Павіншавалі паэтку з юбілеем


Павіншавалі паэтку з юбілеем

01.02.2025                                                          Новости


"Месяц студзень каханне не астудзіць", – пад такой назвай прайшло першае ў 2025 годзе пасяджэнне Клуба творчых жанчын "Спадарня", заснаванага Мінскім гарадскім аддзяленнем СПБ. Як заўсёды, сяброўкі Клуба сустрэліся ва ўтульнай чытальнай зале публічнай бібліятэкі № 5 г. Мінска.

Назву для пасяджэння спадарыні ўзялі з верша паэткі Таісы Трафімавай. І не выпадкова. У студзені Таіса Іванаўна адзначыла свой высокі юбілей. Яна і стала галоўнай гераіняй мерапрыемства.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Паўлавіч Пазнякоў павіншаваў юбілярку і ўручыў ёй Ганаровую грамату МГА СПБ.

Таіса Іванаўна Трафімава – педагог, журналістка, паэтка-песенніца, перакладчыца, артыстка. Яна нарадзілася на Случчыне, у вёсцы Падліпкі, у сям’і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Скончыла Мінскае педвучылішча, Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў (тэатральны факультэт), факультэт журналістыкі БДУ.

У аўтарскім багажы Таісы Трафімавай больш за дзесяць зборнікаў паэзіі, сярод іх – "Зёлкі ад пакут" (1998), “Усміхнуся вятрам” (1998), “Паспелі вішні” (2005), “Вёска пад Ліпамі” (2011) і інш.

Шматлікія вершы Таісы Трафімавай сталі песнямі. Яны гучалі на Нацыянальным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне, на Міжнародных фестывалях у Беларусі, Украіне, Германіі, Турцыі, Балгарыі.

Як член Міжнароднага дабрачыннага фонду імя Міхала Клеафаса Агінскага Таіса Трафімава вядзе вялікую асветніцкую работу. Даследуючы творчасць знакамітага земляка, Таіса Іванаўна аб’ехала амаль усю Еўропу па знамянальных мясцінах кампазітара, прысвяціла яго творчасці шмат цудоўных вершаў.

Вядома, сяброўкі Клуба "Спадарыня" шчыра павіншавалі юбілярку. Яны з задавальненнем паслухалі яе расповед пра жыццёвы і творчы шлях.

А потым спадарыні, выкарыстоўваючы прыгожы радок з верша Таісы Трафімавай, прадоўжылі цёплую, шчырую размову ‒ пагаварылі пра каханне, пра светлыя узнёслыя пачуцці, пра давер, вернасць, адданасць...

Падчас пасяджэння прагучала шмат прыгожых вершаў, песень, абразкоў. Месяц студзень узнёслых пачуццяў і прыгожых, рамантычных успамінаў не астудзіў.

              

Тамара БУНТА, старшыня клуба творчых жанчын "Спадарыня".

Фота аўтара.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси