
05.09.2024 Итоги конкурса
Самыя высокія душэўныя і духоўныя пачуцці беларуса-патрыёта і сапраўднага грамадзяніна апела ў сваёй творчасці «палеская ластаўка» Яўгенія Янішчыц:
Радзімы вецер!
Ён з усіх вятроў
Мне як натхненне,
Як шчаслівы подых.
Ёсць доўгі шлях,
Дзе мы,
Як параходы,
Вяртаемся
Да родных берагоў.
Яе творчасць аб’яднала таленавітых літаратараў з розных куткоў Беларусі ў агульным памкненні шанаваць і берагчы спадчыну, працягваць нябачную ніць, што звязвае розныя пакаленні.
Падчас святкавання ХХХІ Дня беларускага пісьменства старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага «Зямля любові нашай – Берасцейшчына» ўручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Жывём, як светлай памяці зарок», на лепшы паэтычны зборнік.
У якасці арганізатараў конкурсу выступілі Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. На конкурс паступіла 47 заявак. Усе кнігі пераможцаў і фіналістаў конкурсу ўжо папоўнілі фонды Брэсцкай абласной бібілятэкі імя Горкага.
Спецыяльным дыпломам за філасофскае асэнсаванне жыцця і яркія вобразы ў паэзіі ўзнагароджана МОРЫХ Ірына Барысаўна, г.Брэст, за зборнік паэзіі «Незаменимые слова и лица».
Спецыяльным дыпломам за яркія вобразы прыроды ў паэзіі і самабытнасць узнагароджана ШУЛЬГА Таццяна Юр’еўна, г.Брэст, за зборнік паэзіі «От весны и до весны».
Спецыяльнымі дыпломамі «Адкрыццё» ўзнагароджаны СЯЛІЦКАЯ Вольга Валер’еўна, г.Мінск, за зборнік паэзіі «Есть» і КОТАВА Алена Аляксандраўна, г.Кобрын, за зборнік «Бабуліны рукі».
Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны ЦМУГУНОВА Святлана Алегаўна з гарадскога пасёлка Дрыбін Магілёўскай вобласці – за зборнік паэзіі «Жыві, Радзімы родны кут» і КАЛАМІЙЦАВА-ІГНАЦЮК Кацярына Аляксееўна з горада Гродна – за зборнік паэзіі «Женщина в красном».
Дыпломам другой ступені ўзнагароджана АЛІЗАР Вольга Сцяпанаўна з горада Гродна – за зборнік паэзіі «О тебе, моя милая Родина».
Дыпломам першай ступені ўзгароджана ЯЦУК Таццяна Мікалаеўна з горада Баранавічы – за зборнік паэзіі «Мудрасць вечара» і КЕБІЧ Людміла Антонаўна з Гродна – за зборнік паэзіі «Мае начныя бліскавіцы».
І нарэшце, уладальніцай Гран-пры літаратурнага конкурсу імя Яўгеніі Янішчыц «Жывём, як светлай памяці зарок» стала аўтар зборніка паэзіі «Пуцявіна» ДУДЗЮК Зінаіда Іосіфаўна (горад Брэст)!
ВІНШУЕМ ПЕРАМОЖЦАЎ!!!