18.12.2025 Новости
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася творчая гасцёўня "Беларусь – скрыжаванне нацыянальных культур".
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты з 27 краін свету, свята зблізіла інтэрнацыянальную моладзь з 25 універсітэтаў, 14 з якіх з’яўляюцца замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
Прарэктар па вучэбнай рабоце Лявонцій Юр’евіч Паўлаў адзначыў: “Дзякуючы такому мерапрыемству мы пашыраем міжнацыянальныя зносіны, знаёмімся з гісторыяй, культурай, традыцыямі і звычаямі іншых народаў. У гэтым годдзе колькасць удзельнікаў складае амаль 400 чалавек, з іх у вочным фармаце ‒ звыш 300. Такая колькасць студэнтаў-канкурсантаў упершыню ў гісторыі нашага мерапрыемства”.

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прынялі актыўны ўдзел у намінацыі дэкламавання вершаў "Мой родны кут, як ты мне мілы ".
Пераможцамі сталі сутдэнтка 1 курса факультэта турызму і гасціннасці
Нгеці Камагу Мілена з Камеруна, якая заняла 2 месца і студэнт 3 курса факультэта спартыўных гульняў і адзінаборстваў Нуэрчжаці Абуліцзы з КНР, які атрымаў не толькі 3 месца, але і дыплом у намінацыі «Самае эмацыйнае выступленне".

Кафедра беларускай і рускай моў факультэта аздараўленчай фізічнай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры на працягу амаль пяці гадоў мае творчыя стасункі з Мінскім гарадскім аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Спецыяльна да творчай гасцёўні "Беларусь – скрыжаванне нацыянальных культур” Міхась Паўлавіч Пазнякоў напісаў цудоўны і пранікнёны верш “Беларусь і Камерун”, які прадставіла на конкурсе студэнтка БДУФК Нгеці Камагу Мілена з Камеруна. Дэкламаванне верша ў выкананні замежнай студэнткі з цэнтральнай Афрыкі выклікала ў журы і ўсіх прысутных неверагоднае захапленне. Дзяўчына ніколі ў жыцці не вывучала беларускую мову. Але яна была так захоплена жаданнем прыняць удзел у конкурсе і атрымаць перамогу, што для большага каларыту і зацікаўленасці сама абрала менавіта родную мову той краіны, дзе зараз жыве і вучыцца.

Перад паездкай на творчы конкурс старшыня Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхась Пазнякоў запрасіў замежную студэнтку у госці ў Дом літатратара, дзе дзяўчына ўпершыню пазнаёмілася з вядомым паэтам. Разам з ёй завітала ў Саюз пісьменнікаў старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў факультэта аздараўленчай фізічнай культуры БДУФК Вераніка Аляксандраўна Каламійцава, якая займалася падрыхтоўкай Мілены да конурсу.
Мноства галасоў, але адно сэрца і гэта сэрца – Беларусь: такім быў лейтматыў творчай гасцёўні "Беларусь – скрыжаванне нацыянальных культур", якая сабрала гасцей у сценах ГДУ імя Янкі Купалы і стала незабыўным святам сяброўства паміж студэнтамі розных краін.
Вераніка Аляксандраўна Каламійцава –
старшы выкладчык кафедры беларускай і
рускай моў факультэта аздараўленчай
фізічнай культуры Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


