25.11.2024 Новости
21 лістапада ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага перад гродзенскімі аматарамі мастацкага слова выступіў госць з Магілёва, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Алесь Казека.
Творчая сустрэча паэта адбылася ў межах ініцыяванага творцамі Магілёўшчыны патрыятычнага літаратурнага марафону «Айчына. Дзяржава. Вера». Ідэйны падмурак праекта – непарушнае адзінства духоўнасці і грамадзянскай свядомасці беларусаў, увасобленае паэтамі ў сакральным вобразе Радзімы і матыве любові да яе.
Слова беларускага паэта з Магілёва прагучала магутным гімнам, набатам і кранальнай споведдзю, не пакінуўшы абыякавым нікога з гродзенскіх аматараў літаратуры рознага ўзросту. На экране быў прадэманстраваны фрагмент драматычнай паэмы Алеся Казекі «Марыйка». Дзея ўсхвалявала, узрушыла ўсіх прысутных без выключэння і была ўспрынятая аўдыторыяй са слязамі на вачах. Пакуль паэзія выклікае ў нас шчырыя пачуцці і непадробныя эмоцыі, трагічныя старонкі гісторыі не паўторацца, падкрэслівае Аляксандр Мікалаевіч Казека. Патрыятычны літаратурны марафон «Айчына. Дзяржава. Вера» прымеркаваны да сёлетняй электаральнай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь.
Сустрэча атрымалася па-сяброўску вельмі цёплай і нязмушанай. Гродзенцы задавалі пытанні госцю. А ён, у сваю чаргу, парадаваў іх нефармальнай гутаркай і дэкламацыяй сваіх лепшых паэтычных твораў розных гадоў на беларускай і рускай мовах. Гучалі песні на вершы Аляксандра Мікалаевіча. Пад занавес сустрэчы гродзенскія калегі адрасавалі госцю свае лірычныя прысвячэнні і нават крытычную рэцэнзію на кнігу Алеся Казекі «Песня роднай зямлі».
Па словах старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Антонаўны Кебіч, гродзенскія літаратары пасябравалі з магілёўскімі калегамі і нават гатовыя далучыцца да патрыятычнага літмарафону «Айчына. Дзяржава. Вера». Сустрэчай са старшынёй пісьменніцкай арганізацыі Магілёўшчыны ў Гродне таксама дадзены старт новаму праекту – цыклу сустрэч з кіраўнікамі абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, які мы прысвячаем 90-годдзю ўтварэння СПБ. Тым больш, што ўласцівыя сапраўдным беларусам гасціннасць, ветлівасць, добрасардэчнасць пацвярджаюць гуманістычныя асновы нашага існавання, а таксама асветніцка-патрыятычны эфект ад сучаснай літаратуры Беларусі і асабістага знаёмства з яе стваральнікамі.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Рэпартаж Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага
Рэпартаж Тэлерадыёкампаніі «Гродна»
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси