“Я да цябе прапісаны, мой край!” Творчая імпрэза паэта Міколы ШАБОВІЧА


“Я да цябе прапісаны, мой край!” Творчая імпрэза паэта Міколы ШАБОВІЧА

08.12.2017                             Новости 


30 лістапада ў філіяле бібліятэкі №1 імя Л.М. Талстога адбылася творчая імпрэза беларускага паэта, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка Міколы ШАБОВІЧА. Яна мела назву “Я да цябе прапісаны, мой край”. На мерапрыемстве прысутнічалі сябры, калегі і вучні паэта.

Шчырым і харызматычным вядучым на сустрэчы быў сябра паэта, яго вучань, цяпер – рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Дзмітрый Пятровіч. У суаўтарстве з Міколам Шабовічам у іх нарадзіліся цікавыя песні, якія ў творчым асяроддзі сталі своеасаблівымі шлягерамі. А Дзмітрый Пятровіч іх прыгожа выконвае пад акампанемент гітары і фартэпіяна.

“Песенна” падтрымалі свайго сябра і іншыя кампазітары, якія стварылі музыку на вершы М.Шабовіча. Гэта Анатоль Міхальчэнкаў, Андрэй Зыгмантовіч і Алег Малашчыцкі. Названыя творцы “па сумяшчальніцтве” і выканаўцы, і таму на імпрэзе яны шмат спявалі, падарылі прэм’еры, якія сталі для віноўніка ўрачыстаці пэўнай нечаканасцю.

Дарэчы,на вершы Міколы Шабовіча напісана больш за 180 песень, якія гучалі на міжнародных і нацыянальных фестывалях. Іх выконвалі Ірына Дарафеева, Алеся Гайдук, Алег Цівуноў, Дзмітрый Мінько і інш. З кампазіцыяй “Я чакаю цябе” (музыка Алены Атрашкевіч) спявачка Таццяна Валахановіч перамагла ў конкурсе маладых выканаўцаў на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2015”. На песню “Пад небам Радзімы” (музыка Дзмітрыя Пятровіча) звярнуў увагу хор імя Цітовіча, і яе прэм’ера адбылася  сёлета на юбілейным Дні беларускага пісьменства ў Полацку. Запіс песні ў выкананні легендарнага хору пачулі ўдзельнікі і госці імпрэзы.

Як вядома, вельмі няпроста заслужыць любоў і прызнанне сваіх вучняў і калег. У Міколы Віктаравіча гэта атрымліваецца выдатна. Так, на імпрэзе сярод іншых прысутнічалі і студэнты 12-й групы філалагічнага факультэта, куратарам якой з’яўляецца Мікола Віктаравіч. У якасці падарунка прагучала песня ў выкананні студэнткі Лізаветы Сахоўскай. Эстафету падхапілі маладая выкладчыца БДПУ Вольга Драздова, якая   выканала песню на словы М.Шабовіча “Падары мне сваю адзіноту” (кампазітар Генадзь Кубарка) і выпускніца БНТУ Вольга Юмашава, якая праспявала сваю песню-прысвячэнне любімым паэтам.  

З вершам пра М.В.Шабовіча выступіла выпускніца педуніверсітэта, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Шпакевіч: “Я ведаю Міколу Віктаравіча больш за 40 гадоў, ён заўсёды з усмешкай. Мы разам займаліся ў літаратурна-творчым гуртку “Крыніцы”, друкавалі свае вершы ў насценнай газеце. Словам, сябравалі на паэтычнай ніве”. Віншавальныя словы прамаўлялі пісьменнік Славамір Антановіч, маладая паэтка Наталля Томшына...

Мікола Шабовіч – дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М.Танка, старшыня бюро секцыі сатыры і гумару Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу “Хор болей не спявае”. Ён узнагароджаны медалём СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру”, нагрудным знакам “За ўклад у развіццё БДПУ”, памятным медалём «Паэт і воін Ігар Грыгор'еў (1923—1996)».

Аўтар парадаваў усіх прысутных сваімі пранікнёна-шчырымі вершамі пра родную Мядзельшчыну, а таксама пра каханне. Выдатна прымаліся аўдыторыяй песні “Ненаглядка” і “Пацалункі” ў выкананні Алега Малашчыцкага, “Ідзе Хрыстос” і “Надзя-Надзея-Надзейка” ў выкананні Андрэя Зыгмантовіча, незабыўныя прэм’еры песень ад Анатоля Міхальчэнкава і Дзмітрыя Пятровіча. Шмат незабыўна-яркіх падзей  было ў творчым жыцці паэта Міколы Шабовіча. Ды, спадзяюся, нямала адкрыццяў і перамог яшчэ наперадзе!

Алена БАСІКІРСКАЯ

Фота Васіля КУЛІКОВА