
30.12.2024 Новости
У літаратурным праекце “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 прайшла творчая сустрэча з Аляксандрам Іванавічам Марозавым і прэзентацыя яго дзвюх новых кніг паэзіі «Отрывной календарь» і «Сказки для взрослых» .
На мерапрыемства завіталі сябры па паэтычным пяры – Міхась Пазнякоў, Хізры Асадулаеў, Анастасія Кузьмічова, Алена Шэх.
Прадставіў гасцей Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў.
Аляксандр Іванавіч - краязнаўца, публіцыст, паэт, перакладчык, выдавец, грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Лаўрэат шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных фестываляў, конкурсаў і турніраў. За ўклад у развіццё рускай літаратуры ўзнагароджаны медалём Міхаіла Шолахава (2012); “За поспехі на літаратурнай і культурнай ніве” – медалём Яўгена Замяціна (2018). Узнагароджаны граматамі Астравецкага райвыканкама, праўлення пісьменніцкіх арганізацый за літаратурную дзейнасць.
Нарадзіўся ў горадзе Дэбальцава. У 1994 годзе атрымаў дыплом журналіста. У 1995 годзе скончыў біялагічны факультэт Данецкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым завочна вучыўся ў аспірантуры. Пасля вучобы ва ўніверсітэце стварыў і ўзначаліў грыбны ўчастак на Макееўскім мясакамбінаце. Аўтар «Большой грибной энциклопедии» і яшчэ 14 кніг па грыбаводстве.
Пасля закрыцця прадпрыемства вярнуўся ў Дэбальцава. Выбіраўся дэпутатам Дэбальцаўскай гарадской рады. Узначальваў грамадскую арганізацыю «Практическое территориальное сообщество «Партнёры» посёлка Октябрьский» і Інфармацыйны цэнтр Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Донбасс» у горадзе Дэбальцава, быў галоўным рэдактарам гарадскіх газет «Находка» і «Мой город».
Значную ролю ў творчасці Аляксандра Марозава займае вобраз роднага горада. Галоўнымі сваімі кнігамі пісьменнік лічыць гістарычныя летапісы «Дебальцево. Взгляд сквозь годы», «Рождённые в Дебальцево», «Дебальцево. На линии огня» і «Дебальцевские тетради». З’яўляецца аўтарам слоў гімна горада Дэбальцава. На працягу 18 гадоў узначальваў Дэбальцаўскае літаратурнае аб’яднанне імя У. М. Сасюры.
Аляксандр Марозаў аўтар трыццаці трох мастацкіх і навукова-папулярных кніг, выдадзеных у Расіі, Украіне, Балгарыі, сярод якіх паэтычныя зборнікі: «Река по имени Любовь» (2000), «Глаза в глаза» (2001), «Разрешите представить» (2007), «Когда вырастут крылья» (2009), «Поговорим о жизни и любви» (2012), Всё изменилось в одночасье» (2019), зборнік іранічнай лірыкі «Сказки для взрослых» (2024), «Отрывной календарь» (2024) і іншыя. У кнігу вершаў «Отрывной календарь» увайшлі не толькі творы апошніх гадоў, але і матэрыялы і вершы з папярэдніх зборнікаў.
У канцы 2014 года з-за вайны разам з сям’ёй выехаў з краіны. Цяпер пражывае ў Беларусі, дзе працаваў карэспандэнтам раённай газеты «Островецкая правда», загадчыкам аддзела культуры і вольнага часу пасёлка Гудагай (аг. Малі), дзяжурным па КПП на заводзе «Радиодеталь». Цяпер працуе інжынерам садова-паркавай гаспадаркі Астравецкай ЖКГ. У 2022 годзе пісьменнік атрымаў беларускае грамадзянства. Зараз кіруе раённым літаратурным аб’яднаннем “Астравецкай зямлі галасы”. Жыве ў вёсцы Філіпаны Астравецкага раёна. Піша на рускай мове.
Аляксандр Іванавіч чытаў вершы са сваіх кніг, з сумам успамінаў свой родны горад, сваіх сяброў, сваіх родных, уключаў песенныя кампазіцыі на свае вершы у выкананні музыкаў “Угол магазина”, “Любимой женщине”, “Одуванчик”, “Симфония лесов”, адказваў на пытанні. Падзяліўся сваімі планамі на бліжэйшы час. Сярод творчых ‒ праца над чарговым зборнікам. У яго ўвойдуць творы, прысвечаныя Беларусі і Астравеччыне, якая стала для пісьменніка другой Радзімай.
Загадчык бібліятэкі А.М.Каржанеўская
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси