Запрасілі ў госці вядомага барда


Запрасілі ў госці вядомага барда

03.05.2024                                                          Новости


Вядомы бард, кампазітар, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Віктар Мяцельскі ў адной са сваіх песень спявае: “Я спяшаюся жыць” і заклікае слухачоў не марнаваць дарэмна час, не губляць ні хвілінкі. Сапраўды, мы будуем планы, цешым надзеі, а час ляціць імкліва  і ўносіць у жыццё свае карэктывы, часта не лепшыя для нас…

 “Спяшайцеся жыць” – гэтую ідэю і надумалі абмеркаваць сяброўкі Клуба творчых жанчын “Спадарыня” на чарговым пасяджэнні, якое прайшло напрыканцы красавіка ў публічнай бібліятэцы № 5 г. Мінска. Зразумела, што ў госці да сябе спадарыні запрасілі Віктара Сямёнавіча Мяцельскага, які з ахвотай прыехаў на мерапрыемства з Пінска. Разам з ім прыехала і спадарожніца яго жыцця Лідзія Пятроўна.

На пасяджэнні Клуба прысутнічаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі вядомы паэт Міхась Пазнякоў.

У Віктара Сямёнавіча – няпросты і дзіўны лёс. Ён нарадзіўся ў Сібіры. Там, сярод багатай сібірскай прыроды, прайшлі першыя гады яго жыцця. Потым сям’я пераехала на Байкал, а крыху пазней – на радзіму бацькі, у Беларусь, у старадаўні Пінск, дзе хлопец скончыў СШ № 13 (сёння гэта гімназія № 3 імя Васіля Каржа). Таму Віктар Мяцельскі лічыць, што ў яго не адна, а некалькі малых радзім. Не дзіва, што разам з уласнай песняй “Славный город Пинск” Віктар Сямёнавіч выканаў для спадарынь і свае “Байкальские вспоминания”. Кранальна праспяваў, быццам праспавядаўся.  

Віктар Мяцельскі спявае і піша песні з 13 гадоў. Як многія хлопцы 1970-х, ён сам навучыўся граць на гітары. Кумірамі ў той час, вядома, былі “Песняры”. Віктар ведаў і добра спяваў многія іх песні. Гітара стала яго спадарожніцай на ўсё жыццё. Дзе б ні жыў Віктар Мяцельскі – паўсюль удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

Скончыўшы школу, Віктар паступіў ва Іркуцкі палітэхнічны інстытут, адтуль, пасля 2-га курса, пайшоў у войска. Пасля службы ў інстытут ужо не вярнуўся. Надумаў стаць скульптарам і паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча № 15 – на спецыяльнасць “скульптура, разьба па камяні”. Сёння многія будынкі Пінска ўпрыгожваюць скульптурныя творы Віктара Мяцельскага.

Жонку сваю Віктар Мяцельскі ведае… больш за паўстагоддзя. Калісьці яго бацькі кватаравалі ў маці маленькай Лідзіі Пятроўны. Дзяўчынцы Лідзе вельмі спадабаўся хлопчык-кватарант. Аднойчы сястра Ліды нават крычала Віцю праз зачыненыя дзверы: “А Лідка цябе кахае!” І ніхто з іх тады не ведаў, не адчуваў, што яны, сапраўды, – лёс адно для аднаго. Аднак праз гады жыццё ўсё ж такі звяло іх разам… І дзіцячыя пачуцці ажылі ўжо з новай сілай. Да таго ж Лідзія зачаравала Віктара не толькі сваёй прывабнай знешнасцю, але і музычным талентам – яна прыгожа грала на акардэоне. Віктар і Лідзія ўзялі шлюб і разам ужо амаль 45 гадоў! Выгадавалі дзвюх дачок, ужо маюць унукаў. Лідзія Пятроўна стала для мужа сапраўднай Музай. Яна – першы прыхільнік і крытык песенных твораў Віктара Сямёнавіча. Гэта ў яе гонар гучалі на пасяджэнні клуба “Спадарыня” песні “Красотка” і “Як зорачка высокая”, напісаная на словы Міхася Пазнякова.          

Амаль чвэрць стагоддзя Віктар Мяцельскі пісаў музыку на свае вершы, пакуль… У 2017 годзе ў Пінску праходзіў міжнародны, беларуска-расійскі фестываль, у якім у складзе журы былі пісьменнікі са сталіцы. І сярод іх – вядомы паэт Анатоль Аўруцін, які паслухаў песні Віктара Сямёнавіча і пахваліў іх. Віктар Мяцельскі ў сваю чаргу паслухаў вершы Аўруціна і напісаў на іх музыку. Песня спадабалася паэту, і ён запрасіў барда ў Мінск, на свой юбілей, які праходзіў у музеі Якуба Коласа. Так адбыўся дэбют Віктара Мяцельскага ў сталічным літаратурным асяродку. Мінскія пісьменнікі былі прыемна ўражаны пінскім выканаўцам. Міхась Пазнякоў і Мікола Шабовіч прапанавалі кампазітару з Палесся свае паэтычныя творы. Нарадзіліся новыя песні… З гэтага і пачалося цеснае супрацоўніцтва Віктара Сямёнавіча з Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Сёння Віктар Мяцельскі шырока вядомы выканаўца не толькі ў Пінску, але і ў сталіцы. У яго творчым багажы – больш за 100 песень, многія з якіх напісаны на словы паэтак, сябровак Клуба творчых жанчын “Спадарыня”. У той вечар у сценах сталічнай бібліятэкі № 5 прагучалі некаторыя з іх: “Край мой, Палессе” – на словы Вольгі Шпакевіч, “Маме” – на словы Валянціны Паліканінай, “Посвящается учителям” – на словы Валянціны Драбышэўскай, “Вот и лето откуражилось”– на словы Жанны Мілановіч, “Воробушек” – на словы Лізаветы Палеес, “Белый танец” – на словы Вольгі Любашынай, “Нам военная форма к лицу» – на словы Тамары Залескай, “Вихри” – на словы Аліны Легастаевай…

Сяброўкі Клуба творчых жанчын “Спадарыня” слухалі лірычныя песні, якія выконваў іх госць з Пінска. Віктар Мяцельскі, а потым прыгадвалі жыццёвыя гісторыі, чыталі свае творы, у якіх гучала асноўная думка сустрэчы: “Спяшайцеся жыць!.. Спяшайцеся пісаць прыгожыя вершы, ствараць цудоўную музыку, любіць дзяцей і адно аднаго – спяшайцеся рабіць людзям дабро!”  

Тамара БУНТА, старшыня клуба творчых жанчын “Спадарыня”.

Фота Васіля Кулікова.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси