Паэзіі чароўнае святло


Паэзіі чароўнае святло

28.11.2023                                                          Новости


24 лістапада ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло свята паэзіі пад назвай “Паэзіі чароўнае святло”, якое сабрала ўдзельнікаў інтэрнэт-праекта “Паэтычная лаўка” і аматараў паэзіі.

Вядучыя мерапрыемства, Ірына Грэчка і Іван Ляшкевіч, прадставілі кожнага ўдзельніка праекта. Дарэчы, першымі выступілі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі – паэты Галіна Бабарыка і Васіль Казачок. Сціплая і вытанчаная Галіна Сідараўна прачытала свае вершы, падзялілася творчымі планамі. Васіль Андрэевіч Казачок выступіў з прамовай аб сваім творчым шляху і захапленні не толькі паэзіяй, але і жывапісам, маляваннем, ганчарнай справай. Таксама Васіль Казачок адзначыў, што нямала год ён аддаў педагагічнай і выхаваўчай працы. Яскравае выступленне паэта было прасякнута бязмежнай любоўю да роднага краю і да беларускай мовы, становішча якой паэта асабліва хвалюе. Тэмы роднай мовы і роднага краю праходзяць праз усю творчасць паэта.

Свята паэзіі па выніках інтэрнэт-праекта “Паэтычная лаўка” не абышлося без даніны памяці тым, чыя творчасць вучыла, натхняла, была і застаецца прыкладам многім пакаленням – Народным паэтам Беларусі. У інтэлектуальна-паэтычнай хвілінцы ўдзельнікі ўзгадалі восем народных паэтаў Беларусі – Янку Купалу, Якуба Коласа, Петруся Броўку, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанку, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна. Паэты-землякі паказалі выдатнае веданне творчасці народных паэтаў, паказалі сябе годнымі прадаўжальнікамі іх справы – служэнню свайму народу праз паэтычны талент.

Вядучыя падрыхтавалі для ўдзельнікаў падборку цікавых фактаў пра інтэрнэт-праект і яго ўдзельнікаў. Напрыклад, прысутным было цікава даведацца пра тое, што ў сацыяльных сетках выпускі набралі болей 15 тыс. Праглядаў і атрымалі больш за тысячу лайкаў.

Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу да мерапрыемства выдадзена літаратурна-краязнаўчае выданне пад такой жа назвай – “Паэзіі чароўнае святло”, якое змяшчае вершы паэтаў-удзельнікаў праекта, што прагучалі на “паэтычнай” лаўцы. На спецыяльных старонках паэты пакінулі свае пажаданні, падзякі і прыемныя водгукі, якія сталі сапраўдным падарункам для Столінскай раённай бібліятэкі.

Урачыстым момантам свята стала ўзнагароджванне ўдзельнікаў праекта. Усе атрымалі падзякі за ўдзел у праекце, які прызваны папулярызаваць творчасць паэтаў-землякоў, за адданасць паэзіі і вернасць слову.

Свае музыкальныя віншаванні падчас свята прадставілі ўдзельнікі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” (кіраўнік Пётр Астапчук), якія выканалі песню на верш Ларысы Вырко “Мелодыя зямлі” і ўразілі інструментальным выкананнем музычнага твора.

Паэтычнае свята працягнулася ў жывой гутарцы за кубкам гарбаты, дзе таксама прысутныя адчулі сябе ў коле аднадумцаў, сяброў.

Сустрэча засталася ў памяці ўдзельнікаў праекта, супрацоўнікаў бібліятэкі, гасцей як сапраўднае свята шчырых і ўзнёслых пачуццяў, якія дарыць паэзія, а яе чароўнае святло сапраўды напаўняе душу, робіць яе чысцейшай і дабрэйшай, прымушае задумацца над сабой.


Даведачна: літаратурна-краязнаўчы інтэрнэт-праект “Паэтычная лаўка”, арганізатарам якога выступіў аддзел бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, ладзіўся з сакавіка па лістапад 2023 года. Усяго выйшла 10 выпускаў праекта, у межах якога сваімі творчымі набыткамі падзяліліся 10 аўтараў: Васіль Казачок, Галіна Бабарыка, Ларыса Вырко, Віктар Вабішчэвіч, Марыя Міцкевіч, Святлана Кананчук, Тамара Павядайка, Таццяна Жук, Ніна Цімановіч, Віталь Адамаў. Усе выпускі праекта публікаваліся ў трох сацыяльных сетках “Одноклассники”, “Instagram”, “ВКонтакте” на старонках Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы пад хэштэгамі #паэтычнаялаўка, #поэтическаяскамейка. У межах праекта прагучалі творы на розныя тэмы – гэта вершы, прысвечаныя Беларусі і роднай вёсцы, блізкім і родным людзям, прыродзе роднага краю, разважанням аб сэнсе жыцця і прызначэнні паэзіі.

 

 Па інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы



 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси