16.05.2018 Новости
4 мая адбылася чарговая знакавая для Саюза пісьменнікаў Беларусі падзея. У гэты дзень мы разам з “Сельскай газетай” уганароўвалі на галоўнай сцэне ХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” ў Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭкспа пераможцаў літаратурнага конкурсу “Радок пра родны куток”, абвешчанага ў пачатку года СПБ і СГ (сумесны праект) і прысвечанага Году малой Радзімы.

Ад “Сельскай газеты” ўзнагароды (каштоўныя падарункі) ўручала аглядальнік галоўнага аграрнага перыядычнага выдання краіны Таццяна Ускова, якая, дарэчы, на гэтай жа сцэне днём раней атрымала самую прэстыжную журналісцкую ўзнагароду ў Беларусі “Залатая ліцера”, яна ж і вяла імпрэзу, а ад пісьменніцкай арганізацыі (не менш каштоўныя кнігі) яе прадстаўнік Анатоль Крэйдзіч, член праўлення і прэзідыума СПБ, Лаўрэат прэміі “Залатое пяро”, Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.


Як адзначыў падчас цырымоніі ўшанавання пераможцаў Анатоль Мікалаевіч, “…правядзенне сумесных конкурсаў творчай суполкі і газеты абяцае стаць традыцыяй. Пачатак ёй пакладзены летась конкурсам “Твае хлебныя словы”. І ёсць усе перадумовы для таго, каб практыка такога плённага супрацоўніцтва працягвалася далей і нават з кожным годам удасканальвалася.”

Лаўрэаты-пераможцы, якія з’ехаліся на выставу з усіх куткоў Беларусі, у тым ліку вельмі аддаленых, распавялі гасцям выставы пра сябе і прачыталі творы, якім арганізатары паэтычнага спаборніцтва аддалі пальму першынства.
Двайное свята адзначыла напярэдадні, 3 мая, Анастасія Напрэенка, шасцікласніца з Клімавіч. Якраз у дні выставы Насці споўнілася 13 гадоў. Дзяўчынка можа пахваліцца сваімі ўнікальнымі здольнасцямі: у паўтара года яна пачала вучыць літары, у чатыры ўжо ведала на памяць алфавіт, а з дзевяці гадоў стала пісаць вершы. Конкурс для Анастасіі стаў добрай магчымасцю прадэманстраваць сябе і свае літаратурныя здольнасці. Наведвальнікаў стэнда Насця пачаставала сваім вершам «Зімовы сон», які прысвяціла вёсцы ў маляўнічай мясціне Беларусі.

Як задумвалася, конкурс прыцягнуў чытачоў не толькі з розных куткоў краіны, але і людзей розных узростаў. На стэндзе віталі яшчэ адну школьніцу - Ганну Яфіменка, вучаніцу 10-га класа СШ № 4 г. Мар'іна Горка. Конкурс для старшакласніцы стаў першай спробай пяра. Вырашыла паспрабаваць - і сама здзівілася, наколькі паспяховай апынулася спроба.
Наталля Цвірко з шчучынскай вёскі Скрыбаўцы свой паэтычны твор прысвяціла роднаму аграгарадку. У пераможцы конкурсу цікавы лёс: яна жыла ў Мінску і Гродне, але ў выніку вярнулася ў любімую вёску, цяпер працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе. Сваім вучням выкладчык дапамагае з вершаскладаннем, вучыць юных літаратараў іх разумець - сапраўдная паэзія нараджаецца, калі чалавека цягне да родных мясцін, дзе заўсёды добра і цёпла, куды хочацца вяртацца.

Яшчэ адзін пераможца нашага конкурсу - Міхаіл Кулеш - прыехаў на выставу з Брэста. Родам Міхаіл Іванавіч з вёскі Полкацічы Іванаўскага раёна. Паступіў у БДУ на філфак, прыйшлося з'ехаць з роднага сяла, але яно назаўжды ў яго душы. Верш, які даслаў на наш конкурс, напісаў пасля сустрэчы са сваімі студэнцкімі сябрамі: «Яны і праз шмат гадоў, даслужыўшыся да высокіх званняў і пасадаў, засталіся, па сутнасці, тымі ж вясковымі пацанамі, якімі былі сорак гадоў таму. Я зразумеў, што нашы родныя вёскі застаюцца ў нас на ўсё жыццё, якіх бы вышынь мы ні дасягнулі».

З Глыбокага на прэзентацыю паспяшалася Галіна Сутула. Яна падзялілася з гасцямі выставы сваім творам, прысвечаным роднай вёсцы Мацясы, дзе нарадзілася і вырасла, дзе жыве яе бацька. У калегі (а Галіна Евстафьевна працуе журналістам у раёнцы) у дзень выставы было двайное свята: акрамя таго, што яна стала пераможцай у літаратурным конкурсе, атрымала яшчэ і прэмію творчага конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро».
Саюз пісьменнікаў Беларусі віншуе пераможцаў і зычыць ім далейшых творчых набыткаў і поспехаў.
Прэс-служба СПБ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


