22.01.2026 Новости
Нашаму дарагому сябру, шаноўнаму Міхасю Паўлавічу – 75 год. Члены літаратурнага клуба “ Спадчына”, які вось ужо 11 год існуе пры гімназіі № 35 г.Мінска імя Я.І.Міркоўскага, шчыра віншуюць вялікага майстра слова з юбілеем! Напярэдадні юбілею мы з гімназістамі чыталі вершы паэта і разважалі: хто для нас Міхась Пазнякоў, чым так захопліваюць яго вершы?
Міхась Пазнякоў – сучасны беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і прозы. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Яго творчасць вызначаецца глыбокай любоўю да роднай зямлі, гісторыі і культуры Беларусі. Ён з’яўляецца адным з тых пісьменнікаў, хто актыўна працуе над папулярызацыяй беларускай мовы і літаратуры, спрыяе развіццю нацыянальнай свядомасці. Вось,напрыклад, верш “ У родным краі”, які так захапіў нас сваёй душэўнасцю. Ён адпавядае агульнаму духу творчасці Міхася Паўлавіча: прыгажосць і вартасць роднага краю. Тыя паняцці, якія становяцца фундаментальнымі ў наш час.
Творы паэта, якія апяваюць прыгажосць роднай , пачуццё патрыятызму набываюць асаблівую значнасць, бо дапамагаюць захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. На нашу думку, творчасць паэта можна разглядаць як працяг традыцый, закладзеных класікамі беларускай літаратуры, такімі як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.
Ідэя верша заключаецца ў тым, што родны край – гэта крыніца натхнення, радасці, душэўнага спакою. Змест твора просты і зразумелы. Лірычны герой, адчуваючы радасць і натхненне, ідзе сцяжынкаю па родным краі. Яго сустракаюць прыгожыя пейзажы: зялёны луг з конікамі, рамонкі, лес з суніцамі, пахкі стажок сена, крыштальнае азярцо. Такія мілыя сэрцу краявіды! І лірычны герой выказвае падзяку родннай зямлі за тое, што яна зберагла яго ад нягод. Мы , моладзь, асабліва зараз адчуваем гэта пачуццё ўдзячнасці за мірнае неба і сонца над галовай. Гэтыя простыя і шчырыя радкі напоўнены любоўю да Беларусі, да яе прыроды, да людзей. Верш нагадвае нам, як важна шанаваць і берагчы родны край, яго гісторыю і культуру. Пасля прачытання такіх твораў хочацца выйсці на прыроду, падыхаць свежым паветрам, адчуць цеплыню сонечных прамянёў. Сапраўднае шчасце быць у згодзе з роднай зямлёй, памятаць свае карані.
Вось так проста і мудра вучыць нас любіць сваю зямлю Міхась Паўлавіч. Мы вучні вашы, мы дзеці матухны-зямлі. Дзякуй Вам!
Анастасія Кудзіна, вучаніца 10 “В” класа гімназіі “ 35 г.Мінска імя Я.І.Міркоўскага
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


