24.05.2024 Новые книги
У пачатку мая бягучага года ў мінскім выдавецтве “Каўчэг” выйшла новая кніга пісьменніка, педагога і краязнаўца Ігара Пракаповіча “Бровар. Вінакурэнне на абсягах паўночна-заходняй Беларусі (Пастаўскі і Мядзельскі раёны)”. Аўтар – вядомы даследчык рэгіянальнай гісторыі і геаграфіі, працягвае займацца вывучэннем прамысловай спадчыны роднага краю. Разам са сваімі вучнямі ён падрыхтаваў і выдаў за апошнія гады кнігі “Вадзяныя млыны Пастаўшчыны” і “Цагельня. Вытворчасць цэглы на тэрыторыі Пастаўскага раёна”. Новае выданне прадаўжае распачатую серыю. У кнізе распавядаецца пра гісторыю развіцця вінакурэння ў паўночна-заходняй Беларусі, даецца характарыстыка бровараў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў на працягу ХІХ-пачатку ХХІ стагоддзяў. Падаюцца звесткі пра спіртавыя напоі і іх гатункі, разглядаецца тэхналогія вінакурэння. Як выявіў аўтар, у розныя часы на Пастаўшчыне дзейнічала дзесяць вінакурняў, на Мядзельшчыне – трынаццаць. На цяперашні час працуюць толькі “Вінакурня “Нарач” і завод у Ілаве. За тры гады працы над кнігай І. Пракаповіч апрацаваў шмат літаратурных крыніц, абследаваў усе месцы, дзе раней знаходзіліся бровары. Вынікам пошукаў сталася даволі аб’ёмнае выданне на 150 старонак, у якім маецца 102 ілюстрацыі, сярод якіх пераважаюць гістарычныя і аўтарскія фотаздымкі. Таксама ў выданні ёсць дзве аўтарскія картасхемы, на якіх паказана размяшчэнне бровараў на тэрыторыі Пастаўскага і Мядзельскага раёна.
Кніга мае наклад 200 асобнікаў і выйшла ў свет дзякуючы спрыянню ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства” ў асобе яе старшыні А.Я. Яротава і старшыні апякунскага савета А.М. Зайцава.
Выданне будзе карыснае ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і прамысловай спадчынай роднага краю.
Старшыня
ВАА ГА “Саюз пісьменнікаў беларусі” Тамара Краснова-Гусачэнка
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси