01.04.2024 Новости
У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся юбілейны творчы вечар паэта, перакладчыка, публіцыста, намесніка старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Мінавіча Мазго.
Вечар арганізаваны Тэатрам паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ. Адкрыў мерапрыемства дырэктар Тэатра, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнаўца, даўні сябар юбіляра Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, які распавёў пра цікавы, рознапланавы, яркі творчы шлях Уладзіміра Мазго.
Госці вечарыны даведаліся, што юбіляр працаваў карэспандэнтам у шматтыражцы «Інтэграл», загадчыкам рэдакцыі літаратуры для малодшага школьнага ўзросту ў выдавецтве «Юнацтва», вядучым рэдактарам у «Мастацкай літаратуры», намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісах «Вясёлка», «Полымя», «Нёман». З-пад пяра Уладзіміра Мінавіча выйшла сем кніг паэзіі, сямнаццаць кніг для дзяцей. Творы паэта друкаваліся не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, атрымалі высокую ацэнку ў беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў. У розныя гады пра іх пісалі Уладзімір Юрэвіч, Маргарыта Яфімава, Алесь Карлюкевіч, Яўген Гарадніцкі, Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Мікола Чарняўскі, Міхась Кенька, Віктар Гардзей, Казімір Камейша, Пятро Васючэнка, Алесь Бельскі, Ірына Буторына і інш.

Міхаіл Паўлавіч адзначыў шматлікія ўзнагароды юбіляра і ўручыў ганаровую грамату МГА Саюза пісьменнікаў Беларусі. Уладзімір Мазго – лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, літаратурных прэмій імя Васіля Віткі, «Залаты Купідон», імя Янкі Маўра, з’яўляецца выдатнікам друку Беларусі, ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Павіншаваў юбіляра Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэт, празаік, літаратуразнаўца Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі, які, дарэчы, з’яўляецца і творчым настаўнікам Уладзіміра Мазго, бо менавіта Мікола Чарняўскі першым убачыў літаратурныя здольнасці юнага паэта з Зэльвеншчыны, які дасылаў свае вершы ў часопіс «Бярозка». Усе прысутныя былі вельмі ўражаны, калі Мікалай Мікалаевіч зачытаў першыя паэтычныя радкі юбіляра, якія былі надрукаваны на старонках часопіса, бо ў радках гэтых ззялі дыяментамі спраўныя метафары, сакаўныя эпітэты, трапныя параўнанні. Мікола Чарняўскі прызнаўся, што, калі праглядаў дасланыя вершы школьніка Уладзіміра Мазго, нават адразу не паверыў, што ў падлеткавым узросце можна так прыгожа напісаць. Але хуткая сустрэча з юным творцам хутка развеяла ўсе сумневы. Мікалай Мікалаевіч адразу зразумеў: перад ім – сапраўны паэт! І з той першай сустрэчы яны пасябравалі. Мікола Чарняўскі зрабіў шыкоўны падарунак юбіляру – жыццесцвярджальны верш з гумарыстычнай разыначкай.

Музычнай разыначкай стала для ўсіх прысутных выступленне Заслужанага дзеяча мастацтваў, кампазітара, выканаўцы Алега Мікалаевіча Елісеенкава, які адзначыў, што многія вершы Уладзіміра Мазго пакладзены на музыку і сталі папулярнымі песнямі, якія ўвайшлі ў рэпертуар зорак беларускай эстрады і маладых выканаўцаў, гучалі на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску, нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне і інш. Алег Мікалаевіч падзяліўся, што творчае супрацоўніцтва з Уладзімірам Мазго прыносіць радасць і натхняе на новыя творы, і падарыў юбіляру і гасцям вечарыны прыгожыя песні.
Да слоў віншавання далучыліся і землякі Уладзіміра Мінавіча: пісьменніцы Людміла Воранава, Валянціна Драбышэўская і артыстка Тэатра паэзіі Ганна Красоўская, якія прадэкламавалі вершы юбіляра.
…Зазірнеш, як птах,
за небакрай,
Каб душою
занава адчуць:
Адусюль, бадай,
у родны край
Весніх думак
выраі лятуць.
З любоўю расказаў Уладзімір Мазго пра сваю малую радзіму, сям’ю, школьныя і студэнцкія гады, прачытаў цудоўныя вершы-прысвячэнні. Паэт падзяліўся, што ў Зэльве вось ужо чвэрць стагоддзя кожнай вясной праводзіць свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія сакавіны» з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў.
Напрыканцы вечарыны ўсе прысутныя пажадалі Уладзіміру Мінавічу Мазго, паэту, які акрылены вясной, творчага даўгалецця, натхнення, новых твораў і перамог.
Агата Пісар
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


