Член СПБ Тамара Мазур – лаўрэат Прэміі імя А. Дубко


Член СПБ Тамара Мазур – лаўрэат Прэміі імя А. Дубко

16.01.2026                                                          Новости


У Гродне ўручылі Прэмію імя Аляксандра Дубко «Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» за 2025 год. Сярод лаўрэатаў паэтэса, публіцыст Тамара Мазур (Гродзенскі раён).

 

13 студзеня, напярэдадні 88-годдзя з дня нараджэння А. І. Дубко ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры па традыцыі з удзелам удавы Аляксандра Іосіфавіча Эмы Нікіфараўны ўшанавалі прадстаўнікоў творчых прафесій. Высокую ўзнагароду за плённую працу ў галіне культуры і мастацтва з рук губернатара Гродзенскай вобласці Юрыя Караева атрымалі лепшыя мастак, бібліятэкар, журналіст, народны майстар, рэжысёр, артыст і іншыя творцы. У намінацыі «Пісьменнік Гродзеншчыны 2025 года» перамагла член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», паэтэса, публіцыст Тамара Мазур (Гродзенскі раён).

 

 

Мінулы год быў вельмі прадуктыўным для Тамары Міхайлаўны. Ён складаўся з мноства падзей, кожную з якіх можна назваць знакавай. Прэміі імя А. І Дубко «Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» пісьменніца ўдастоена за сваю кнігу «Скідзель. Алфавітныя прыпынкі ў горадзе-спадарожніку Гродна» (Мінск, «Ковчег», 2025). Гэта кніга для сямейнага чытання, не проста кніга. Сказаць, што яна незвычайная, – не сказаць нічога; універсальная, шматпланавая, вельмі сучасная і вельмі карысная. Выданне можна назваць падручнікам па вывучэнні роднага краю, энцыклапедыяй грамадскага сумлення, правадніком любові да свайго – да сваіх каранёў і вытокаў, а таксама эфектыўным сродкам развіцця нацыянальнай і грамадскай самасвядомасці. У межах адной кнігі аўтар гарманічна спалучыла краязнаўства, паэзію, дзіцячую літаратуру. У аснове кнігі ляжаць народныя традыцыі асветы і патрыятычнага выхавання. Гартаючы старонкі кнігі, юны чытач пазнае родны край, родны горад-спадарожнік, яго гісторыю і культуру, а таксама ў гульнявой форме спасцігае навыкі карыстання беларускай мовай, вучыцца ідэнтыфікаваць сябе прадстаўніком мірнага і дружнага народа, членам шматнацыянальнага беларускага грамадства, грамадзянінам незалежнай сінявокай Беларусі, часткай адзінага славянскага свету.

 

 

Ці дасягненне гэта ў галіне літаратуры? Адказам можа паслужыць лёс кнігі, а сваю запатрабаванасць у землякоў яна ўжо пацвердзіла. Тамару Мазур добра ведаюць у рэспубліцы. Аднак пісьменніцу ўсё часцей вабіць амплуа рэгіянальнага аўтара. Перамога ў абласным літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча (2024), актыўны ўдзел у розных рэгіянальных праектах і калектыўных зборніках, нястомная грамадская дзейнасць і асветніцкая праца ў рэгіёнах (на Ваўкавышчыне, у Гродне, Мастах, вядома, у горадзе-спадарожніку Скідзелі), праца з дзецьмі і моладдзю, праца на нашу агульную шчаслівую будучыню – усё гэта і многае іншае намаганнямі пісьменніцы дазволіла надаць айчыннай рэгіянальнай літаратуры статус агульнанацыянальнай, агульначалавечай культурнай спадчыны, унікальнай сацыяльна-псіхалагічнай і эстэтычнай з’явы. Гэтае мастацтва ў сучасным свеце нестабільнасці і віртуальных ілюзій мае каштоўнаснае, цывілізацыйнае значэнне.

 

Невыпадкова ў сваёй віншавальнай прамове кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў падкрэсліў: «Калі згубяцца рамёствы, калі не будуць стварацца творы літаратуры на роднай мове, – Беларусь страціць сваю ўнікальнасць. Наша нацыя стане неадрознай ад іншых народаў, знікне тая непаўторная ідэнтычнасць, якую фарміруюць гісторыя, культура і мова. Жывым пацвярджэннем нашай нацыянальнай самабытнасці з’яўляюцца фальклорныя паданні, літаратура, творы выяўленчага мастацтва…».  

 

 

Па сутнасці Слова нашай калегі, пісьменніцы-лаўрэата Тамары Мазур паўстае незаменным ацаляльным, выратавальным сродкам для чалавечай прыроды, для дыялогу сучаснага чалавека з няпростым часам і са сваёй уласнай душой. Знайдзіце новую кнігу пісьменніцы, пагартайце яе, пачытайце разам са сваімі дзецьмі – і вам адкрыюцца каштоўныя веды, промні чароўнага ўнутранага святла, імя якому Ісціна.

 

***

Ад імя калектыву пісьменніцкай арганізацыі Гродзеншчыны сардэчна віншуем нашу калегу, паэтэсу, публіцыста Тамару Міхайлаўну Мазур з атрыманнем высокай узнагароды – Прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко «Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» ў намінацыі «Пісьменнік года». Жадаем моцнага здароўя, натхнення, плёну, невычэрпнай энергіі жыцця і творчага пошуку. Вы – наш гонар!

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси