«Сузор’і росныя планет»


«Сузор’і росныя планет»

44 ГАДЫ Ў ПАЭЗІІ

Зборнік выбранай лірыкі Генадзя Пашкова «Парад планет» (2016) выйшаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Асацыятыўная сувязь названай астранамічнай з’явы і паэзіі ― у асэнсаванні паэтам сваіх лепшых здабыткаў, лірычных «планет», за апошнія сорак чатыры гады.

Побач знаходзяцца арыгінальныя тэксты і іх перастварэнні на рускую мову вядомымі перакладчыкамі ― Іванам Бурсавым, Міколам Шабовічам, Генадзем Аўласенкам, Анатолем Аўруціным, Браніславам і Вадзімам Спрынчанамі і інш. Трэба адзначыць высокае майстэрства перакладчыкаў, іх тонкае адчуванне лірычнай стыхіі. На прыкладзе верша «Любай» Г. Пашкова ў перакладзе Браніслава Спрынчана бачым высокую ступень мастацкага супадзення арыгінала і перакладу. Перастваральнік захаваў лаканізм страфы, але пры гэтым вярнуў для чытача традыцыйны выгляд чатырохрадкоўя, парушаны аўтарскай вольнасцю. Не літару, а дух данёс Б. Спрынчан, крыху адступіўшы ад першаўзору:

За мукі, за слёзы И радость, и слёзы,

каго мне ўшчуваць? и смутные сны,

Ці дзякаваць лёсу, как в сердце занозы

ці лёс дакараць, на грани весны.

як хмельна-салодка Вчера и сегодня,

у зорнай цішы преграды круша,

стыхіі паводка как половодье

бушуе ў душы? рокочет душа.

Вобразы нябесных цел, касмічная тэматыка з’яўляюцца ў першым жа вершы зборніка ― «Яблыня». Тут, у спелым садзе «на яблынях заружавелі / сузор’і росныя планет». На Яблычны Спас лірычны герой Г. Пашкова глядзіць на зоры ― і адчувае еднасць са светам, зямным і касмічным. Бачыць, чуць жыццё, прыроду ва ўсіх колерах, гуках, водарах ― крэда паэта. Таму і ўспрымаюцца такія вершы яскрава-панарамна. Нібы мастак-

імпрэсіяніст, Г. Пашкоў шукае для няўлоўных эмоцый і станаў новыя адценні думак.

Паэт ― праваднік паміж зямлёй і небам. Яго лірычны герой цягнецца душой да зор, а сам адчувае:

Я, што дрэва, стаю,

і спацелае чую карэнне,

і на вечнае поле

рукі цяжкія кладу,

тканкай кожнай лаўлю

павучынкі вільготнай асенняй

ціхі ранішні звон і сярэбраную халаду...

(«Жураўліная пара»)

«Братам па душы», ці, скажам, па тэмпераменце, Г. Пашкоў лічыць Акіян, які можа «ўзвіцца, / да паднябесся дыбарам устаць», а можа быць спакойным («Ціхі акіян»). Дарэчы, вобразы акіянаў зямнога і касмічнага паводле іх шырокага размаху, дынамічнасці, «тэмпераменту» можна лічыць падобнымі. Разважаючы пра непазбежнасць свайго фізічнага адыходу, максімальна аўтабіяграфічны лірычны герой верыць: «Застануся толькі у прыродзе / я пад імем вечным Шар Зямны» («На зямлі спаконвечнай»).

Думаецца, у кантэксце жыцця і творчасці Г. Пашкова ў цэлым слушна было б казаць не толькі пра біякасмічную неўміручасць, але і пра біягенетычную (кругаварот рэчываў у прыродзе, фізічны працяг у дзецях і ўнуках) і духоўна-культурную (метафізічнае «жыццё ў вершах»). Ідэю фізічнай або біялагічнай бессмяротнасці чалавека выяўляюць наступныя радкі: «Не кажы, што адпушчана мала. / Не кажы, / бо рухомай, / жывой / у нязнаных прасцягах Сусвету / будзеш вечна ты / плоццю зямной ― хоць пылінай, / хоць подыхам ветру…» («Мы наіўныя людзі Зямлі…»). Быццёвая і духоўна-эмацыянальная паўната жыцця гэтага паэта ― вынік яго светапоглядна-эстэтычнага крэда: «…не стамлюся бачыць і здзіўляцца, / захапляцца, / слухаць і любіць» («На зямлі спаконвечнай»), «мы прыйшлі на

Зямлю, / каб любіць / і рассыпацца кроплямі сонца» («Не багата адмерана жыць…»).

Г. Пашкову дарагая яго Айчына, якую «спасціг…, як шчасце, непрыкметна», якая «…увайшла, як радасць і як боль, / легендамі дарогаў пракаветных», «…святлом, / вялікім, / бессмяротным / запаветам» («Жыву адзіным запаветам»). З асаблівай цеплынёй паэт успамінае падарунак Браніслава Спрынчана ― кашулю, вышытую яго мамай, якую імяніннік успрымае як славянскі абярэг («Кашуля ад Браніслава»). Аўтар высноўвае рысы беларускага нацыянальнага характару: «Цярплівы, / мудры, адмысловы, / Вялікамучанік Народ! / Яшчэ заявіць: / ― Гонар маю! ― / Хай перамучыцца спярша. / Бо ёсць бунтарная, / жывая, / ёсць чалавечая душа!» («Праз гэты час…»).

Пейзажныя вобразы малой радзімы паэта ― грыбны барок, рэчка ў чаратах, вогнішча, што падтрымлівае каханая жанчына, курганок з бяссмертнікамі на ім ― аб’ядноўваюцца ў творчай свядомасці Г. Пашкова ў «адну навек / Радзіму». «Налітае зарою» возера прасвятляе душу аўтара, нагадвае яму пра маладосць і пра вечнасць. Беларуская прырода набывае ў Г. Пашкова касмічныя ўласцівасці і асацыяцыі: «Зоры цярушыць на плечы / веча радзімых бяроз» («Згодна зімовае квоты…»). Нават балота ў паэта «зорнае». Як вядома, уменне бачыць незвычайнае ў звычайным уласцівае эстэтыцы рамантызму. Вобразы Айчыны ў Г. Пашкова ― гэта не проста родныя краявіды. Гэта мясціны, асветленыя талентам і духам славутых людзей (Кірыла Тураўскі, Янка Купала, Пятрусь Броўка), якія нарадзіліся і жылі там («У далонях свету гарадок», «Купалаўскія гаі», «Пуцілкавічы»).

Лірычны герой Г. Пашкова апявае «ветрам спавітую» дзявочую прыгажосць, згадвае маладосць і рамантыку начных спатканняў. «І ўся зямля ― / як сон, / як дзіва, / як слоў / расяны запавет, / дзе ўсё зліваецца / ў адзіна ― / і ты, / і я, / і ўвесь Сусвет». Так, і ў спатканнях з дзяўчынай для паэта ёсць штосьці касмічнае, асабліва калі ў яе такія вочы, «…дзе ўсе сузор’і змесціліся ледзь». Прываблівае, з якой чысцінёй, пяшчотай лірычны герой моліцца за жанчын:

Як птушка ў прасцягах развесненых,

вольная;

нібы чарацінка ў вадзе,

трапяткая;

падобна крыніцы ў каменьчыках,

звонкая;

як зорная далеч,

неразгаданая;

што жытняе поле,

адвечна цярплівая;

нібыта зара на світанку,

цнатлівая;

як слёзы з бялюткай бяросты,

п’янкая;

бы возера ў хвалях ракотных,

бяздонная.

Уся са святла,

з таямніцы

і песні,

Жанчына, для Вечнасці будзь

бласлаўлёная…

(«Вясновая малітва»)

Гэты верш, як мне здаецца, можна лічыць партрэтам Музы паэта.

Генадзь Пашкоў спалучае рэалістычнае светаадчуванне з рысамі рамантызму і імпрэсіянізму. Самыя частыя для асэнсавання, дамінантныя ў гэтай кнізе вобразы радзімы і каханай. А галоўнай філасофскай ідэяй зборніка выбранай лірыкі «Парад планет» з’яўляецца ідэя лучнасці ўсяго з усім: зямнога з касмічным, чалавека з прыродай, чалавечых лёсаў паміж сабой, сувязь часоў ― мінулага з сучасным і будучым праз перадачу духоўна-культурнай спадчыны ад продкаў нашчадкам. У «Парадзе планет»,

прычым як у арыгінальных вершах, так і ў іх перакладах, адчуваецца вобразна-стылёвая гармонія, гармонія моўнай стыхіі.

Таццяна БАРЫСЮК

СКАЧАТЬ