24.12.2025 Новости
МІНСК. 17 снежня ў сталічным Доме літаратара прэзентавалі зборнікі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ: «Памяти вечный огонь», «Память огненных лет», «Поле памяти». Кніжную трылогію да 80-годдзя Вялікай Перамогі ў рамках праграмы «Урокі мужнасці» прадставілі члены СПБ, гродзенскія паэты Кацярына Каламійцава і Дзмітрый Радзівончык.
Нашы гродзенскія калегі па пісьменніцкай арганізацыі, паэтэса Кацярына Каламійцава і паэт, публіцыст, рэдактар кніг Дзмітрый Радзівончык выступілі перад старшакласнікамі і педагогамі чатырох мінскіх школ. Свой літаратурны ўрок мужнасці творцы назвалі «Вечнай памяці слова». Як і кнігі трылогіі, мерапрыемства было прысвечана 80-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У пачатку сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч распавёў сталічнай моладзі аб працы над кнігамі, пазнаёміў з іх зместам і асноўнай ідэяй. Затым прагучалі творы са зборнікаў. Асаблівасць прачытаных літаратурна-мастацкіх твораў – выразныя сямейныя матывы. Фашысцкая акупацыя беларускіх зямель, тэма спаленых вёсак і генацыду беларускага народа, а таксама подзвіг беларускіх падпольшчыкаў і партызан, подзвіг савецкага народа-вызваліцеля – вечныя тэмы для айчыннага мастацтва, для кожнага беларускага творцы. Гісторыя Вялікай Айчыннай блізкая і да болю знаёмая кожнай беларускай сям’і. Таму што Беларусь страціла ў гады ліхалецця кожнага трэцяга жыхара. Невыпадкова лейтматывам усіх трох кніг стаў матыў памяці, гэтае слова нават прысутнічае ў іх назвах.

Кацярына Аляксееўна Каламійцава прадэкламавала аўтарскі лірычны цыкл, прысвечаны памяці пра гераічныя і трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, якія ў пэўнай ступені сталі для яе сямейнымі хронікамі. Таксама паэтэса, маці трох сыноў закранула балючую тэму дзяцей вайны. Дзмітрый Радзівончык прачытаў нарыс пра свайго дзеда Пятра, які ў складзе мінамётнай роты прайшоў усю вайну ад Масквы да Берліна, узнагароджаны баявымі медалямі. Дарэчы, твор прынёс аўтару перамогу ў Расійска-беларускім літаратурным конкурсе імя К. Сіманава (намінацыя «Публіцыстыка», 2023).

Выступоўцамі падкрэслівалася важнасць захавання гістарычнай праўды, памяці пра Перамогу Савецкага Саюза над фашызмам, святую праўду, якую сёння спрабуюць аспрэчыць, замяніць фэйкамі, подлай, бруднай хлуснёй. Таму ў Мемарыяльнай зале Дома літаратара, у гэтым сакральным месцы для кожнага сапраўднага грамадзяніна гродзенскія пісьменнікі заклікалі моладзь захоўваць вернасць запаветам нашых славутых продкаў; добрай вучобай, сумленнай працай на карысць грамадства берагчы мірнае неба над нашай сінявокай Радзімай. Пакуль жыве наша памяць, у нас ёсць будучыня: асноўная думка тэматычных мерапрыемстваў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ застаецца нязменнай на працягу доўгага часу. Яна спадарожнічае і тром унікальным кнігам, з якімі ўжо пазнаёмілася вялікая колькасць людзей у розных кутках Прынёмання. У ліку аўтараў кніг нямала перспектыўнай, адоранай моладзі. А гэта значыць, што памяць будзе жыць; скрозь гады і дзесяцігоддзі будзе гарэць яе нязгасны агонь, будзе асвятляць шлях будучым пакаленням беларусаў (тэмы повязі часоў, адзінства і пераемнасці пакаленняў).

Па традыцыі прагучала і тэма мірнага жыцця. Паэты з горада над Нёманам прапанавалі ўвазе сталічнай моладзі лірычныя прысвячэнні вобразу самага маладога класіка айчыннай літаратуры, «песняра чыстае красы» Максіма Багдановіча (як вядома, у снежні адзначаецца дзень нараджэння паэта). Выступленне гасцей зацікавіла старшакласнікаў. Творчая сустрэча ў Доме літаратара пад назвай «Вечнай памяці слова» стала гісторыяй. На памяць аб ёй засталіся аўтарскія кнігі з аўтографамі, уражанні і фотаздымкі.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


