Лепшы падарунак – кніга!


Лепшы падарунак – кніга!

Юбілею Лунінца прысвечаны ілюстраваны альбом «Милая малая родина, вечная наша любовь…».

Гэта прыгожае выданне падрыхтавана ўстановай «Рэдакцыя раённай газеты «Лунінецкія навіны» (Мінск, «Белтаможиздат», 2019) у азнаменаванне 570-годдзя горада, а таксама агульнай даты ў гісторыі раёна і «раёнкі» – 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі ў складзе БССР, з якога пачаліся незалежнасць нашага краю і летазлічэнне газеты.

У кнігу ўключаны 20 нарысаў пра асоб, якія дасягнулі грамадскіх вышынь у нашай краіне і вядомыя нават за межамі Беларусі. У іх ліку – нашы землякі экс-губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар і старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», які называем «АНТ», Марат Маркаў. Большасць матэрыялаў належаць пяру рэдактара газеты Таццяны Вайцяхоўскай. Героі яе нарысаў – ураджэнцы многіх паселішчаў раёна, напрыклад: генерал-маёр у адстаўцы, старшыня Цэнтральнага Савета ДТСААФ Іван Дырман (Бастынь), пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Васіль Маркевіч (Кажан-Гарадок), генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Сяргей Якаўчык (Рэдзігерава); а таксама тыя, хто працуе ў славу Лунінеччыны, напрыклад: ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна, дырэктар Мікашэвіцкага завода «Спецжалезабетон» Васіль Басевіч і экс-сенатар, дырэктар ПУВП «Вікторыя» Таццяна Удавенка.

Рада, што мне ўдалося прадставіць чатырох землякоў. Гэта ўраджэнцы Лунінца епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін (у міру – Віталь Тупека), намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» Леў Коласаў (абодва – жыхары Мінска), генерал-маёр у адстаўцы, кіраўнік спраў Імператарскай Палесцінскай Праваслаўнага Таварыства Георгій Вярэніч (Масква), а таксама ўраджэнец старажытнай вёскі Бастынь, контр-адмірал у адстаўцы, былы намеснік камандуючага Балтыйскага флоту Мікалай Качановіч (Калінінград), дзякуючы якому ўстаноўлены пабрацімскія сувязі з горадам Полесск 39-га рэгіёну Расійскай Федэрацыі.

Фотаальбом стаў галоўным падарункам мясцовай улады айчынным і замежным гасцям святкавання юбілею Лунінца.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

СКАЧАТЬ