Пісьменнікі Гродзеншчыны правялі суботнік на могілках


Пісьменнікі Гродзеншчыны правялі суботнік на могілках

21.04.2024                                                          Новости


Вынікам іх сумеснай працы з бібліятэкарамі стала добраўпарадкаванне магіл сусветна вядомай гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, вядомага заходнебеларускага паэта Міхася Васілька, магілы маці Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны, іншых месцаў захавання вечнай памяці.

 

Гродзенскі некропаль па вуліцы Антонава афіцыйна прызнаны найстарэйшымі грамадскімі могілкамі ў Беларусі. На ім захаваліся аўтэнтычныя пахаванні XVIII-XIX стагоддзяў. Гэтыя магілы ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Да такога гістарычнага аб’екта належыць магіла сусветна вядомай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Імя пані Элізы вядома і дорага кожнаму жыхару горада Гродна (незалежна ад нацыянальнасці). Вобраз пісьменніцы, яе жыццёвы шлях спалучаюць ідэі служэння мастацтву і грамадскай дабрачыннасці. Пакланіцца праху славутай гродзенкі (спачывае побач з мужам) прыходзяць шматлікія прыхільнікі яе творчасці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і проста турысты, – месца ўключана ў многія турыстычныя марштруты. У рамках сёлетняга рэспубліканскага суботніка навесці парадак на гэтым святым месцы прыйшлі гродзенскія бібліятэкары і літаратары (на фота).

 

 

Таксама ў рамках рэспубліканскага суботніка група гродзенскіх літаратараў (у яе ўвайшлі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і гарадскога літаратурнага аб'яднання «Надзея») ажыццявіла ўпарадкаванне месца пахавання маці самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны і магілы вядомага заходнебеларускага паэта Міхася Васілька (на здымках).

 

 

За дапамогу ў арганізацыі работ выказваем падзяку адміністрацыі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага (дырэктар Марына Эдвардаўна Ігнатовіч).

 

***

 

А члены Слонімскага раённага літаратурнага аб'яднання імя Анатоля Іверса (кіраўнік член СПБ Ірына Войтка), якое дзейнічае на базе рэдакцыі газеты «Слонімскі веснік», у рамках рэспубліканскага суботніка прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні магілы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, воіна-інтэрнацыяналіста, слонімскага паэта, празаіка, аўтара кніг пра афганскую вайну, былога кіраўніка раённага літаб'яднання Івана Лук'янавіча Сяргейчыка (на здымку).

 

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси