19.09.2024 Новости
17 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна адбыўся творчы вечар паэткі, празаіка, літаратуразнаўцы Вольгі Русілка «Выберы сабе адзін радок», прысвечаны Дню Народнага адзінства і з нагоды юбілейнай даты пісьменніцы.
Нагадаем, Вольга Іванаўна Русілка – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборнікаў паэзіі «Табе» (1996), «Ажына» (2004), «B.I.P» (2009), «Сцежка, сцежачка, сцяжынка» (2013) і 200 навуковых, літаратурна-крытычных, навучальных, метадычных публікацый, манаграфій. Суаўтар падручніка «Беларуская літаратура. 8 клас». Лаўрэат літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама.
Распачала сустрэчу Вольга Іванаўна з віншавання ўсіх прысутных са святам Народнага адзінства, адзначыўшы, што ў аснове нашага адзінства – перш за ўсё, штодзённая праца на карысць Радзімы і традыцыйныя каштоўнасці. Яе жыццё па-сапраўднаму з’яўляецца прыкладам адзінства, яе штодзённая адданая праца, літаратурныя творы, што кранаюць душу чытача, прызначаныя кожнаму з нас, кожнай адзінцы, а з адзінак, на думку Вольгі Іванаўны, і складаецца дзяржава. Не малазначным з’яўляецца адзінства і згода ў сям’і, разам з мужам яны пражылі сорак пяць гадоў.

Гасцям сустрэчы прадаставілася магчымасць успомніць старонкі жыцця і творчасці Вольгі Іванаўны, паглядзець відэафільм з фотаздымкамі з уласнага архіву. Шмат цёплых слоў у адрас юбіляра прагучала ад яе студэнтаў, супрацоўнікаў, калег па пяру і прыхільнікаў яе творчасці.
З былых студэнтаў Вольгі Іванаўны вырасла цэлая плеяда настаўнікаў, чым яна вельмі ганарыцца. Сярод гасцей сустрэчы – Жанна Дадэркіна, першая вучаніца Вольгі Іванаўны, цяпер школьны настаўнік, якая распавяла аб першых уражаннях аб настаўніцы, што вачыма бала падобная на яе маці, і адразу набыла давер і павагу ў пяцікласнікаў. Жанна Віктараўна захоплена падзялілася ўражаннямі аб творчасці таленавітай паэткі і празаіка, працятай уласцівым аўтару тонкім пачуццём гумару, інтэлегентнай іроніі, народнага каларыта.
Высока адгукнуліся аб творчасці Вольгі Русілкі і выказалі ёй сваё прызнанне члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Крыклівец і Мікалай Намеснікаў.
Экскурс па выдадзеных кнігах В.І.Русілкі правяла Рагачова Ларыса Іванаўна, загадчыца аддзелам краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна. Каб пазнаёміцца з суаўтарам новага падручніка па беларускай літаратуре для 8 класса на сустрэчу прыйшлі навучэнцы СШ № 28 г.Віцебска.

Уразілі прысутных вершы ў выкананні аўтара, прысвечаныя маці паэткі, яе роднай вёсцы, любімыя творы па шматлікіх водгуках чытачоў – зразумелыя, па беларуску шчырыя. Вольга Іванаўна неўзабаве прызналася, што з большай цікавасцю і лёгкасцю ў яе ладзіцца праца над празаічнымі творамі з лёгкай усмешкай, а вось вершы нараджаюцца цяжка.
Напрыканцы сустрэчы Вольга Іванаўна анансавала выхад сваёй новай кнігі “Котра” і паабяцала зрабіць яе прэзентацыю. Пад гучанне песні на верш Вольгі Русілкі “Залатая восень” кожны прысутнічы спяшаўся зрабіць фотаздымак і падзякаваць за вельмі цікавы і па хатняму цёплы час зносін з пісьменніцай, якая сваімі мастацкімі творамі, літаратурнай і навуковай дзейнасцю ўнесла значны ўклад у літаратуру і культуру роднага краю.
Віцебскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


