25.01.2026 Новости
Анатоль Сяргеевіч Бярнацкі нарадзіўся 25 студзеня 1956 г. у вёсцы Маневічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У школьныя гады захапіўся прыродазнаўчымі навукамі, скончыў завочную двухгадовую школу юнага кібернетыка, стаў членам-карэспандэнтам Малой школьнай акадэміі навук «Искатель» (Сімферопаль). Захапляўся і літаратурнай творчасцю, пісаў вершы. Друкаваўся ў газетах «Зорька», «Піянер Беларусі», «Заря» (Брэст), «Чырвоная змена», «Знамя юности».
Пасля заканчэння СШ № 1 г. Белаазёрска Бярозаўскага раёна Анатоль Бярнацкі паступіў на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Па заканчэнні ВНУ працаваў настаўнікам хіміі і біялогіі ў школах Бярозаўскага раёна, вызваленым сакратаром камітэта ЛКСМБ у Белаазёрскім ГПТВ № 82, больш за восем гадоў дырэктарам рыбгаса «Сялец» (Бярозаўскі раён). Выдаваў рэспубліканскую газету «Эрудит+».
Мастацкую прозу Анатоль Бярнацкі пачаў пісаць у дэтэктыўным жанры.
У 1990-я гг. выдаў у Маскве 8 дэтэктываў: «Шанель для покойника», «Кровавая карусель», «Почка из-под полы», «Гоген для генерала», «Героиновые гонки», «Бриллиантовая Голгофа», «Восставшие из мрака» і інш. У 2003 г. чатыры з іх былі перавыдадзены ў Брэсце.
Затым Анатоль Сяргеевіч пачаў пісаць навукова-папулярныя кнігі, бо заўсёды цікавіўся рознымі аспектамі біялогіі, хацеў папулярна данесці чытачам тайны навук. У розных выдавецтвах (расійскіх — «АСТ», «Вече», беларускіх — «Народная асвета») было выдадзена каля 80 кніг у серыях «Антология невероятных фактов», «100 великих»,«Удивительное и невероятное»: «Мужчина и женщина» (2005), «Тайны твоего мозга» (2009), «Тайны и загадки человеческого организма» (2011), «Экзотические племена» (2011), «Таинственная и загадочная Вселенная» (2011), «Необыкновенные позвоночные» (2011), «Тайная жизнь животных» (2012), «Сто великих угроз цивилизации» (2014),«Сто великих мистических тайн» (2016), «Сто великих тайн экологии» (2017) і інш.
Кнігу «Сто великих тайн Библии» (2014) аўтар прысвяціў бацькам — Сяргею Данілавічу і Праскоўі Іванаўне. У гэтай рабоце Анатоль Бярнацкі разглядае загадкі і цуды, апісаныя ў Ветхім і Новым Запаветах, спрабуе прадставіць розныя іх тлумачэнні.
Паважаны Анатоль Сяргеевіч!
У гэты цудоўны дзень мы спяшаемся сардэчна віншаваць Вас з юбілейнай датай!
Ад усяго сэрца мы зычым Вам моцнага здароўя, за якім абвязкова прыйдуць вялікае і сапраўднае шчасце, радасць, бясконцая колькасць нагод для ўсмешкі, павага і любоў тых, хто побач.
Мы зычым Вам дабрабыту, веры ў самае светлае, цеплыні і дабрыні!
Плёну ў стваральнай працы! Крылаў за спінай!
З павагай,
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі,
і калегі па пяры
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


