Круглы стол з удзелам пісьменнікаў з 10 краін прайшоў у Бялынічах


Круглы стол з удзелам пісьменнікаў з 10 краін прайшоў у Бялынічах

07.09.2020                                                Публицистика


Мост паміж народамі. Так вобразна назвала Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пісьменніца Рыма Ханінава з Калмыкіі, якая далучылася да міжнароднага круглага стала беларускіх і замежных літаратараў анлайн. 

У Бялынічах сёння вітаюць гасцей XXVII Дня беларускага пісьменства. Міжнародны круглы стол — адно са знакавых яго мерапрыемстваў. Яго тэма пазначана як «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: слова — стваральнае і разбуральнае».

Удзел у сустрэчы прынялі каля 60 пісьменнікаў з 10 краін блізкага і далёкага замежжа. Праз складаныя эпідэміялагічныя ўмовы замежныя пісьменнікі прысутнічалі на круглым стале ў анлайн-фармаце. Сярод іх пастаянныя і надзейныя сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі — чачэнскі пісьменнік, паэт, перакладчык Адам Ахматукаеў; старшыня таварыства «Сябры» (якое аб’ядноўвае беларусаў Кабардзіна-Балкарыі) Павел Сідарук, Баянгалі Алімжанаў з Казахстана і іншыя.

— Дзень беларускага пісьменства — гэта не толькі першая нядзеля верасня. Гэта ўвесь той няспынны працэс, які праходзіў на этапе падрыхтоўкі да сёння, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Падзей вельмі шмат, нягледзячы на сітуацыю з каранавірусам. Анлайн-фармат круглага стала — таксама эфектыўны спосаб стасункаў у такіх умовах. Гэта магчымасць убачыць мерапрыемства з любой кропкі свету. І гэта дапамагло ўмацаваць нашы сувязі, што таксама будзе садзейнічаць будучаму кнігадрукаванню, больш трывалым кантактам у пісьменніцкім асяроддзі. І тэндэнцыі, і статыстыка кажуць пра тое, што друкаванае слова будзе жыць. Цяпло кнігі нічога не заменіць. Праца з замежнымі партнёрамі дапамагае пашыраць наша поле дзейнасці і магчымасці. Наша мэта — зацікавіць грамадства ў чытанні.

Мадэратар міжнароднага круглага стала, дырэктар-галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што анлайн-стасункі пашыраюць межы свята, даюць яму магчымасць ахапіць увесь свет. 

— Віртуальная размова дала нам магчымасць даведацца, чым жыве літаратура замежжа. У сваім жаданні, каб слова было стваральным, мы адзіныя, — падкрэсліў ён.

— Тэма круглага стала вельмі нас хвалюе, — мяркуе першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алена Стэльмах. — Кожны з нас нясе адказнасць за слова, таму што гук — гэта ўжо сэнсавая адзінка, і яна фарміруе грамадскую думку. Павінна быць адказнасць аўтара за тое, што ён піша, за праўдзівасць, адпаведнасць гістарычным рэаліям. 
Удзельнікі казалі пра важнасць захаваць мір. Кожны, хто бярэ на сябе адказнасць нешта напісаць, павінен памятаць, што ўсялякая вайна пачынаецца менавіта з друкаванага слова. 

Таксама ў рабоце круглага стала былі задзейнічаны журналісты, якія бралі ўдзел у адмысловым прэс-туры. Яго арганізаваў Нацыянальны прэс-цэнтр сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама.

Журналіст Аляксей Шляпаў (Цвер).

Журналіст Аляксей Шляпаў (Цвер).

— Да нас далучыліся журналісты з Цверы, — паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтра Аляксей Цыбулька. — У нас вельмі насычаная праграма па падарожжах па Магілёўшчыне. Мы наведалі Буйніцкае поле, музей Канстанціна Сіманава ў Буйніцкім агралесатэхнічным каледжы. Наперадзе яшчэ шмат знакавых месцаў. Аб’екты прывязаны да духоўна-культурных месцаў беларуска-расійскай тэматыкі, у тым ліку літаратурных. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Газета "Звязда"