24.11.2024 Спачуваем
22 лістапада на 98 годзе пайшоў з жыцця старэйшы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Іванавіч Арцем’еў
Нарадзіўся Віктар Іванавіч 21 сакавіка 1927 года ў Шклоўскім раёне на хутары Чарэйцаў Круг, які месціўся ў кіламетры на ўсход ад вёскі Радзішына. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2008 года. Аўтар больш за 30 кніг і брашур.
У дзяцінстве самым любым заняткам Віктара Арцем’ева было чытанне кніг. Вельмі ўдзячны сваім першым настаўнікам Вользе і Фёдару Лук’янавым (дарэчы, на ўласныя сродкі ў свае 94 гады Віктар Іванавіч устанавіў новы помнік сваёй першай настаўніцы). Менавіта па гэтай прычыне прывабіла бібліятэчнае аддзяленне рэспубліканскага культасветвучылішча імя Н.К.Крупскай у Магілёве. У 1969 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры: загадчыкам Парыцкай раённай бібліятэкі, загадчыкам аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама, інспектарам па бібліятэках упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, метадыстам і загадчыкам метадычнага аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна, выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна.
З канца сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя Віктар Іванавіч разам з Аляксем Васільевічам Пысіным, які на той час узначальваў абласную пісьменніцкую арганізацыю, ладзіў літаратурныя сустрэчы. Гэта паспрыяла знаёмству з выдатнымі пісьменнікамі: Iванам Чыгрынавым, Віктарам Карамазавым, Нілам Гілевічам, Яўгеніяй Янішчыц, Міколам Маляўка і яшчэ з многімі іншымі. Ён слухаў на сваім вяку літаратурныя выступленні Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Броўкі і іншых вядомых пісьменнікаў, а яшчэ меў кароткую гамонку з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Андрэем Вазнясенскім... Некалькі гадоў ліставаўся з Янкам Брылём.
В.І.Арцем’еў з’яўляўся галоўным біёграфам, даследчыкам і прапагандыстам літаратурнай спадчыны выдатнага паэта Аляксея Васільевіча Пысіна, з якім пазнаёміўся ў 1955 годзе. Гэта знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, якое доўжылася чвэрць стагоддзя, да той пары, пакуль А.В.Пысін не пайшоў з жыцця.
Віктар Іванавіч праводзіў вялікую работу па папулярызацыі творчасці Пысіна. Выдаў зборнікі: «Вянок Аляксею Пысіну», «Пысіны: ад прадзеда да праўнукаў», «Урокі Аляксея Пысіна: гісторыі вершаў, нарысы», «Мая пысініяна», «Бібліятэка паэта Аляксея Пысіна». У 2020 г., да 100-годдзя паэта, выдаў галоўную кнігу «Народны душою... ».
Галоўнай кнігай свайго жыцця Віктар Іванавіч лічыў зборнік «Пісьменнікі і кнігі». У ім змешчаны ўспаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзясяткі тэкстаў аўтографаў пра кнігу, уласныя рэцэнзіі на кнігі пісьменнікаў-магіляўчан, нататкі пра літаратурныя сустрэчы. Гэты зборнік – ладны пласт летапісу літаратурнага краязнаўства, культурнай і гістарычнай спадчыны Магілёўшчыны.
Віктар Іванавіч стаяў ля вытокаў стварэння літаратурнага аб’ядання «Ветэран» пры Магілёўскім гарадскім Савеце ветэранаў, доўгі час быў яго актыўным удзельнікам.
Віктар Іванавіч да апошняго моманта свайго жыцця займаў актыўную жыццёвую пазіцыю: ён быў частым госцем у маладзёжных аўдыторыях: у школах, каледжах, універсітэтах, у масавых і школьных бібліятэках горада, рэгулярна праводзіў работу па патрыятычным выхаванні.
Творчыя поспехі і грамадская праца атрымалі высокую адзнаку: ён – Лаўрэат прэміі імя Якуба Усікава Магілёўскага абласного аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1967 г. імя В.І. Арцем’ева занесена ў Кнігу Гонару ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама. Мае нагрудныя знакі «За выдатную працу» Міністэрства культуры СССР і «Ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднння ветэранаў», некалькі юбілейных медалёў і дзесяткі Ганаровых Грамат. Узнагароджаны знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».
Пісьменнікі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі смуткуюць з нагоды смерці Віктара Іванавіча Арцем’ева і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси