23.09.2024 Новости
У суботу маладзечанцы і госці гэтага прыгожага горада сталі ўдзельнікамі святочных абласных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства.
Актыўны ўдзел у іх прынялі і пісьменнікі Міншчыны. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася тэматычная творчая імпрэза членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Настаўнікаў беларускай і рускай моў і прафесійных філолагаў навучальных устаноў горада віншавала шматлікая дэлегацыя.
З прывітальным словам, аповедам аб удзеле ў нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя заходнебеларускіх літаратараў выступіў старшыня аддзялення Леанід Крыванос. Прагучаў яго новы верш “Да Дня народнага адзінства” і іншыя паэтычныя творы.
Пра ўплыў на станаўленне як грамадзяніна і пісьменніка творчасці народнага пісьменніка Беларусі Максіма Танка – аднаго з удзельнікаў вызваленчага руху, расказваў прысутным яго зямляк, паэт Рагнед Малахоўскі. У тым ліку і вершаванымі радкамі.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі і мясцовыя прадстаўнікі пісьменніцкай суполкі. Успамінамі аб жыцці сваіх родных за польскім часам дзялілася з прысутнымі і чытала свае вершы Тамара Бярэзіна. Успамінала аб жыцці сваіх блізкіх у тыя часы, віншавала землякоў са святам паэтэса Лідзія Гардынец. Былы галоўны рэдактар маладзечанскай раённай газеты, вядомы публіцыст Аляксандр Хазянін вёў размову аб разуменні гістарычнага мінулага ў кантэсце сённяшняга дня, дзяліўся ўспамінамі аб сваім творчым і працоўным шляху. Госці сустрэчы з цікаўнасцю слухалі разважанні пра гістарычную ролю ўз’яднання заходнебеларускіх зямель з БССР і патрыятычныя вершы ад кіраўніка абласнога народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца” Ірыны Карнаухавай. На завяршэнні мерапрыемства, пад авацыі, прагучалі аўтарскія песні паэта і барда з Вілейкі Уладзіміра Цануніна.
Прэс-служба МАА СПБ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси