14.03.2024 Новости
12 сакавіка ў Гродзенскім гуманітарным каледжы адбылося літаратурнае мерапрыемства. Перад навучэнцамі дзяржаўнай установы адукацыі выступілі члены СПБ, паэты Кацярына Каламійцава і Дзмітрый Радзівончык. Паэтычнай сустрэчай з моладдзю абласнога цэнтра ў Прынёманні дадзены старт Дэкадзе рускай кнігі.

Як вядома, творы немалой колькасці беларускіх паэтаў напісаны на рускай мове. Лірыка Кацярыны Каламійцавай і Дзмітрыя Радзівончыка – з іх ліку. Іх паэтычныя зборнікі, выдадзеныя ў розныя гады, разлічаны на чытацкую аўдыторыю, якая разумее і шануе і рускую мову, і рускую паэзію. Таму cустрэча адбылася ў межах ініцыяванай Саюзам пісьменнікаў Беларусі Дэкады рускай кнігі, якая праходзіць у краіне. Руская паэзія Беларусі (яшчэ яе называюць рускамоўнай) за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў стала неад’емнай часткай жыцця нашага шматнацыянальнага грамадства, унікальным культуралагічным феноменам; мае адметныя рэгіянальныя асаблівасці. І гэта магло б стаць (а дзесьці ўжо і з’яўляецца) прадметам сур’ёзных навуковых даследванняў. Гродзенскія літаратары ўпэўнены ў тым, што рэспубліканская Дэкада рускай кнігі паспрыяе пашырэнню маштабаў гэтых даследванняў.

Выступленне нашых калег па пісьменніцкай арганізацыі ў
Гродзенскім гуманітарным каледжы перад навучэнцамі спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» таксама было прысвечана Міжнароднаму дню паэзіі (21 сакавіка). Мерапрыемства складалася з прэзентацыі кніг і прэзентацыі дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, з дэкламацыі аўтарскіх вершаў і гутаркі на тэмы мастацтва слова.

Літаратурныя імпрэзы ў межах Дэкады рускай кнігі на Гродзеншыне працягваюцца.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


