05.11.2024 Новости
Пад такой назвай у Мінскім гарадскім тэатры паэзіі , які дзявяты год працуе пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, адбыўся чароговы літаратурна-музычны вечар. Рэжысёрам і сцэнарыстам на гэты раз выступіла паэтэса і педагог Валянціна Драбышэўская. Мастацкі кіраўнік Тэатра ‒ Вольга Багушыньска, дырэктар ‒ старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў. У імпрэзе апрача іх былі задзейнічаны таксама паэтэса і бард Людміла Воранава, педагог і артыстка Ганна Красоўская, а таксама юны артыст Тэатра паэзіі, вучань сталічнай СШ №134 Роберт Багушыньскі. Імпрэза складалася з шасці частак. Першая была прысвечана памяці заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Елісеенкава. Другі блок меў назву “Радзіма” , трэці ‒ “Родная мова”, чацвёрты цалкам быў прысвечаны юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пяты ‒ бацькам, апошні ‒ мірнаму стваральнаму жыццю, каханню.



Прагучалі вершы Дануты Бічэль-Загнетавай, Яўгеніі Янішчыц, Міколы Шабовіча, Міхася Пазнякова, Міколы Чарняўскага, Анатоля Зэкава, Уладзіміра Мазго, Навума Гальпяровіча, Людмілы Воранавай, Валянціны Драбышэўскай, проза Чынгіза Айтматава. А таксама ‒ песні на вершы Міхася Пазнякова, Міколы Шабовіча, Валянціны Драбышэўскай у выкананні аўтара музыкі Алега Елісеенкава (у запісу), аўтарскія песні ў выкананні Людмілы Воранавай і Валянціны Драбышэўскай.

Павел Кузьміч
Фота Васіля Кулікова
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


