева.
Перад шматлікімі прыхільнікамі творчасці вядомага пісьменніка выступілі таксама Анатоль Аўруцін, дырэктар-галоўны рэдактар выдавецтва "Чатыры чвэрці", член СПБ Ліліяна Анцух, пісьменніца Тамара Кавальчук, начальнік Упраўлення адукацыі Мінскага раёна Людміла Канстанцінаўна Лукша, літаратар і педагог, аднакурсніца Міхася Пазнякова Людміла Дзіцэвіч, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Вераніка Аляксандраўна Каламійцава. Вершы паэта прагучалі ў выдатным выкананні самога аўтара, а таксама пісьменніка, заслужанага артыста Беларусі Андрэя Душачкіна і артысткі тэатра і кіно, мастацкага кіраўніка Тэатра паэзіі Вольгі Багушыньскай. Яна, дарэчы, і была вядучай гэтай адметнай імпрэзы. Песні на верш Міхася Пазнякова і Анатоля Аўруціна выканалі паэтэса і спявачка Марына Лайкова, артыст тэатра і кіно, кампазітар і спявак Сяргей Кравец, спявачка Іна Кравец.


Супрацоўнікі бібліятэкі разгарнулі вялікую выстаўку кніг Міхася Пазнякова. Аматары паэзіі мелі магчымасць набыць кнігу і атрымаць аўтографы ў яе аўтара і перакладчыка.


Павел Кузьміч
Фота Васіля Кулікова.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


