«Выхад у свет» па-суседску. У Лідзе выступіў член СПБ, паэт, краязнавец Уладзімір Руль


«Выхад у свет» па-суседску. У Лідзе выступіў член СПБ, паэт, краязнавец Уладзімір Руль

21.01.2026                                                          Новости


ЛІДА. 17 студзеня адбылася чарговая праверка літаратурных сіл Прынёмання. У літаратурнай гасцёўні «Выхад у свет» сабраліся прадстаўнікі адразу некалькіх рэгіёнаў і творчых саюзаў. Ганаровым госцем мерапрыемства стаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, краязнавец Уладзімір Руль (Воранаўскі раён).

 

Для даведкі. Ужо вядомая далёка за межамі Лідчыны літаратурная гасціная «Выхад у свет» існуе ў другім па велічыні горадзе Гродзенскай вобласці з 2019 года. Яе ініцыятары і куратары – лідскія паэты Руслан і Святлана Піваваравы. Праект аб’ядноўвае прадстаўнікоў мясцовай літаратурнай супольнасці, а гэта Лідскае раённае літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» (кіраўнік паэт Уладзімір Глінін) і акрэдытаваная ў Лідзе Міжнародная літаратурная суполка «Чертог поэта» (кіраўнік член Саюза пісьменнікаў Беларусі», паэт Руслан Півавараў). Некалькі гадоў таму запрашэнне да супрацоўніцтва з праектам «Выхад у свет» атрымаў калектыў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (старшыня заслужаны дзеяч культуры Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч). У рамках праекта сваю творчасць паспелі прадэманстраваць нямала літаратараў з абласнога цэнтра. Прычым спачатку гэта былі пачаткоўцы, невядомыя аўтары, таленавітая моладзь. Пачынаючы з восені 2024 года (з уступленнем у шэрагі СПБ аднаго з арганізатараў гасцінай Руслана Піваварава), перад лідскімі калегамі і аматарамі чытання выступаюць выключна члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гродзенскім куратарам (рэзідэнтам) літаратурнай гасцінай у Лідзе ўжо два гады з’яўляецца член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык.

 

 

І першае ў 2026 годзе пасяджэнне літгасцінай «Выхад у свет» (гарадская бібліятэка № 4 г. Ліды) адбылося з удзелам гасцей. З прэзентацыяй сваёй разнапланавай творчасці выступіў госць з суседняга з Лідчынай Воранаўскага раёна, член СПБ, паэт, краязнавец Уладзімір Руль. Госць з Гродна Дзмітрый Радзівончык прачытаў уласны артыкул з крытычным аглядам творчасці свайго калегі па СПБ для больш змястоўнага прадстаўлення. Прэзентацыя творчасці Уладзіміра Валяр’янавіча насіла характар творчай сяброўскай гутаркі з калегамі-аднадумцамі. Вельмі прыемна, што сярод прысутных знайшліся і яго землякі. Прагучалі вершы з разрадаў філасофскай, інтымнай, грамадзянскай лірыкі, а таксама гумарыстычная, нават сатырычная байка. Пісьменнік пазнаёміў аўдыторыю з кнігай для дзяцей, са зборнікам песень на яго словы, а таксама са сваёй краязнаўчай працай, акцэнтаваў увагу на яе асаблівасцях і праблемах. Адбыліся прэзентацыі кніг паэта: «На зорных шалях вечнасці»; «За крок да песні»; «Як Зай пахваліўся сабой»; «Развітанне Марылі з Адамам», краязнаўчай кнігі «Пра Нарбутаў моўлю я слова…». Значную частку творчага багажу паэта склалі лірычныя прысвячэнні землякам, сучаснікам, калегам, а таксама класікам, папулярным спевакам (з некаторымі ён нават сябруе – з Анатолем Ярмоленкам, Ядзвігай Паплаўскай, Львом Лешчанкам, Алегам Газманавым). Падзяліўся творца і сваімі задумамі ў галіне грамадскіх дабрачынных праектаў. Адметнай рысай паэзіі Уладзіміра Руля з’яўляецца іронія (самаіронія, эксцэнтрычнасць). З пачуццём гумару ў пісьменніка ўсё ў поўным парадку. Калі гаворка зайшла пра справу вельмі сур’ёзную – гісторыю роднага краю, – у зале адчулася ажыўленне. Гэта яшчэ раз дэманструе – наколькі тонкай матэрыяй з’яўляецца гістарычная праўда, як глыбока яна цікавіць нашых людзей і наколькі мае патрэбу ў абароне.

