20 гадоў на службе слову. Гродзенскае аддзяленне СПБ адзначыла юбілей


20 гадоў на службе слову. Гродзенскае аддзяленне СПБ адзначыла юбілей

26.01.2026                                                          Новости


У Гродне прайшла ўрачыстая творчая сустрэча, прысвечаная 20-годдзю з дня ўтварэння абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. За два дзясяткі гадоў гэтая арганізацыя стала аб’яднаннем літаратараў, сапраўдным духоўным цэнтрам Прынёмання, месцам, дзе нараджаюцца сэнсы і захоўваецца жывое беларускае слова.

 

У Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага сабраліся тыя, чые імёны даўно сталі візітнай карткай сучаснай беларускай літаратуры, і тыя, хто толькі пачынае свой шлях з пяром у руцэ. Але, мабыць, галоўнымі гасцямі сталі адданыя чытачы, якія любяць гродзенскіх аўтараў за іх шчырасць і вернасць традыцыям. Адкрыла сустрэчу старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Звяртаючыся да пісьменнікаў, яна падкрэсліла асаблівую місію літаратара ў сучасным свеце.

 

 

– Творчасць нашых пісьменнікаў як люстэрка душы беларускага народа, – адзначыла Алена Пасюта. – Вы фармуеце вечныя каштоўнасці, вучыце нас заўважаць прыгажосць роднага краю і шанаваць свет. І я шчыра жадаю, каб ваша натхненне было невычарпальным, а вашы мудрыя і добрыя словы прыйшлі ў кожную беларускую сям’ю.    Да віншаванняў далучыліся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Дзяніс Малевіч і многія іншыя.

 

 

Ва ўрачыстай абстаноўцы ганаровыя госці ўручылі заслужаныя ўзнагароды пісьменнікам за важкі ўклад у ідэалагічнае і культурнае жыццё вобласці. Ганаровыя граматы і падзякі сталі пацвярджэннем таго, што праца літаратара не праходзіць бясследна. Многія адзначылі: гродзенская пісьменніцкая арганізацыя заўсёды адрознівалася асаблівым згуртаваным духам і ўменнем працаваць у школах, бібліятэках, на прадпрыемствах.

 

 

Творчая сустрэча не магла абысціся без самага галоўнага – жывога гучання паэзіі і прозы. Праграма сустрэчы была напоўнена яркімі выступленнямі, цёплымі пажаданнямі і доўгімі апладысментамі. Дваццацігоддзе – выдатны старт для новых кніг, новых адкрыццяў і новых сустрэч з чытачамі. Бо пакуль гучыць слова, жыве і душа народа.

 

Маргарыта СЯЎКО

 

Крыніца: сайт газеты «Гродзенская праўда»

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси