Памёр Уладзімір Гніламёдаў


Памёр Уладзімір Гніламёдаў

04.11.2024                                                          Спачуваем


Літаратуразнавец, літаратурны крытык, празаік, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік, член Саюза пісьменнікаў Беларусi Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў памёр 3 лістапада. Яму было 86 гадоў.
Нарадзіўся ў 1937 годзе ў сялянскай сям'і ў Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута, служыў у войску, працаваў настаўнікам.
У 1965-м скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і быў залічаны навуковым супрацоўнікам інстытута. У гэтым жа годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю (Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларускай ССР) «Праблема традыцый і наватарства ў сучаснай беларускай лірыцы».
У 1969—1976 гадах — інструктар аддзела культуры, загадчык сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ. З 1976 года — намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларускай ССР па навуковай рабоце. З 1977 года адначасова загадчык аддзела Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларускай ССР. Член СП СССР з 1972.
У 1987 годзе абараніў доктарскую дысертацыю (Інстытут літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларускай ССР) «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс». З 1998 года — дырэктар, з 2006 года — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2008 года — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падрыхтаваў 14 кандыдатаў навук. Аўтар больш 300 публікацый, сярод якіх 11 манаграфій. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4 тамах (1999—2003).
Яго мастацкая творчасць ― раманы «Валошкі на мяжы» (2004), «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Вайна» (2010), «Пасля вайны» (2015).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі ў галіне крытыкі імя Уладзіміра Калесніка за кнігу «Янка Купала : Новы погляд» (1996), прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2005), спецыяльнай прэміі Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2022) за цыкл работ «Літаратура, гісторыя, свядомасць як чыннікі фарміравання беларускай дзяржаўнасці». Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2017), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2009), узнагароджаны медалямі.
Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі выказвае спачуванні родным і блізкім пісьменніка. Развітанне з ім пройдзе ў актавай зале Нацыянальнай акадэміі навук 5 лістапада 2024 г.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси