
20.05.2024 Новости
МАСТЫ. Першы рэспубліканскі фестываль паэзіі «Масты сугучнасці» 17 мая стартаваў у Мастоўскай раённай бібліятэцы. Творчыя сустрэчы з удзелам літаратараў краіны адбыліся ва ўстановах культуры і адукацыі Мастоўскага раёна (Гродзенская вобласць).
Арганізатары гэтага маштабнага мерапрыемства – Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, сектар культуры Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта, Мастоўская раённая бібліятэка і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Мэты форуму – прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да сучаснай айчыннай літаратуры (у прыватнасці паэзіі), духоўных каштоўнасцей, творчага ладу жыцця.
Адкрылі фестываль ярка і цікава. Мастоўская паэтэса Таццяна Абухоўская сустрэла гасцей аўтарскім паэтычным гімнам фестывалю. Народны ансамбль народнай песні «Ярыца» стварыў асаблівую святочную атмасферу. З урачыстымі пажаданнямі плённай працы і шчаслівага лёсу новай справе выступіла намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Осіпаўна Давыдзік. Шаноўныя госці прынялі ў падарунак ад мастаўчан духмяныя караваі. Прадстаўнік адміністрацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня каардынацыйнага камітэта па падтрымцы літаратуры Анатоль Яўгенавіч Матвіенка агучыў прывітальны ліст старшыні СПБ Алеся Мікалаевіча Карлюкевіча і ўручыў граматы арганізатарам форуму. Адначасова з фестывалем пачала сваю працу выстава-продаж кніжнай прадукцыі Выдавецкага дома «Звязда». Урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю папярэднічала экскурсія на падвесны пешаходны мост праз раку Нёман, які стаў адмысловым сімвалам фестывалю.
Чарговая экскурсія для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю адбылася па Мастоўскай раённай бібліятэцы. Дзяржаўная ўстанова культуры – прадмет гонару ўсёй Гродзеншчыны, таму што з’яўляецца адной з самых сучасных бібліятэк краіны. Тут створаны ўнікальныя ўмовы для развіцця культуры чытання і папулярызацыі мастацкага слова. Частымі гасцямі кніжніцы райцэнтра з'яўляюцца літаратары з Гродна, іх калегі з розных куткоў Беларусі. Тут любяць і шануюць багацце роднай мовы, лічаць яе літаратурна-мастацкія магчымасці эфектыўным сродкам асветы, адухаўлення, фарміравання патрыятычнай свядомасці сучаснага чалавека. Менавіта адпаведнасць свайму часу, здольнасць пераканаўча рэагаваць на глабальныя выклікі разглядаецца адным з элементаў сугучнасці – сакральнага дыялогу мастацтва і чалавека.
Аб шматлікіх выпрабаваннях і іншых актуальных тэндэнцыях у айчыннай літаратуры ішла гутарка на фестывальным круглым стале «Паэзія на ўсе часы: творы і творцы». Геаграфія фестывалю ўражвае. Удзельнікамі яго сталі пісьменнікі не толькі з Гродна, Мінска, Брэста, Гомеля, Магілёва. У праграме форуму паэты-рэгіяналы прадставілі Масты, Скідзель, Асіповічы, Баранавічы, Мядзель, Нясвіж. Аналітычныя літаратуразнаўчыя даклады экспертаў прагучалі і ў анлайн-фармаце. Асноўныя думкі круглага стала можна сцісла сфармуляваць так: сучаснай паэзіі Беларусі трэба больш актыўна наладжваць дыялог з грамадскасцю, рабіць стаўку на моладзь і больш аператыўна рэагаваць на ўсё, што адбываецца ў свеце; без адзінства людзей (творцаў і спажыўцоў мастацтва), без кансалідацыі соцыума прагрэс немагчымы.
Фестывальныя творчыя сустрэчы паэтаў з чытачамі адбыліся адразу на некалькіх лакацыях: у Мастоўскай раённай бібліятэцы; у Мастоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі; у Мастоўскай сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза В. П. Жукава, а таксама ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі; у Гудзевіцкім цэнтры вольнага часу і культуры; у Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы.
Прагучалі творы грамадска-патрыятычнай, ваенна-патрыятычнай, філасофскай лірыкі на беларускай і рускай мовах, традыцыйныя і эксперыментальныя. У тэматычным спектры фестывальнай палітры знайшлі ўвасабленне матыў мірнай, стваральнай працы беларусаў, Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 90-годдзе ўтварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтарамі-універсаламі разам з паэзіяй былі прадстаўлены эсэістыка, гістарычная проза, публіцыстыка, літаратурная крытыка і краязнаўства. На фестывальных пляцоўках адбыліся прэзентацыі кніг, майстар-класы, дыскусіі, рэспубліканская акцыя «Кніга – у падарунак Мастоўскаму краю»; зняты відэафільм пра падзею. Завяршылася фестывальная праграма экскурсіяй па ўнікальным месцы – Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі (заснавальнік А. М. Белакоз, 1928 - 2016). Адным з вынікаў форуму стала сумеснае рашэнне арганізатараў зрабіць фестываль паэзіі «Масты сугучнасці» брэндавым мерапрыемствам раёна і праводзіць тут рэспубліканскі літаратурны форум раз у два гады. Мастоўскі край, дзякуючы яго жыхарам, іх добрасумленнай працы, высокаму прафесіяналізму і пачуццю адказнасці перад будучыняй, зрабіў сур'ёзную заяўку на атрыманне статусу літаратурнай мекі Беларусі. Мастацкае слова адыграла ролю сімвалічнага моста праз раку жыцця, што злучае светапогляды, мастацтва і чалавека, чалавека і яго ўласнае сумленне.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Выкарыстаны фота з сайта Мастоўскай раённай бібліятэкі
Таццяна АБУХОЎСКАЯ
МАСТЫ СУГУЧНАСЦІ
Мастам складаем сёння гімн хвалебны,
Вітаючы цябе, шаноўны госць!
Масты ўсім людзям на Зямлі патрэбны.
Ды шчасце – што яны між намі ёсць.
Масты сяброўства і масты кахання, –
У творчасць мост з ахвотай абірай.
Масты даюць адказы на пытанне,
Як упрыгожыць мілы сэрцу край.
Мы будаваць масты дзяцей навучым,
Ды з пэўнай годнасцю па іх ісці,
Учынкаў добрых слаўнае сугучча
Складаць бацькам на радасць у жыцці.
Каб кожны нёс святло, хто колькі можа.
Тады б мы беды ўсе перамаглі.
Жыццё, сябры, яно гучыць прыгожа
Пад мірным небам, на сваёй зямлі.
Сугучнасць думак, ды сугучнасць фарбаў
Павінна ў кожным сэрцы панаваць,
Ды спадчыны святло цудоўных скарбаў,
Што вельмі-вельмі трэба шанаваць!
Нашчадак добрым вырасце і чулым,
І госця будзе шчыра прывячаць,
Між будучым, сучасным і мінулым
Масты чароўнай песняю гучаць.
Прыгожую сугучнасць падгадаем
З гасцямі, што прыехалі здалля,
Бо разам песню гэтую складаем
Пад назвай «Беларуская зямля»!
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси