Паўцарства за ўсмешку


Паўцарства за ўсмешку

11.03.2017                          Публицистика 


Сатыра  і гумар жанр у літаратуры штучны. Каб працаваць у ім, трэба самаму аўтару не толькі валодаць пачуццём гумару, быць назіральным і ўважлівым, але яшчэ і так умела валодаць словам і мовай, каб перадаць свае назіранні, адносіны, мараль чытачу. У Брэсцкім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць такі аўтар. Віктар Рэчыц з Івацэвіч. Вечарына з нагоды 70-годдзя паэта адбылася  ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. 


Віктар Трафімавіч закончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Сорак гадоў  ён аддаў   журналістыцы. Пры рэдакцыі раённай газеты стварыў літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, неаднойчы прымаў удзел у рэспубліканскіх семінарах навуковай і творчай моладдзі, у семінары сатырыкаў і гумарыстаў у Магілёве. Пісьменнік даўно сябруе з часопісам “Вожык”. У 2012 годзе ён – пераможца  літаратурнага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю адзінага джяржаўнага выдання сатыры і гумару.

Віктар Рэчыц – аўтар шасці гумарыстычных кніг, апошняя з каторых «Паўцарства за ўсмех”  выйшла ў 2016г. Вершы, байкі, гумарэскі, эпіграмы ўвайшлі ў кнігу. Аўтар не прыніжае годнасці чалавека, але, у той жа час, ён бязлітасны ў дачыненні да нячыстых на руку людзей. Пры дапамозе мастацкага слова пісьменнік змагаецца з  махлярамі, хапугамі, злодзеямі, аматарамі чужой славы. Сам паэт прызнаецца, што на працягу ўсяго жыцця яго цікавіць сфера чалавечых узаемаадносін з іх непрадказальнасцю, нечаканасцю хадоў і паваротаў.

Павіншаваць юбіляра сабраліся калегі па пяры, бібліятэкары і прыхільнікі яго творчасці. Пісьменнік Аляксандр Ваўковіч падкрэсліў, што Віктар Рэчыц паэт народны, бо сюжэты ўсіх яго твораў узяты менавіта з народнага жыцця. Гэта творца добрага настрою і ласкавай усмешкі. Ён назваў Віктара Трафімавіча паэтам сістэмным, бо ён усё жыццё верны аднаму жанру – сатыры і гумару.

Вядучая сустрэчы, паэтэса Любоў Красеўская, адзначыла, што нягледзячы на свой талент, паэт-гумарыст вельмі сціплы чалавек.

Да віншаванняў таксама далучыліся студэнцкі сябра, вядомы дзіцячы пісьменнік Расціслаў Бензярук, журналіст Георгій Тамашэвіч, пісьменнік-публіцыст Аляксандр Юдзіцкі.

Музычны падарунак для творцы падрыхтавала салістка ўзорнай вакальнай  студыі “Алиса” Алена Дзенісенка (кіраўнік Н.М.Сарокіна) “Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста”, у выкананні якой прагучалі беларускія песні.

Хвалюючым момантам стала ўручэнне таленавітаму творцу медаля “За вялікі ўклад у літаратуру”. Узнагарода, безумоўна, ганаровая и заслужаная.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі 

Фота Ірыны КЛІМОВІЧ