09.04.2024 Новости
Адбыўся першы этап міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю “Русь і Белая Русь ‒ адзіныя”, прымеркаванага да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Ён быў арганізаваны пісьменнікамі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ і Ліпецкай вобласці (Расія). У ім прынялі ўдзел літаратары і артысты Беларусі і Расіі. Старшынёю аргкамітэта фестывалю выступіў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня таварыства дружбы “Беларусь ‒ Расія”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. Першы этап фестывалю прайшоў у Мінску, Асіповічах і Нясвіжы, дзе кіраўнікамі праектаў і каардынатарамі выступілі пісьменніца Тамара Кавальчук і Асіповіцкі райвыканкам, пісьменніца Зоя Кулік і Нясвіжскі райвыканкам. Дэлегацыю з расійскага боку ўзначальвалі кіраўнік праекта, пісьменнік, старшыня ГА СП “Воинское содружество” Валянцін Баюканскі і каардынатар праекта ў Ліпецкай вобласці, прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Со-общество” Галіна Кіслова.

4 красавіка дэлегацыя Ліпецкай вобласці ў складзе 21 чалавека прыбыла ў Мінск. 5 красавіка госці азнаёміліся з экспазіцыямі Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Затым у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло ўрачыстае адкрыццё фестывалю і адбыўся вялікі канцэрт з удзелам гасцей і гаспадароў. Перад шматлікай аўдыторыяй выступілі мінскія і ліпецкія пісьменнікі Міхась Пазнякоў, Валянціна Паліканіна, Валерый Максімовіч, Ліліяна Анцух, Тамара Кавальчук (г. Мінск), Валянцін Баюканскі, Павел Кузаўлеў, Вольга Смірнова, Аляксандр Калеснік (Ліпецкая вобласць), а таксама Ларыса Антонава (г. Баранавічы). Горача віталі слухачы выступленні ансамбля народнай музыкі і песні “Менскі гармонік”, старшага выкладчыка БДУКІ, спевака Аляксандра Валодчанку, заслужаную артыстку Расійскай Федэрацыі Таццяну Ігнацьеву, лаўрэата міжнародных конкурсаў, заслужанага артыста Расіі Вячаслава Мельніка, ансамбль казацкай песні “Берега”.

Артысты Мінскага гарадскога тэатра паэзіі (мастацкі кіраўнік ‒ Вольга Багушыньска) паказалі ўрывак спектакля паводле твора рускага пісьменніка Ігара Грыгор’ева “Чорныя дні” ‒ аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны (аўтар сцэнарыя ‒ пісьменніца Наталля Саветная, рэжысёр ‒ Ганна Красоўская).
6 красавіка ўдзелнікаў фестывалю гасцінна сустракалі ў Асіповічах. Да літаратараў і артыстаў з Ліпецкай вобласці тут далучыліся мясцовыя літаратары і самадзейныя мастацкія калектывы. Госці мелі магчымасць пазнаёміцца з культурным жыццём горада, убачыць гістарычныя артэфакты, прайсці дарогамі славы Асіповіцкага раёна.

7 красавіка фестываль прадоўжыўся ў слынным культурным цэнтры ‒ г. Нясвіжы. Тут да ўдзельнікаў фестывалю далучыліся мясцовыя, мінскія і гродзенскія пісьменнікі, а таксама калектывы мастацкай самадзейнасці (кардынатар ‒ пісьменніца Зоя Мікалаеўна Кулік). Госці фестывалю змаглі ўбачыць архітэктурныя шэдэўры ‒ Нясвіжскі замак Радзівілаў і Касцёл Цела Гасподня, прайсці па залах, адчуць дыханне гісторыі.
18, 19, 20 красавіка фестываль “Русь і Белая Русь ‒ адзіныя” завершыцца ў Ліпецкай вобласці.

Варта адзначыць, што гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыяй “Со-общество” г. Ліпецка і пры падтырмцы прэзідэнцкага фонда культурных ініцыятыў Расійскай Федэрацыі.
Павел Кузьміч.
Фота аўтара.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


