01.07.2024 Новости
Творчая вечарына пісьменніцы прайшла ў фармаце чытацкай канферэнцыі, пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда».
27 чэрвеня ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася прэзентацыя трэцяй па ліку кнігі прозы вядомай беларускай пісьменніцы Людмілы Антонаўны Кебіч. Мерапрыемства аб'яднала аматараў сучаснай айчыннай літаратуры рознага ўзросту. У галоўнай бібліятэцы вобласці сабраліся сябры і калегі пісьменніцы па СПБ, грамадскія актывісты, навукоўцы, работнікі культуры і адукацыі.

Людміла Кебіч падзялілася з аўдыторыяй сваімі адчуваннямі празаічнага этапу творчасці, тэзісна ахарактарызавала кнігу «Неба ў дыяментах». З разгорнутымі водгукамі на новы зборнік прозы выступілі эксперты ад чытацкай супольнасці: кандыдат філалагічных навук, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, член СПБ Святлана Тарасава; доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца, прафесар Таццяна Аўтуховіч і член СПБ, паэт, публіцыст, літаратурны крытык Дзмітрый Радзівончык. Былі падкрэслены сацыяльная значнасць прозы Людмілы Кебіч, яе народны пафас і выхаваўча-патрыятычны патэнцыял.

Прэзентацыю новага зборніка прозы Людмілы Кебіч «Неба ў дыяментах» можна назваць літаратурна-музычным мерапрыемствам, таму што ў яго праграме прагучала шмат музыкі і песень. Адну з іх (на словы Людмілы Кебіч) выканала гродзенскі кампазітар Ірына Траццяк. Некалькі інструментальных нумароў падарыла музычны педагог, акардыяніст Марына Лаўрык. Са словамі шчырых сяброўскіх віншаванняў да Людмілы Антонаўны звярнуліся госці: паэтэса з Ліды Людміла Краснадубская і пісьменнік з Мінска Васіль Шырко. Свята мастацкага слова адбылося пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда», – усе жадаючыя маглі набыць кнігу з аўтарскім аўтографам. За актыўнае супрацоўніцтва з выдавецтвам Людміла Кебіч атрымала ганаровую грамату ўстановы. Дзмітрый Радзівончык адзначаны за актыўнае супрацоўніцтва з газетай «Літаратура і мастацтва».

Важкае назіранне: прэзентацыі кніг Людмілы Кебіч станоўча ўплываюць на развіццё культуры чытацкага водгуку. Адкрыты грамадскі дыялог, шчырая запатрабаванасць сучаснікамі сталі найвялікшым падарункам для пісьменніцы. Новая кніга прозы Людмілы Кебіч «Неба ў дыяментах» заняла дастойнае месца ў кніжнай скарбонцы Айчыны.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Выкарыстаны фота з сайта ГАНБ імя Я. Карскага
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


