03.01.2026 Новости
У бібліятэцы №22 у літаратурнай гасцёўні «Шчырасць» прайшоў творчы вечар вядомага беларускага музыканта і кампазітара Эдуарда Ханка.
Сярод гасцей – чытачы кніжніцы і даўнія прыхільнікі творчасці Эдуарда Сямёнавіча.
Пачала вечар загадчык бібліятэкі, якая распавяла пра мерапрыемствы, што адбыліся ў 2025 годзе і павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячым Новым годам.
Потым ўзяў слова старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік, публіцыст, лаурэат шматлікіх літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь – Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў.
Міхаіл Паўлавіч прадставіў прысутным госця, як чалавека вялікага таленту. Не толькі як кампазітара, але і як члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра сябе Эдуард Сямёнавіч казаў з гумарам, чым хутка заваражыў усіх прысутных на вечарыне. Савецкі, беларускі і расійскі музыкант і кампазітар, член Саюза кампазітараў СССР, заслужаны дзеяч культуры БССР, народны артыст Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Сваю першую песню напісаў у 20 гадоў, калі вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Працаваў ў розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа ‒ у песенным. З яго твораў фармаваліся рэпертуары ансамбляў «Верасы», «Сябры» і «Песняры». Яго песні выконвалі шматлікія знакамітыя спевакі: Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Валянціна Талкунова, Ала Пугачова, Марыя Пахоменка і іншыя. Аўтар вядомых песень “То ли ещё будет” (“Песенка первоклассника”) на словы І.Шаферана, “Малиновка” на словы А.Папярэчнага , “Я у бабушки живу” на словы І.Шаферана, “Какой счастливый случай” на словы Л.Рубальскай, “Зима” (“У леса на опушке”) на словы С.Астравога, “Самурай” на словы Л.Рубальскай, “Ты возьми меня с собой” (“Песенка про журавлика”) на словы Іллі Рэзніка, “Завіруха” на словы Г.Бураўкіна , “Здравствуй, чужая, милая” на словы Л.Татарэнкі і іншыя песні, якія гучалі на працягу вечара.
Жыве Эдуард Сямёнавіч у Мінску, але мае і расійскае грамадзянства, якое атрымаў ад прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, чым і пахваліўся. Яго песня “Служыць Расіі” на словы І.Рэзніка лічыцца неафіцыйным гімнам расійскай арміі. Яе ўжо больш за 15 гадоў рэгулярна ўключаюць у праграму парада 9 Мая ў Маскве, а ў 2016-м яна атрымала новы статус ‒ стала гімнам Усерасійскага ваенна-патрыятычнага руху “Юнармия”.
Стваральнік «Тэорыі творчых хваляў». Сваю тэорыю творчых хваляў Ханок упершыню прадставіў у 1998 годзе, калі выдаў кнігі “Пугачёвщина”, “Пугачёвщина. 10 лет спустя” и “Пугачёвщина. Конец истории”. Аўтар кнігі “Нас бьют мы летаем” у дзвюх частках аб людзях “байцах” і “не байцах”.
Шмат цёплых і ветлівых слоў, самых лепшых пажаданняў пачуў у гэты дзень Эдуард Сямёнавіч, а прысутныя атрымалі масу прыемных эмоцый, аўтографы і фота на памяць. Сустрэча стала сапраўдным святам для аматараў добрых песень і музыкі.
Загадчык бібліятэкі Каржанеўская А.М.
Фота В.В.Кулікова
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


