
Дзеці ў сваёй большасці вельмі любяць слухаць і чытаць вершы. Асабліва меладычныя, добра рыфмаваныя, напісаныя аўтарам пра тое, што малым ужо вядома, яны весяляць і супакойваюць, такія творы чытаюць на ноч і абавязкова вучаць на памяць, бо яны лёгка запамінаюцца. А тое, што вывучана ў дзяцінстве, застаецца назаўжды – і не важна, колькі вершаў чалавек прачытае потым. Паэтэса Вера Квяткоўская піша менавіта такія вершы: шчырыя, душэўныя, вясёлыя, зразумелыя, з задзірынкай. Вось і новы паэтычны зборнік “Партрэт лета”, які выйшаў у верасні ў выдавецтве “Рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”, творца зноў падаравала самым маленькім.
“Добра, што ёсць у гэтым свеце дабрыня!” – бадай што гэта асноўная думка, якая аб’ядноўвае невялікі зборнік з некалькі дзясяткаў вершаў, і якія, бясспрэчна, знойдуць водгук у маленькіх чытачоў. Гэтаксама, як кранулі і маленькіх унучкаў Веры Фёдараўны, якім пашчасціла першым пачуць новыя творы іх бабулі – таленавітай паэтэсы. І не дзіўна, што гэта так. Бо ў “Партрэце лета” дапытлівыя дзеці абавязкова знойдуць і адказы на хвалючыя пытанні ( “А з чаго складаецца лета?”, “ Ці можна пакаштаваць вясёлку, якая так падобная на слаёны мармелад?”, “Ці можна летам басанож пад дажджом бегаць па лужынах?”…), і многа зразумелых дзятве развіваючых парад, якія вучаць з дабром у сэрцы уваходзіць у дарослае жыццё.
Вера Фёдараўна Квяткоўская нарадзілася на Гомельшчыне ў горадзе Тураве. Вершы пачала пісаць са школьных гадоў. Першая публікацыя адбылася ў 2007 годзе. Аўтар спачатку выпусціла некалькі паэтычных складанак дарослай паэзіі. Але апошнім часам у сваёй творчасці пераключылася толькі на дзяцей. Так, адзін за другім на працягу апошніх гадоў выйшлі яе складанкі вершаў для дзяцей “Свята мыльных бурбалак”, “Праменьчык дабра”, “Сонечная планета”, “Сонейка ў далоньках”. А вось за кнігу для дзяцей “Свята мыльных бурбалак” у 2015 годзе паэтэса была ўганаравана літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага ў намінацыі "Дзіцячая літаратура".
Варта сказаць, што прэм’ера новай кнігі для дзяцей “Партрэт лета” адбылася на галоўнай сцэне 15 Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і на малой радзіме ў Жыткавіцкім раёне, дзе ладзіўся II фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”: выданне было вельмі цёпла сустрэта як юнымі чытачамі, так і іх бацькамі.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ
Фота аўтара
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси