Пра кнігі намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію-2018


Пра кнігі намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію-2018

31.08.2018                                  Литературная критика


Рэнесанс дзіцячай літаратуры

Для сённяшняй беларускай дзіцячай літаратуры наступіў па-сапраўднаму шчаслівы час. Перада мной цэлы россып новых кніг, напісаных для нашых маленькіх дапытлівых чытачоў. Кожнае выданне — падзея. Кожная кніга адкрывае нешта новае, яркае, цікавае, неспадзяванае.

Каб зараз былі жывымі класікі нашай дзіцячай літаратуры Янка Маўр, Васіль Вітка, Алесь Пальчэўскі, Сяргей Грахоўскі, упэўнена, яны былі б усцешаны тым, на якім высокім узроўні знаходзіцца айчыннае кнігавыданне для дашкольнікаў і школьнікаў.

 Адразу хачу адзначыць дзве цудоўныя кніжкі вядомага беларускага пісьменніка Анатоля Зэкава «Птушыныя арэлі» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”» 2017) і «Адна сям’я — ад А да Я» (Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2017).

Першая кніга — ідэальная для дзіцячых садкоў і малодшых класаў. Дзякуючы вершу «Беларусы», маленькія чытачы даведаюцца, што ў нашай краіне былі «Будны, Гусоўскі, Скарына, Полацкі, Колас, Купала», кожны з якіх «Гонар Айчыны, / Сіла яе і трываласць».

Верш «Мама-кранаўшчыца» пакажа дзеткам, што нашы жанчыны з непераможнай лёгкасцю могуць не толькі займаць сакратарскія і рэдактарскія пасады, кіраваць фірмамі і прадзюсіраваць тэлеперадачы, але і кіраваць пад’ёмным кранам!

У другім выданні Анатоль Зэкаў у лёгкай дасціпнай манеры вучыць дзетак алфавіту дзякуючы адпаведным вясёлым, запамінальным вершам, кожны з якіх прадстаўляе тую ці іншую літару. Алфавіт вучыцца без аніякага прымусу. Гэта вельмі патрэбная і своечасовая кніга, якая ўспрымаецца дзецьмі цудоўна.

У тым жа 2017 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў адметны вершаваны зборнік старэйшай беларускай дзіцячай пісьменніцы Ніны Галіноўскай «Вясёлая пясочніца». З чым можна параўнаць яе акварэльна-святочны стыль? З музыкай Глебава да балета «Маленькі прынц»! Падманліва простай і такой роднай па сваім гучанні! Многія вершы паэтэсы запамінаюцца адразу ж пасля першага прачытання.

Гомельская пісьменніца Ганна Атрошчанка выпусціла кнігу празаічных казак «Казачны ласунак» (Гомель, 2017). Стыль спадарыні Ганны лёгкі, мова гнуткая, кожная гісторыя мае тую ўласцівую толькі ёй сюжэтную выразнасць, якая надае ўсяму зборніку элемент непаўторнасці. Такія казкі, як «Верасень-мастак», «Зязюлька і сінічка», «Фікус», «Сустрэча», «Лясны ручай», вызначаюцца сапраўднай дабрынёй, гуманізмам, уменнем у звычайным убачыць нечаканае.

Паводле сваёй сузіральнай мудрасці творы спадарыні Ганны стылістычна знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з філасофскімі «Казкамі жыцця» Якуба Коласа, што надае зборніку «Казачны ласунак» дадатковую глыбіню ды інтэлектуальную шматграннасць. Чытаеш і дзівішся — як гэта цяжка, ствараючы такога кшталту творы, надаваць ім знешнюю нязмушанасць, якая не замінае іх сапраўднай мудрасці, паводле свайго праўдзівага зместу! Пісьменніцы гэта ўдалося.

Яшчэ адно цікавае выданне, якое хочацца адзначыць, — «Разламашкі майстра Люфта» Кацярыны Мядзведзевай (Мінск, «Выдавец А.М. Янушкевіч», 2017). Кніга складзена з апавяданняў і аповесцей, адрасаваных як школьнікам, так і дарослым. Адразу кідаецца ў вочы цудоўная беларуская мова. Само спрадвечна беларускае і такое старажытнае слова «разламашкі» цешыць слых любога лінгвіста і стварае сонечны настрой. Кніга Кацярыны Мядзведзевай вызначаецца іроніяй, тонкім гумарам, уласцівым англійскай літаратуры. Засмучае, праўда, тое, што ў адрозненне ад разгледжаных у нашым артыкуле іншых выданняў, гэты зборнік пазбаўлены ілюстрацый. Будзем спадзявацца, што «Разламашкі майстра Люфта» вытрымаюць яшчэ не адно перавыданне і ў наступны раз зборнік аформіць які-небудзь сучасны майстар дзіцячай кніжнай ілюстрацыі, напрыклад, Аксана Аракчэева, чый тонкі гумар, іронія, нечакана-парадаксальная трактоўка персанажаў заўсёды выклікае вялікую цікавасць і папулярнасць у маленькіх чытачоў.

Арыгінальна і творча паказалі сябе ў новых выданнях Генадзь Аўласенка («Колькі колераў у лета?». Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2017), Алег Ждан-Пушкін («Вы еще будете гордиться нами». Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2017), Надзея Дзмітрыева («Сюрприз от сестрички». Гомель, Барк, 2017), Мікола Бусько («У бары жывуць сябры». Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017), Канстанцін Нілаў («Тайны Сиреневого оврага». Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017), Яўген Хвалей («Прынцэса тусоўкі». Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017), Вольга Нікольская («Похищение шедевра, или Новые приключения агентов “КолбаФирЖик”». Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2017), Эльвіра Вашкевіч («Жизнь и приключения Белой жабки». Мінск, «Народная асвета», 2017), Валянціна Шапавалава («Детям о налогах. Сказочные истории в двух частях». Мінск, «Альтиора Форте», 2017), Надзея Ясмінска («Восковой волшебник, или Сказка стучится в дверь». Мінск, «Чатыры чвэрці», 2017).

Пералік гэтых выдатных аўтараў пасяляе ў душы надзею і тое светлае, сонечнае разуменне, што з сучаснай беларускай дзіцячай літаратурай у творчым і мастацкім плане ўсё, як мае быць, што ў нас адбываецца адраджэнне літаратуры для маленькіх чытачоў...

Вольга ПЕРАГУДАВА


Трыумф станоўчага героя

Сёлета ў намінацыі «Драматургія» спаборнічаюць тры кнігі двух пісьменнікаў: выданню п’ес Георгія Марчука «Святло вышыні» («Беларусь», 2017) супрацьстаяць зборнікі Фёдара Палачаніна «Галалёд» («Беларусь», 2017) і «Ці так жывём?» («Народная асвета», 2017). Усе выданні — прэтэндэнты на званне лепшага драматычнага твора на беларускай мове.

Кніга п’ес Георгія Марчука, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі «За духоўнае адраджэнне», складаецца з чатырох гістарычных твораў, тры з якіх («Кракаўскі студэнт», «Лета 1532 года», «Святло вышыні») прысвечаны розным перыядам жыцця беларускага першадрукара Францыска Скарыны, а чацвёрты («Альгерд») распавядае пра славутага князя Вялікага Княства Літоўскага. Вобраз князя з п’есы «Альгерд» не саступае па сваёй моцы Францыску Скарыну — гэта справядлівы ўладар, што высока цэніць чалавечае жыццё, бога, свабоду і мір.

Драма «Кракаўскі студэнт» (напісаная яшчэ ў 1985 годзе) знаёміць чытача с маладосцю першадрукара, пераносіць у часы, калі другі сын Лукі Скарыны быў вядомы землякам пад імем Георгій. Выдатная адукацыя, падарожжы і асветніцкая дзейнасць яшчэ наперадзе: малады Скарына перажывае радасці і пакуты першага нешчаслівага кахання, вагаецца паміж родным Полацкам і навучаннем у Кракаве, але нязменна прагне ведаў і справядлівасці. Дарэчы, матыў пошукаў справядлівасці, а таксама заклік да ўшанавання айчыны, — злучальная нітка, якая праходзіць праз увесь зборнік. Ці можа быць інакш, калі перад намі першадрукар? Як сведчыць словамі аднаго з герояў пісьменнік, «ён — прыклад станоўчага героя, над пошукамі якога б’юцца ўсе мысляры свету», бо «...сцвярджаў, што жыццё чалавека — найвышэйшая каштоўнасць, што ёсць правы чалавека, што кожны індывід павінен выкарыстоўваць свой талент на павелічэнне агульнага шчасця, у якім ёсць вялікая доля асабістага шчасця для кожнага». Скарына застаецца ідэальным героем і калі б’ецца над лацінкай, і калі цалуецца з манашкамі (так, і ў найвялікшага з сыноў беларускай зямлі маглі быць няўдалыя любоўныя прыгоды), і нават калі сядзіць у вязніцы: у п’есе «Лета 1532 года» аўтар звяртае ўвагу на перыяд заключэння Францыска Скарыны ў познанскай турме. Дзеянне развіваецца па класічным сцэнарыі: несправядліва абвінавачанаму галоўнаму герою ў цяжкай сітуацыі дапамагаюць верныя сябры, паклёп раскрываецца (не без дапамогі «вышэйшых сіл» у выглядзе Жыгімонта І), адмоўны герой бяжыць з ганьбай. Відавочнае падзяленне герояў на станоўчых і адмоўных, перамога дабра над злом і трыумф справядлівасці ў фінале робіць твор самым жыццесцвярджальным у зборніку.

Своеасаблівы хэпі-энд чакае і ў п’есе «Святло вышыні», якая адрозніваецца ад іншых твораў зборніка цікавым спалучэннем часу і месца дзеяння: аўтар пераносіць чытача то ў ХVI, то ў ХХІ стагоддзе. Пісьменнік актуалізуе гісторыю Францыска Скарыны праз паралель паміж першадрукаром і галоўным героем твора кінарэжысёрам Платонам Верасам. Платон, які хоча зняць фільм пра жыццё Асветніка, разам са сваімі акцёрамі супрацьстаіць бездухоўнасці і сквапнасці свету. Як Скарына шукаў мецэнатаў для выдання кніг, так і рэжысёр рвецца знайсці спонсараў, а яны адмаўляюцца выдаткоўваць грошы на важны, але «некамерцыйны» праект. Мабыць, таму, што, як засведчыла жонка Францыска Маргарыта, «не навучыліся мы шанаваць сваё, наш люд паспаліты не ганарыцца сваім»... Але пакуль ёсць людзі, гатовыя змагацца за вялікія ідэі, жыве надзея на лепшую будучыню.

 Вобраз Францыска Скарыны з’яўляецца і ў зборніку Фёдара Палачаніна «Ці так жывём?». Напрыклад, прысвечаная яму п’еса «Зорка першай велічыні» надзвычай інфарматыўная: чытач можа даведацца шмат гістарычных фактаў не толькі з жыцця першадрукара, але і з эканамічнай, палітычнай і культурнай сітуацыі таго часу. На жаль, форма, абраная для перадачы гістарычнага матэрыялу, выклікае сумненні: калі ўявіць, што акцёр у вобразе Скарыны як па падручніку пачынае пераказваць брату сваю біяграфію, а ў размове з каханай чытае сапраўную лекцыю па развіцці кнігадрукавання ў Еўропе, то сцэнічнае дзеянне пазбавіцца патрэбнай для паспяховага спектакля натуральнасці.

Здаецца, што, калі ў намінацыі прысутнічаюць адразу дзве кнігі аднаго аўтара (асабліва пры той умове, што ўвесь спіс кандыдатаў на перамогу складаецца з трох зборнікаў), яго шансы значна ўзрастаюць. Але творы Фёдара Палачаніна, вылучаныя на прэмію, адрозніваюцца па сваім практычным прызначэнні: акрамя зборніка п’ес «Ці так жывём?», ён далучае 9 кінасцэнарыяў у кнізе «Галалёд». Пра памылкі маладосці і згрызоты сумлення, паводзіны ў шлюбе, стасункі дзяцей і бацькоў, празмернае ўмяшальніцтва старэйшага пакалення ў жыццё моладзі, стаўленне людзей да рэлігіі і многае іншае распавядаецца ў прапанаваных п’есах.

У кнізе з дыдактычнай назвай «Ці так жывём?» разглядаюцца шматлікія жыццёвыя калізіі. Аўтар праяўляе надзвычайнае вынаходніцтва ў выбары сюжэтаў: дзякуючы яго ідэям, у беларускай прасторы разгортваюцца падзеі, не горшыя за перыпетыі з замежных серыялаў. Недазволенае каханне паміж стрыечнымі братам і сястрой (зразумела, напрыканцы яны высвятляюць, што насамрэч не з’яўляюцца сваякамі), незапланаваная цяжарнасць (аўтар выкрывае негуманнасць абортаў, падкрэслівае неабходнасць захаваць кожнае жыццё), любоўныя трохкутнікі і здрады, усынаўленне дзяцей — вось далёка не поўны пералік падзей. Заўважна, што станоўчым персанажам зрабіць правільны выбар часта дапамагае вера ў Бога, а адмоўныя героі, зразумеўшы няправільнасць папярэдніх рашэнняў, просяць прабачэння не толькі ў тых, каго пакрыўдзілі, але і ў вышэйшых сіл, — так, некаторыя з іх знаходзяць выйсце ў сыходзе ў манастыр, дзе замольваюць грахі.

Зборнік «Галалёд» прадстаўляе як арыгінальныя кінасцэнарыі, так і перакладзеныя на мову кінематографа п’есы Фёдара Палачаніна (напрыклад, меладрамы «Пазычанае шчасце» і «Нявыпраўленая памылка» са зборніка «Ці так жывём?»). Абедзьве кнігі аб’ядноўвае аўтарскае светаадчуванне: на старонках драматычных твораў пісьменнік увасабляе сваё разуменне правільнага і сумленнага жыцця, праз сюжэты выказвае меркаванне наконт важных і надзённых пытанняў.

Асаблівай актуальнасцю ў Год малой радзімы вылучаецца твор «Галалёд», які даў назву ўсяму зборніку. Галоўны герой кінасцэнарыя Максім з’язджае з роднай вёскі ў пошуках лепшага жыцця. Але горад не надта імкнецца спраўдзіць яго мары: спробы знайсці працу застаюцца беспаспяховымі, а грошы ад продажу хаты хутка разыходзяцца. Калі Максім ужо страчвае надзею, ён сустракае новага старшыню калгаса Васіля Пятровіча і даведваецца, што пачалася дзяржаўная праграма па адраджэнні вёскі. Гэта выратавальная саломінка для галоўнага героя і яго сям’і: калгас выдзеліў ім новую хату, прапанаваў пасады па спецыяльнасці і нават забяспечыў іх дачцэ Юлі навучанне ў філіяле музычнай школы, адкрытай у аграгарадку.

Зборнікі «Святло вышыні», «Галалёд», «Ці так жывём?» прасякнуты матывамі пошукаў справядлівасці, любові да Бацькаўшчыны, роднай гісторыі і культуры. На старонках твораў сумленныя людзі з годнасцю праходзяць праз усе выпрабаванні, а адмоўныя персанажы атрымліваюць заслужанае пакаранне. Кнігі, намініраваныя на Нацыянальную літаратурную прэмію, заяўляюць, што добры прыклад будзе актуальны ва ўсе часы.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ 


Лірыка паразумення

Даследаванні літаратуразнаўцаў — сёлетніх намінантаў на Нацыянальную прэмію — зацікавяць розных чытачоў, бо прыкметна адрозніваюцца тэматыкай і метадалогіяй. Да ўвагі журы прапануюцца тры кнігі: «Маляўнічая сіла слова» Зінаіды Драздовай, «Смехъ зъ болестию смешанъ будеть» Івана Штэйнера і «Лірычны поўдзень» Расціслава Бензярука. Пра першыя два выданні газета «ЛіМ» пісала ўжо (Я. Натавец «Калі літаратура асвятляе», No 22 за 2 чэрвеня 2017 г.; А. Лапіцкая «Карысна, смела, інфарматыўна», No 52 за 29 снежня 2017 г.; Ж. Капуста «Смех па-нашаму», No 21 за 18 чэрвеня 2018). Кніга Р. Бензярука пакуль застаецца «на дэсерт».

Зінаіда Драздова — кандыдат філалагічных навук, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі — прапануе шырокі разгляд у параўнальна-тыпалагічным плане моўна-стылёвых праблем майстэрства і мастацкасці сучасных празаікаў, прадстаўнікоў беларускай і рускай літаратур. Даследчыца супастаўляе тэматычна блізкія творы, у якіх узнімаюцца маральныя, этычныя праблемы. Значная ўвага надаецца адметнасці індывідуальнага стылю, нацыянальнаму каларыту мастацкіх твораў. З. Драздова звяртаецца да творчасці вядомых сучасных беларускіх празаікаў: Алены Брава, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Алеся Наварыча. Што тычыцца рускай літаратуры, то тут аўтар аналізуе прозу Канстанціна Паўстоўскага, Валянціна Распуціна, Аляксея Саланіцына, Васіля Бялова.

Кніга «Маляўнічая сіла слова» вучыць глыбей разумець мастацкі твор, вызначаць асаблівасці стылю — і гэта істотна, бо найвялікшае інтэлектуальнае задавальненне ад вобразных, лірычных твораў, напісаных у рамантычнай танальнасці, атрымлівае менавіта дасведчаны чытач.

Доктар філалагічных навук прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Штэйнер упэўнена сцвярджае, што беларуская літаратура не вельмі вясёлая ды смяхотная, а значыць, «самая хрысціянская ў свеце, бо ўяўляецца суцэльным плачам». Аднак і ў айчынным прыгожым пісьменстве даследчык знаходзіць дасціпныя творы, якія дапамагаюць даследаваць прыроду смеху.

Пра падхалімства, ляноцтва, насалоду, самалюбства і іншых служак вялікай багіні Дурасці Іван Штэйнер разважае разам са знакамітымі філосафамі і пісьменнікамі Франсуа Рабле, Эразмам Ратэрдамскім, Вальтэрам, Бернардам Шоу. Нягледзячы на наяўнасць парадыйных, камічных, сатырычных эпізодаў у айчыннай літаратуры, даследчык усё ж прыходзіць да высновы, што герой беларускага прыгожага пісьменства — чалавек надта сур’ёзны, каб блазнаваць ды цешыцца жартамі. «Не магла Дурасць пусціць магутныя карані на нашым балоце. Клімат не той, не тыя людзі, не тыя ідэалы. Ды і зарадзілася яна па зусім іншых законах».

Манаграфія чытаецца вельмі лёгка, і аматары эсэістыкі ды інтэлектуальнай прозы з задавальненнем паразважаюць разам з аўтарам над адметнасцямі не толькі беларускай літаратуры, але і беларускага менталітэту, пакручастага гістарычнага лёсу.

Кніга «Лірычны поўдзень» пісьменніка Расціслава Бензярука належыць да нешматлікіх даследаванняў па літаратурным краязнаўстве другой паловы ХХ ст.

Аўтар запрашае ў родную сэрцу Жабінку, дзе паўстагоддзя дзейнічае аб’яданне творчых людзей пры газеце «Сельская праўда». «Сапраўды, не адным вывазам тарфакрошкі жыве чалавек. Трэба даць яму нешта і для душы», — пастанавіў галоўны рэдактар жабінкаўскай раёнкі ў 1967 годзе — і з таго часу 6—7 разоў на год у газеце з’яўляецца літаратурная старонка.

Літаб’яднанне ў Жабінцы гуртуе людзей вынаходлівых, захопленых і бадзёрых. Таму і кніга Р. Бензярука атрымалася бадзёрай ды пазітыўнай. Калі б шаноўнаму Івану Штэйнеру давялося пагартаць жабінкаўскую раёнку, то ён, напэўна, напісаў бы крыху іншую манаграфію... Бо творы, змешчаныя ў «Лірычным поўдні», яскрава сведчаць, што палешукі вельмі любяць пародыі, эпіграмы, сяброўскія шаржы. Вось і Расціслаў Бензярук пры магчымасці перапыняў свой гістарычны нарыс вясёлымі творамі землякоў-літаратараў.

«Лірычны поўдзень» — гэта найперш расповед пра аб’яднанне творчых людзей «Плынь». Але ёсць тут і інфармацыя пра Альбіна Дзяконскага — першага знанага літаратара, які паходзіць з сучаснага Жабінкаўскага раёна, і звесткі пра літаратурныя сустрэчы ў рэдакцыі раёнкі, і творчыя партрэты мясцовых празаікаў і паэтаў. Чула і зычліва піша Расціслаў Бензярук пра Васіля Гадульку — аднаго з самых вядомых аўтараў «Сельскай праўды». У выданні змешчана багата вершаў, гумарэсак, твораў малых празаічных жанраў, успамінаў пра кур’ёзныя і вясёлыя здарэнні.

Літаратурнае жыццё ў рэгіёнах — тэма надзвычай важная, бо здольнасць мясцовых аўтараў арыгінальна і займальна расказаць пра сучасную літаратуру — гарантыя шырокай (у геаграфічным плане) цікавасці да беларускага мастацтва слова. Асабліва важна паразумецца з моладдзю, бо менавіта з беларускай глыбінкі паходзіць большасць выбітных пісьменнікаў, чые творы займелі безліч удзячных чытачоў, даследчыкаў, перакладчыкаў.

Юлія ШПАКОВА


У пошуках праўдзівага мінулага

Сёлета на атрыманне прэміі ў намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» прэтэндуюць дзевяць твораў рознай праблематыкі, але большасць аўтараў усё ж такі звяртаецца да тэмы беларускага мінулага і сучаснасці.

Кніга Юрыя Татарынава «Старосветская Беларусь» (Мінск, «Смэлток», 2017) — натхняльнае адлюстраванне таго дзівоснага свету, які ўжо развітаўся з намі, — вёскі былых часоў у яе шматграннасці, але без ідэалізацыі. За аповедамі пра мінулае ідуць разважанні пра цяперашняе і будучыню. Структурна «Старосветская Беларусь» ёсць сума падарожніцкіх нататак, фальклору, складзеных падчас вандровак апавяданняў, фрагментаў іншых мастацкіх твораў. Асабліва ў апавяданнях праяўляецца ўплыў Чэхава і Ганчарова, што спрыяе лёгкаму і займальнаму чытанню. Юрый Татарынаў упэўнены, што кнігі па краязнаўстве павінны быць пазбаўлены любой спробы павучаць і гаварыць на мове абсалютнай ісціны. Адзначаецца адна вельмі важная і забытая сярод творцаў рэч: нельга засноўваць кнігу толькі на летапісных сведчаннях, якія маглі стварацца па ідэалагічных устаноўках.

Любоўю да Радзімы напоўнены твор Міхася Шыманскага «На добрай зямлі» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017). Просты працаўнік, незалежна ад таго, якую займае пасаду, — вось той герой, які заслугоўвае ўвагі чытача. Гэта шчыры, месцамі ўсхваляваны, душэўны, філасофскі роздум беларускага журналіста і пісьменніка пра Бацькаўшчыну, пра вясковыя вытокі нашага народа. Матэрыял, які паслужыў асновай твора, — асабісты вопыт Міхаіла Шыманскага, размовы і ўспаміны людзей рознага ўзросту і статусу, вершы і інтэрв’ю. Адчуваецца ўплыў класікаў беларускай літаратуры, асабліва ў апісанні таямнічасці і разнастайнасці беларускага лесу, якому прысвечаны цэлы раздзел. Важкае значэнне ў творчасці Міхася Шыманскага атрымала ранняе знаёмства з паэмай Якуба Коласа «Новая зямля». Аўтару нават пашчасціла сустрэцца з сынам і ўнукам знакамітага дзеда Талаша, што падрабязна адлюстравана ў кнізе.

Кнігу публіцыстыкі і мастацкіх твораў «Падрэзанае крыло» прэзентуе Мікола Давідовіч (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2017). Уся глыбіня жыцця адлюстроўваецца ў прапанаваным творы, асноўныя аспекты якога — дзяцінства, сям’я, вясковае жыццё, узаемасувязь старога і новага, этычныя і маральныя нормы, становішча прыроды, а галоўнае — трагічнасць лёсу беларусаў. Цікавая частка аповеду «Непрыгладжаныя думкі». Гэта роздум аўтара пра сутнасць дзяржавы, магчымасці чалавека ў соцыуме, маральны выбар. Спрабуе аўтар намаляваць і партрэт сучасніка. Удалося яму гэта ці не, вырашаць чытачу.

Анатоль Дзенісейка прапаноўвае сваё «Письмо потомкам. 77 узелков на память» (Іванава, «Ивановская районная типография», 2017). Аўтар не прэтэндуе на адметны маральны пасыл у апавяданні. Яго мэта — перадача сваіх шчырых адчуванняў, рознага тыпу гісторый, досведу ў той ці іншай справе, напрыклад, аб працы народнага суддзі і пракурора раёна. Анатоль Дзенісейка расказвае пра гісторыю свайго роду з сёмага калена, што дае магчымасць прасычаць за тым, як грамадска-палітычныя падзеі адбіваліся на лёсе канкрэтнай сям’і.

Насычана ўспамінамі і цёплымі пачуццямі выданне Зінаіды Дудзюк «Пара высокага сонца» (Брэст, «Альтернатива», 2017), у якім яна распавядае пра сяброўскія кантакты з Уладзімірам Калеснікам, Яўгеніяй Янішчыц, Нінай Мацяш, Валянцінам Грабоўскім і іншымі. Акрамя гэтага, З. Дудзюк знаёміць чытача з тымі людзьмі, якія праславілі Брэсцкі край сваімі дасягненнямі ў розных сферах. З асаблівай цікавасцю чытаюцца змешчаныя ў кнізе лісты. Дарэчы, назву кнізе даў аднайменны верш Валянціна Грабоўскага. З філасофскага пункту гледжання пара высокага сонца — час, калі пісьменнік аддае ўсю сваю жыццёвую энергію і працу творчасці, гэта пік узнёсласці і натхнення. Ён можа трываць доўга, нават на працягу ўсяго жыцця, а можа — толькі кароткае імгненне. Таму аўтар зноў звяртаецца да тых, каго ўжо няма, — з прабачэннем, з жалем, з удзячнасцю.

Аб’ёмнае выданне «Беларусь. “Второй фронт”. Спецформирования органов НКВД (НКГБ) и “СМЕРШ” в тылу врага. Имена, факты, судьбы (1941—1944 гг.)...» прадстаўляе Мікалай Смірноў (Мінск, «Белпринт», 2017). Яно прызначана для даволі сур’ёзнага і абазнанага чытача, якога цікавіць гісторыя нашай краіны не ў агульных словах, а паслядоўна, падрабязна, дэталёва, з каментарыямі і ўспамінамі сучаснікаў. Тэма не новая, але шырыня сабранага матэрыялу і пацверджанасць дакументамі вылучае кнігу сярод іншых, прысвечаных тэме барацьбы на акупаваных тэрыторыях Беларусі ў 1941—1945 гады супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай беспекі СССР і БССР і простага насельніцтва. Мэта аўтара — ушанаванне памяці і геройства тых, хто адстаяў краіну ў тыле ворага, не адмаўляючы негатыўных з’яў, што мелі месца ў той цяжкі час.

Цікавай для аматараў гісторыі і ваеннай справы можа стаць кніга «Шпионские уловки» Анатоля Бярнацкага. (Масква, «Вече», 2017). Займальна і пазнавальна аўтар адкрывае таямніцы тактыкі шпіянажу ад старажытнасці да нашых дзён, разведвальныя аперацыі, распавядае пра выдатных асоб у гэтай дзейнасці, рознага кшталту агентурныя сеткі, крадзеж ваенных сакрэтаў, прамысловы шпіянаж, перадачу сакрэтнай інфармацыі, дэзынфармацыю, барацьбу са шпіянажам і многае іншае.

Аналізу савецкай дзяржавы ў кантэксце сусветнага развіцця прысвечана выданне Уладзіміра Ягорычава «Сдувая пыль с истории...» (Ліда, «Лидская типография», 2017). Аўтар выступае з пазіцыі крытыкі сучасных антынавуковых канцэпцый генезісу і станаўлення СССР, прапаноўваючы свой варыянт бачання гэтага неадназначнага і не зусім доўгага па мерках цывілізацыі перыяду існавання камуністычнага тыпу грамадства. Уладзімір Ягорычаў, перакананы ў сваёй дасведчанасці, звяртаецца да першакрыніц, прапаноўвае адкінуць ілжывую паліткарэктнасць, не саромеецца выказаць меркаванні, дае ўласны варыянт адказаў на пастаўленыя пытанні, часам горача абараняе ці абвінавачвае. Чытача можа спалохаць катэгарычнасць у выказваннях, але няхай ён паглядзіць на многія пытанні чужымі вачыма і паставіць сваю адзнаку.

Выданне празаіка Уладзіміра Тулінава «Октябрь — Великий и «ужасный» (Мінск, «Колорград», 2017) уяўляецца рацыянальнай спробай прааналізаваць уплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на ход гісторыі (калі гэта ўвогуле магчыма). Прытрымліваючыся паслядоўнасці ў аповедзе, грунтоўна падыходзячы да апісання падзей і фактаў, выкарыстоўваючы доказную базу, тлумачачы разнастайныя рэчы лаканічна і ўраўнаважана, аўтар стварае цікавае выданне. Варта адзначыць, што Уладзімір Тулінаў не робіць паспешных і адназначных высноў.

Прага вяртання да былых часоў — гэта тое, што дае надзею на развіццё як літаратуры, так і культуры ўвогуле. Звяртаючыся да сучаснікаў, публіцысты ў сваіх творах прагнуць дашукацца ісціны, дакладнасці, яснасці ў падзеях мінулага, хоць кожны, вядома, бачыць іх па-свойму.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Раскоша быць актуальным

Розныя літаратурныя жанры адлюстроўваюць розныя праявы жыцця. Гэта школьная ісціна. Але ў любыя часы на прозу — асаблівыя спадзяванні: нішто так маштабна і дэталёва не характарызуе эпоху і сучаснікаў, як раман ці аповесць. Сённяшні дзень, калі імкліва і незваротна мяняецца не толькі наваколле (у сэнсе экалагічным, грамадска-палітычным і сацыяльным), але і лад мыслення людзей, светаўспрыманне і формы камунікацыі, дае безліч тэм, сюжэтаў і магчымасцей філасофскага абагульнення. Сучасны пісьменнік не можа дазволіць сабе раскошы быць неабазнаным і абыякавым: выхад у свет чарговай неактуальнай кнігі нагадвае класічную показку пра хлопчыка і ваўка. Такім чынам, што мы маем сёлета ў намінацыі «Лепшы твор прозы»?

Уладзімір Гаўрыловіч пайшоў слядамі Івана Мележа і прапанаваў суайчыннікам раман-трылогію «Палешукі» (КПУП «Калор», Мазыр, 2017). Гісторыя палескай вёскі, паказаная праз падрабязнае апісанне лёсу некалькіх сем’яў ад 1930-х гадоў да сучаснасці, — па сутнасці, гісторыя роднай краіны ў самыя неспрыяльныя часы. Калектывізацыя, раскулачванне, рэпрэсіі, вайна, пасляваенная бязладзіца... І праз усё гэта — вера ў адвечныя каштоўнасці, упартая праца, сям’я, якія ратуюць душу ад скрушлівай безнадзейнасці. Пісьменніку ўдалося аднавіць мясцовы каларыт і на побытава-апісальным, і на моўна-стылёвым узроўнях. Чытач цалкам паглыбляецца ў атмасферу палескай вёсачкі з яе прымхлівым кансерватызмам. Выводзячы сваіх герояў у сучаснасць, У. Гаўрыловіч прапаноўвае нам кантрасты нораваў розных сацыяльна-грамадскіх перыядаў. І калі змест паняццяў «сумленне» і «гонар» не мяняецца, то, на вялікі жаль, мяняецца іх успрыманне ў сэрцах і галовах людзей.

Палескую тэму працягвае Аляксандр Валковіч. Кніга прозы «І тады запытайся ў сваёй самоты» («И тогда спроси свою печаль»; Брэст, «Альтернатива», 2017) уяўляе сабой, па сутнасці, калекцыю трапных аўтарскіх назіранняў. Крыху фальклору, крыху гісторыі, крыху сямейных легенд. Гумар, які заўсёды дае надзею, і самота, якая нязменна спадарожнічае любові, — тое, што вылучае аўтарскі стыль Аляксандра Валковіча. І там, дзе звычайны чалавек пачуе толькі ўрыўкі дыялогу, пісьменнік знойдзе сюжэт для новага твора.

Васіль Шырко ў зборніку аповесцей «Нязваны госць» («Мастацкая літаратура», 2017) закранае розныя тэмы і кантыненты (у аповесці «Lepra» героі выпраўляюцца ў Рэспубліку Гвінею), але чытач зноў атрымае гістарычна-мастацкі экскурс у беларускае мінулае часоў Вялікай Айчыннай вайны. І тут гаворка вядзецца не пра батальныя сцэны ці геройскія ўчынкі, не знойдзе чытач і падрабязных апісанняў партызанскіх аперацый. Падзеі мінулага ўплецены ў жыццё герояў, якія жывуць сёння, як успаміны, сямейная спадчына, падмурак сучаснасці не толькі ў шырокім нацыянальным сэнсе. В. Шырко, прасочваючы водгалас далёкіх дзён у лёсе герояў, нібы нагадвае: кожны твой учынак, кожнае прынятае табой рашэнне мае наступствы — працяг у будучыні, ужо нават і не тваёй, а тваіх нашчадкаў. Мабыць, нікому з нас не хацелася б аказацца нязваным госцем у прышласці ўнукаў і праўнукаў.

Гістарычны раман Славаміра Антановіча «Дыверсант Сталіна» («Диверсант Сталина»; Мінск, «Смэлток», 2017) раскрывае не новыя, але недастаткова вывучаныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: сакрэтныя аперацыі дыверсантаў НКУС у тыле ворага, трагічныя лёсы легендарных разведчыкаў Аляксея Бацяна, Яўгена Беразняка і Мікалая Кузняцова. Падзеі таго часу і сёння атрымліваюць супярэчлівыя, неадназначныя ацэнкі спецыялістаў-навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і звычайных людзей, неабыякавых да пытанняў асэнсавання роднай гісторыі. Мастацкае асэнсаванне не такога ўжо далёкага мінулага, створанае С. Антановічам, дае магчымасць абстрагавацца ад заангажаванасці і паспрабаваць зрабіць свае ўласныя высновы.

Раман прафесара доктара гістарычных навук Мікалая Ільінскага «Шлях у часе» («Путь во времени»; Мінск, «Беларусь», 2017) — плён мастацкага падагульнення прафесійных ведаў аўтара. Гістарычныя факты ў сюжэтнай аздобе прыгод, кахання, здрады, сяброўства, роспачы і змоўніцкіх памкненняў, як вядома, найлепшая аснова гістарычнай прозы. Шлях галоўнага героя Алексы з Грэцыі да роднага Ноўгарада Северскага ўвасоблены М. Ільінскім з такой колькасцю дэталяў і падрабязнасцей, што нават самы недасведчаны чытач атрымае якасную лекцыю па славянскай гісторыі пэўнага перыяду.

Крыху бліжэй да асвятлення беларускай гісторыі зборнік апавяданняў Валерыя Чудава «Наша славутая мінуўшчына» («Наше славное былое»; Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2017). Асноўную ўвагу аўтар звяртае не на падзеі, а на асоб — некалі знакамітых і значных, але з цягам часу забытых на скразняках грамадска-палітычных перамен. Сапраўды, многія імёны будуць адкрыццямі нават для абазнанага чытача. Хто з нас, напрыклад, ведае, што Пётр І і Напалеон вучыліся майстэрству артылерыі па кнізе беларуса Казіміра Семяновіча? І ці многім вядома імя Барона Брамбеуса, якім падпісваў свае фантастычныя творы Восіп Сянкоўскі з-пад Вільні? Даўно вядома, што беларуская зямля надзвычай шчодрая на таленавітых людзей, якія працавалі на карысць самых розных краін. Валерый Чудаў пашырае геаграфічныя і тапанімічныя абсягі ў гэтай галіне гістарычнага краязнаўства.

З далёкай гісторыі ў сучаснасць вяртае нас раман Валерыя Казакова «Цень Гобліна» («Тень гоблина»; «Мастацкая літаратура», 2017). Пісьменнік — тонкі знаўца самых складаных момантаў пэўнага перыяду сучаснай расійскай палітыкі, які да таго ж змог увасобіць свой досвед у мастацкім пераасэнсаванні (калі ўсе імёны несапраўдныя і супадзенні выпадковыя, але прататыпы пазнавальныя). Непрывабная праўда ўнутранага жыцця таго свету, якая для шараговага чалавека трансфармуецца ў лаканічныя паведамленні ў стужцы навін, раскрываецца на старонках насычанага падзеямі і апісаннем інтрыг рамана.

Кніга прозы Ганада Чарказяна «Барвовы захад» («Багровый закат»; «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2017), у якую ўвайшлі тры раманы — «Не памірай раней за смерць», «Барвовы захад», «Горкі пах палыну», — найперш для ўдумлівага чытача, які шукае ў чытанні не адпачынку ад штодзённага клопату, а напружанай разумовай працы. Факталагічнае напаўненне сюжэтаў, грамадска-палітычны і сацыяльны кантэкст будуць зразумелы не ўсім пакаленням чытачоў, маладзейшым спатрэбіцца дадатковая гістарычная даведка. Народная мудрасць і яе трансфармацыя ў мысленні сучаснікаў аўтара — у цэнтры пісьменніцкай увагі.

Антон Параскевіч прапаноўвае даследаваць гісторыю і культуру Беларусі па знакамітых валунах («Валуны родной сторонки»; Мінск, «Колорград», 2017). Аляксандр Атрушкевіч даследуе лабірынты чалавечай псіхікі («Петля Мёбиуса»; Гомель, «Барк», 2017): прадказальнасць учынкаў, адвечнае спадзяванне на ўдачу і абсалютная бездапаможнасць перад ліслівай усмешкай спакусы. А чытанне аповесці ў навелах «Аднакласнікі» Аляксандра Джада («Одноклассники»; Гомель, ОАО «Полеспечать», 2017) з поспехам заменіць прагляд вечаровага тэлесерыяла. Калі ж мець на ўвазе, што творы, намініраваныя на Нацыянальную літаратурную прэмію, павінны адлюстроўваць усе бакі жыцця, то вясёлыя гісторыі Яўгена Калашнікава, сабраныя ў кніжцы «Шчупак таксама хоча жыць» («Щука тоже хочет жить»; Гомель, 2017), акурат прызначаны для своеасаблівай кантраснай разрадкі на фоне глабальных філасофска-гістарычных катэгорый, на якія абапіраюцца ўсе астатнія творы.

Немагчыма не звярнуць увагу на тое, што з 12 прапанаваных празаічных кніг толькі дзве — на беларускай мове. Думаецца, што для Нацыянальнай літаратурнай прэміі такі падыход не павінен быць характэрным. Паколькі асноўны інструмент мастацкай літаратуры — слова, то лагічна меркаваць, што прэмія такога высокага ўзроўню павінна быць прадстаўлена найперш родным словам.

Наталля НАРУТОВІЧ


Адзінота паэта

Сёлета намінацыя «Лепшы дэбют» магла б гучаць як «Лепшы паэтычны дэбют», бо намінанты Нацыянальнай літаратурнай прэміі — тры маладыя паэтэсы.

Да ўвагі журы прадстаўлены зборнік паэзіі Вікторыі Курбекі, якая, акрамя вершаў, піша казкі на беларускай і рускай мовах. Сваё першае самастойнае выданне «Наш мир — это звёзды» (Мінск, «Колорград», 2017) паэтэса прысвяціла тэмам кахання, шчасця і ў сувязі з гэтым — праблемам грамадства. Паэтычная думка сканцэнтравана на асэнсаванні тонкасцей жаночай душы. Таму галоўнай гераіні, увасабленню яе аўтарскага «Я», часам уласцівы паказная абыякавасць, перажыванне болю і здрады, пачуцці непаразумення, адзіноты і недаацэненасці і, разам з тым, вера ў магутнасць кахання, бязмежная адданасць. Паэтэса змагаецца за простае і адначасова незямное, ідэалізаванае шчасце: жадае раздзяліць усё на дваіх, перавярнуць свет дзеля сваёй палавіны, аддаць апошняе. І ўсё ў яе з душэўным надрывам. Увогуле, творы Вікторыі Курбекі характарызуюцца ідэйнай канкрэтнасцю: шматсэнсоўнасці і расплывістасці ў зборніку няма. Іншая справа, ці даспадобы будуць гэтыя ідэі і іх увасабленне чытачу.

Кніга вершаў і перакладаў Юліі Алейчанкі «Пад чароўным шкельцам» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2017) суправаджаецца прадмовай Алеся Карлюкевіча, дзе адзначаецца, што паэтэса «знаходзіцца ў дарозе якраз да вялікай паэзіі». Ніхто не ведае, які кірунак прыме творчасць паэтэсы ў далейшым, але зараз ён характарызуецца разнастайнасцю і часам рознапалярнасцю пачуццяў, інтымнасцю і філасафічнасцю, насычанасцю сімваламі і іншасказаннямі. Першазначнасць у паэзіі Юліі Алейчанкі мае каханне, якое суправаджаецца сімваламі маладога, неабдымнага, чыстага, амаль казачнага шчасця:

Давай сустрэнемся ў Сонечным горадзе,

Дзе ўсе пацалункі на целе не змесцяцца,

Збяжым па гулкай параднай лесвіцы

У сад, дзе-птушкі-сірыны водзяцца.

Ёсць і трывожныя ноткі ў тэкстах Юліі Алейчанкі: вобразы чорнай ночы, атруты і зелля, гругана, што б’ецца ў шыбу, бадзяжных душ ідуць поплеч з лірычнай гераіняй, якая, бывае, знаходзіцца ў палоне самоты, смутку і страху, спрабуе ператварыць сваё сэрца ў камень, звяртаецца да каханага з недаверам, амаль заўсёды адчуваючы ненадзейнасць, небяспеку, скруху. У зборнік уключаны пераклады вершаў іншых паэтаў з розных краін: Эквадора, Непала, Удмуртыі, Туркменістана і Кітая. У кожны з іх аўтар укладвае часцінку сваёй душы.

Настасся Каротчыкава дэбютуе з выданнем «До мінор» (Мінск, «Колорград», 2017), якое прываблівае сваёй філасафічнасцю і сур’ёзнасцю. У слове ад аўтара паэтэса заўважае, што вершы і музыка заключаюць у сабе шмат судакранання, бо ў кожнага з іх ёсць свая мелодыя. І нягледзячы на тое, што паэтэсе няма нават 22 гадоў, яна стварыла паэтычны зборнік аднароднага настрою, сугучны з трывожнай і крыху трагічнай мелодыяй «до мінор». Ён напоўнены адчуваннем хуткаплыннасці часу, і, здаецца, аўтар ужо адчувае сябе пасталелай не па гадах — шмат твораў прысвечаны пройдзенасці жыццёвай дарогі. Прыкмячаючы ўсю супярэчлівасць свету і пастаянна знаходзячыся ў пошуках, паэтэса прымярае на сябе некалькі роляў, некаторыя вершы нават напісаны ад мужчынскага імя. Падсумоўванне адбываецца вершам даволі самакрытычным:

 И разве назовёшь стихами

Души моей чернильный след?

Моё из мыслей оригами?

Из строчек искренний букет?

Мой рок, измеренный листами?

Нет. Я не поэт. Нет...

Храналагічна і структурна гэта апошні твор зборніка. Ён дае чытачу нагоду для разважання, ці будзе Настасся Каротчыкава працягваць творчыя пошукі. У вершах адчуваецца ўплыў рускіх паэтаў на кампазіцыйным і ідэйным узроўнях. Супрацьпастаўленне сябе натоўпу, тэма чужога чалавека ўласціва творчасці Настассі Каротчыкавай у поўнай ступені. Усё ж такі існуе ўнутраны канфлікт гераіні, які наўрад ці дасць скончыцца плённай творчасці. Галоўны герой у аповедзе Настассі Каротчыкавай — час, які бяжыць, імкнецца, дадае вопыту, але адбірае шмат дарагога. Менавіта ён і пакажа, чым будуць цікавы асоба паэтэсы і яе творы.

Пры асэнсаванні вершаў любога паэта галоўнай мэтай з’яўляецца перадача тых вобразаў, пачуццяў, што ўзнікаюць пры чытанні і пасля яго. Бясспрэчна, гэта цалкам суб’ектыўная рэч, з якой можна і не пагадзіцца. Але нават суб’ектыўнасць чытачоў так ці інакш надае значнасці і ўвагі творам пачаткоўцаў.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Не прыручай сваю тугу!..

Апошні год быў надзвычай плённым для айчынных творцаў: калі летась на атрыманне Нацыянальнай прэміі ў галіне паэзіі прэтэндавалі ўсяго 4 зборнікі вершаў, то сёлета ўжо 10. Прычым 7 з іх на беларускай мове і 3 — на рускай. Выданні адрозніваюцца па шырыні тэматыкі і ахопе праблем (напрыклад, калі творы Уладзіміра Рунцэвіча «Пасля сябе пакіну дабрыню»: Мінск, Кнігазбор, 2017 — амаль усе пра каханне, у Надзеі Парчук «Святло няскоранай душы»: Брэст, Альтэрнатыва, 2017 — выключна хрысціянскія матывы, то для Міколы Мятліцкага «Прысутнасць»: Мінск, Мастацкая літаратура, 2017 — няма тэмы, якая б засталася неасветленай, некранутай яго паэтычным пэндзлем). Аб’ём кніг таксама розны: некаторыя з іх уключаюць каля 100 ці крыху больш старонак (Святлана Быкава «Обретение свободы»: Мінск, Колорград, 2017), іншыя ж — каля паўтысячы (Міхась Башлакоў «Далеч вячэрняя»: Мінск, Народная асвета, 2017). Геаграфія прадстаўленых выданняў самая разнастайная: кнігі пабачылі свет і ў Мінску, і ў абласных цэнтрах. Адна з іх і ў раённым (Аляксандр Атрушкевіч «Перо кукушки»: Мазыр, КПУП Колар, 2017).

Зазначым, што 4 паэтычныя зборнікі ўжо былі аб’ектамі крытычных артыкулаў і водгукаў, змешчаных у штотыднёвіку на працягу 2017—2018 гадоў. У нататцы «500 старонак выбранага» («ЛіМ», No 12 за 24 сакавіка 2017) Наста Грышчук прааналізавала творы Міхася Башлакова, дзе характарызуе паэта як выдатнага пейзажыста, песняра прыроды. Небанальнымі яго вершы робіць недамоўленасць, стан героя, які не выказваецца наўпрост, а рэтранслюецца праз інтанацыю верша. Што тычыцца кнігі, то чытаць яе няпроста — аб’ём вялікі. У кнігу таксама ўвайшлі 4 паэмы і араторыя «Шлях». У анатацыі пазначана: «Ва ўсіх творах, у якіх аўтар узнімае вострыя і балючыя праблемы нашай рэчаіснасці: лёс Айчыны, народа, роднай мовы... жыве душа народа. Менавіта пранікнёным лірызмам, эмацыянальнасцю, шчырасцю, задушэўнасцю якраз і вылучаецца паэзія Міхася Башлакова». Застаецца толькі пажадаць чытачу набрацца цярпення і дачытаць важкі том да канца, каб атрымаць ад вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2008) сапраўднае эстэтычнае задавальненне.

Арыгінальная вобразнасць характэрная для зборніка паэзіі Казіміра Камейшы «Высокі бераг» (Мінск, Каўчэг, 2017). Боль за вёску, філасофскі роздум, пераасэнсаванне пройдзенага шляху — асноўныя матывы творчасці паэта апошніх гадоў. Мікола Маляўка ў водгуку «На баку любові і памяці» («ЛіМ», No21 за 2 чэрвеня 2018) адзначае, што аўтар «не рэтушуе жыццё, а паказвае, як змянілася яно ў новым веку, асабліва ў глыбінцы... І не паказвае абстрактна, а на лёсе роднай вёскі Малыя Навікі... На лёсе землякоў. І на сваім лёсе таксама. Кніжка яшчэ і тым цікавая, што ў ёй яскрава прасочваецца лёс аднаго чалавека, паэта — у лёсе малой радзімы, у лёсе цэлай краіны...»

Галоўная праблема, якую вырашае ў творчасці Святлана Быкава, — унутранае разняволенне, дасягненне свабоды і смеласці быць сабой, ісці ўнутр сябе і рабіць адкрыцці ў спазнанні сябе, раскрывацца і рэалізоўваць сваю глыбінную сутнасць у складаным і поўным супярэчнасцей жыцці. З юнацкай дапытлівасцю паэтэса даследуе свой унутраны свет і робіць нечаканыя высновы, заўважае ў навакольным свеце новае і яркае ў даўно знаёмым, звыклым. Яе свядомасць нібы абнаўляецца і набывае пры гэтым большую адчувальнасць, вастрэйшы зрок і слых. У рэцэнзіі Таццяны Мацюхінай («Крыніцамі любові і хараства», «ЛіМ», No 20 за 25 мая) адзначаецца: «Пейзажным і філасофскім вершам С. Быкавай уласцівыя лаканізм, дэталёвасць і канкрэтнасць пры абмалёўцы мастацкіх вобразаў. Творчасць яе набывае прыкметы духоўнай лірыкі (традыцыйнасць, сакральнасць). Паэтэса звяртаецца да тэмы Майстра і яго дасканалага тварэння... Найвышэйшую форму дасканаласці з’яў прыроды бачыць у гарманічнай суладнасці простай і геніяльнай светабудовы, дзе няма зла, недахопаў і негатыву».

Назва кнігі Міколы Шабовіча «Маладыя мроі маладога лета» (Мінск, Мінкапрынт, 2017) адразу настройвае чытача на жартоўны, несур’ёзны лад. Спрыяе гэтаму і звыклае амплуа паэта як дасціпнага парадыста і апявальніка жаночай прыгажосці. Тым не менш большасць вершаў у зборніку — глыбока філасофскія. Лірычны герой падсумоўвае свае набыткі, са смуткам і настальгіяй азіраючыся на пройдзены шлях, пераасэнсоўвае зробленае і перажытае, шкадуючы аб сваёй непаўторнай вясне. Але, раіць ён, «не прыручай сваю тугу, лепш усміхніся!» За гэта мы і любім творцу. Нішто нікуды не знікае, а ператвараецца ў нешта новае: страты і памылкі — у досвед і мудрасць, юнацкае палкае каханне — у сталыя адносіны, захапленне прыгажосцю — у разуменне каштоўнасці і бясцэннага дару жыцця, існавання ў кожным імгненні тут і цяпер... Водгук на зборнік быў надрукаваны ў сёлетнім «ЛіМе» (Аляксандр Жукоўскі «Дзіўнаспевы пачуццяў у новай кнізе Міколы Шабовіча», «ЛіМ», No 7 за 16 лютага).

Як прызнаецца ў прадмове да ўласнага зборніка Надзея Парчук, рашыцца на стварэнне паэмы пра жыццё святога Георгія Перамаганосца, якая дала назву і выданню, дапамагло боганатхнёнае чытанне старажытных кніг з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра, а таксама вера людзей у яе талент. «Нам без Цябе дарогі не асіліць / Той, што вядзе да Вечнасці святой, / А Ты любога можаш з нас акрыліць / Свяшчэнным словам, вераю жывой...» — звяртаецца аўтар да Бога. Акрамя паэмы, зборнік уключае і вершы духоўнай тэматыкі. Ёсць прысвячэнні беларускім святым Ефрасінні Полацкай, Афанасію Брэсцкаму, Сафіі Слуцкай.

Зборнік Ніны Загурскай «У месяцовым перламутры» (Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2017) з’яўляецца прызнаннем у любові да роднага краю. Прысвячаючы вершы такім слынным асобам, як Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Сяргей Палуян, Яўгенія Янішчыц, паэтэса нібы адкрывае чытачу ўласныя духоўныя і мастацкія арыенціры. Яна па-філасофску пераасэнсоўвае жыццё, замілоўваецца прыгажосцю прыроды. Наколькі па-мастацку гэта зроблена? Вось дзве страфы з верша (аднаго з лепшых), які даў назву зборніку: «На срэбнай нітцы веташок / Гайдаецца ў начной прасторы, / З ім перамігваюцца зоры — / Натхнення нашага выток. / І на хвілінку нат здалося, / Што шэпча мне начная ціш: / “Расправіш крылы — паляціш”... / Ды не — з палётам не збылося».

Як удалы мастак-пейзажыст выступіў у зборніку Аляксандр Атрушкевіч, асноўны матыў лірыкі якога, акрамя прыродных замалёвак, — філасофскае асэнсаванне быцця. Прыгажосць наваколля часта падаецца ў плыні роздуму. Адзін з найбольш уражлівых вершаў — «Мир неделим», некалькі радкоў з яго хочацца прывесці: «...Багрово-красный солнца круг / Щекой припал к земле... / И ветер волны упросил / И те, насколько было сил, / Качали облака. / И рвал их ветер на пути, / Он резал их, как плуг, / Чтоб месяц мог тропу найти, / Когда захочет он идти / Пастись на звёздный луг».

Зязюля ў назве кнігі — вобраз часовасці, кароткасці чалавечага жыцця ў параўнанні з вечнасцю.

Уражвае зборнік Алы Чорнай «Фонарь» (Мінск, Выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2017). Біблейскія і духоўныя матывы, пераасэнсаванне жыцця Ісуса Хрыста, філасофскія роздумы пераважаюць у творчасці аўтара. Паэзія — стыхія, дзе яна жыве. Пранікнёны тонкі лірызм, свежыя метафары, арыгінальнасць вобразаў зробяць чытанне святам. Упэўнена, гэта тая кніга, да якой захочацца вярнуцца не раз пасля прачытання. Зоркі, неба, бездань, крыштальная чысціня, дождж, туман — вобразы, якія насяляюць паэтычны свет А. Чорнай. А ліхтар — як сімвал святла добрых спраў, што мусіць пакінуць для іншых кожны з нас...

Найбольш маштабным па шырыні ўзнятых праблем выглядае зборнік Міколы Мятліцкага. У ім раскрываецца «сутнасць самога чалавечага жыцця, поўнага і значных гістарычных падзей, і трывожных, ахвярных выпрабаванняў падчас прамінулых ліхалеццяў, і стваральнай радасці мірнага нашага зямнога бытавання, калі фізічнымі і духоўнымі намаганнямі ўсяго народа будуецца маладая краіна ў цэнтры Еўропы», — пазначана ў анатацыі да кнігі. Акрамя вершаў, у кнігу ўвайшла паэма «Няходжанае поле» і вершаваная аповесць «Замкнёны дом» пра жыццё вёскі, пра чарнобыльскую трагедыю. М. Мятліцкі распавядае тое, праз што прайшоў сам разам з тысячамі суайчыннікаў: яго малая радзіма, вёска Бабчын, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджання, а жыхароў перасялілі ў іншыя мясціны. Паэт паглыблены ў філасофскія роздумы, асэнсаванне імгненнасці чалавечага існавання. Адразу згадваецца біблейскае: спачатку было Слова... Слова і застанецца энергіяй духу...

Мы на зямлі — часова

Пад вечных нябёс званамі.

Што застанецца? — слова,

Прамоўленае намі...

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

"Літаратура і мастацтва"