 

 

Пра такіх людзей, як Уладзімір Валяр’янавіч Руль, кажуць: «чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй». Ён сапраўды вельмі ўважлівы да навакольнага свету, стараецца актыўна адгукацца на розныя з’явы ды падзеі, на тое, што не можа не цікавіць і не турбаваць наш народ. У апошні час намеціўся недахоп публічных выступленняў пісьменніка. І сустрэча ў літаратурнай гасцінай «Выхад у свет» – спроба выправіць становішча. Нарадзіўся 3 верасня 1953 года ў вёсцы Матылі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Першамайскай  СШ гэтага ж раёна ў 1970 годзе У 1975 годзе закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, а ў 1992 годзе – Мінскі дзяржаўны педінстытут імя А. М. Горкага. Працаваў інжынерам-электрыкам у калектыўных гаспадарках Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў, інструктарам аргаддзела Воранаўскага РК КПБ, сакратаром партарганізацыі мясцовага калгаса «Светлы шлях». Выкладаў гісторыю спачатку ў Енчынскай базавай, а затым у Нацкай сярэдняй школах Воранаўскага раёна. Вершы і артыкулы Уладзіміра Руля, пачынаючы з 2000 года, друкуюцца ў мясцовых і рэспубліканскіх выданнях. Лаўрэат конкурсу «Серебряные строки», праведзенага газетай «Белорусская нива» (2004). За аўтарскі зборнік вершаў «На зорных шалях вечнасці» атрымаў дыплом першай ступені на рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа ў Мінску. Жыве ў вёсцы Нача  Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

 

Студзеньская сустрэча яшчэ раз даказала, што выступаць у літаратурнай гасцінай «Выхад у свет» (г. Ліда) вельмі прыемна. Сустракаюць тут вельмі цёпла, па-сяброўску і па-суседску, што насамрэч у Беларусі – норма, нацыянальная (а на Гродзеншчыне інтэрнацыянальная) традыцыя. Падчас прэзентацыі творчасці члена СПБ Уладзіміра Валяр’янавіча Руля (Воранаўскі раён) можна было ў чарговы раз у гэтым пераканацца.

 

Працягам мерапрыемства сталі выступленні лідчан. Мясцовыя творцы Ала Юшко, Лілія Каранеўская-Радзевіч, Святлана Піваварава, Андрэй Архіпаў, Валерый Мацулевіч, Уладзімір Глінін, Ігар Вербавік, Лілія  Пушкарова прадставілі свае рэфлескіі на падзеі грамадскага і культурнага жыцця, прысвяцілі свае творы тэмам Новага года, зімы, Божага нараджэння, свята Вадохрышча і іншым. Лідская краязнаўца, пісьменніца-педагог Наталля Анашкевіч падарыла госцю з суседняга раёна сваю кнігу пра літаратурную Лідчыну. Госць атрымаў памятны падарунак ад гаспадароў і пакінуў некалькі сваіх кніг ў бібліятэцы. Шчыра парадавала і тое, што наша літаратурнае сяброўства вытрымала выпрабаванне суровымі ўмовамі надвор’я. Вытрымала з поспехам.

 

 

Чарговае мерапрыемства ў лідскай літаратурнай гасцінай «Выхад у свет» папоўніла скарбонку супрацоўніцтва Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з аматарскімі літаратурнымі аб’яднаннямі.

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси