13.09.2024 Новости
На вуліцы, што названа ў гонар Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай войны Паўла Сямёнавіча Рыбалкі, зусім нядаўна адбыўся вернісаж пад адкрытым небам. Вокны філіяла бібліятэкі № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага звонку ўпрыгожылі дзіцячыя малюнкі на тэму 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выстаўка не пакінула абыякавымі жыхароў раёна. Натхнёная інтарэсам чытачоў – пастаянных і патэнцыяльных – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкар Таццяна Каленік падрыхтавала новую акцыю – літаратурна-мастацкую выставу “Пісьмо з лета”, мэта якой, прыгадаць забытае пачуццё свята, калі старанна выводзіў індэкс на канверце, падпісваў адрас і ўяўляў, як парадуецца адрасант атрыманай паштоўцы.

Зрабіць паштоўку сваімі рукамі – стварыць калаж, намаляваць штосьці і напісаць ліст у празаічнай або паэтычнай формах – запрасілі ўсіх жадаючых. Да таго ж, 2 жніўня ва ўсім свеце адзначылі Дзень нараджэння паштовай скрыні, а 19-га – Дзень паштовай маркі. Не за гарамі, 9 кастрычніка, яшчэ адно свята – Сусветны дзень пошты.
Адгукнуліся не толькі наведвальнікі бібліятэкі і супрацоўнікі мясцовага паштовага аддзялення. Лісты і бандэролі прыляцелі з розных куточкаў нашай краіны. Нават пасылкі даставілі: духмяныя яблыкі з Нарачы, бурштынавы мядок з самага сэрца Палесся. Пра што пісалі мастакі, аматары паэзіі, вядомыя беларускія літаратары? Пра яркае ўражанне летняга дня, пра хараство прыроды, падзяку за ўсмешку сябра, пра цікавую сустрэчу, якая адбылася. Цудоўна выглядалі паштоўкі, створаныя маленькімі чытачамі разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Цэлы цягнік летніх уражанняў (малюнкі) даслалі хлопчыкі і дзяўчынкі 189 школы г. Мінска.

Радавала выстава наведвальнікаў бібліятэкі ўвесь апошні месяц лета, а завяршылася вернісажам пад адкрытым небам 04.09.2024. Прыемна, што чытачы пазнавалі творы тых аўтараў, з якімі пазнаёміліся на літаратурных імпрэзах. Сярод іх – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Бунта, Галіна Нупрэйчык (Плакса), Таццяна Цвірка. Зачытваліся вершамі экс-старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Святланы Быкавай і абразкамі паэтэсы, якая зусім нядаўна папоўніла шэрагі пісьменнікаў-прафесіяналаў, Ірыны Фаміной. Іх кнігі адразу ж запрасілі, а аўтараў чакаюць у госці.
Па шматлікіх просьбах выстава, якая так кранула сэрцы, абудзіла добрыя ўспаміны, працягвае сваю работу да канца верасня. Бібліятэка чакае вашы лісты.

Вольга Паўлючэнка
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


