Звяртаючыся да родных каранёў…


Звяртаючыся да родных каранёў…

29.01.2024                                                          Новости


Краязнаўчай літаратуры ў апошнія дзесяцігоддзі выдадзена даволі шмат. Ёсць прыклады, калі кнігай становіцца плён шматгадовай дзейнасці настаўніка гісторыі ці беларускай літаратуры па вывучэнні края, паселішча, дзе ён жыве. Ёсць прыклады, калі апісаннем, даследаваннем роднай старонкі займаецца яе ўраджэнец, які праз гады спрычыніўся да гістарычнай памяці, вырашыў такім чынам аддаць даніну павагі землякам, мясцовасці, якая яго выпеставала. Часам і прафесійныя гісторыкі, займаючыся, напрыклад, тэмай даволі далёкай ад рэгіёназнаўства, не шкадуючы часу, унікліва падыходзяць да вывучэння роднай старонкі… Вялікіх прыкладаў такой захопленасці вывучэннем гісторыі роднай старонкі ў Беларусі, на шчасце, даволі шмат. Дастаткова згадаць імёны доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага, які, маючы навуковы багаж, займаючыся плённа і археалогіяй, і іншымі галінамі гісторыі і літаратуразнаўства, не цураўся працы над кнігамі пра Вілейку і Маладзечна, доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса, які знайшоў час, каб зрабіць кнігу нарысаў пра родную Астравеччыну. А яшчэ нельга не сказаць пра руплівасць многіх пісьменнікаў, якія шмат зрабілі ў справе збірання звестак пра малую радзіму. У кожнага з іх розны вопыт, але тым не меней плён іх здзяйсненняў аднолькава ўражвае. Як «выхаджаныя» нагамі нарысы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Яраслава Пархуты, як кнігі пра Случчыну, Капыльшчыну, Драгічыншчыну лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча, як падарожныя кнігі забытага выдаўцамі Леаніда Пракопчыка, краязнаўчую публіцыстыку якога даўно варта перавыдаць, як зборнікаў нарысаў пра беларускія мястэчкі Мар’яна Віжа…

Мне добра знаёма гістарычнае крыніцазнаўства па Пухавіцкаму раёну, краязнаўства Пухавіччыны. І надзвычай радуюся, што з года ў год у працу па вывучэнні Мар’інай Горкі і яе ваколіц прыходзяць новыя і апантаныя людзі. Калі ў сярэдзіне XX стагоддзя, у апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя пухавіцкім краязнаўствам займаліся заслужаны настаўнік БССР Віктар Арлоў, настаўнік гісторыі Гарэлецкай васьмігадовай школы Сяргей Сіпач, літаратуразнаўца і дзіцячы пісьменнік Браніслаў Зубкоўскі, журналіст Анатоль Ярохін, бібліятэкар Аляксандр Пікулік, то ўжо ў 1990-я і пазней, у новым стагоддзі, да вывучэння розных паселішчаў спрычыніліся дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, настаўніца Наталля Вайцяховіч, журналіст і кнігавыдавец Віктар Хурсік, доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Паўловіч, настаўніца Наталля Ільініч… Я не назваў і паловы тых апантаных, выключна творчых людзей, якія нераўнадушна паставіліся да захавання гістарычнай памяці. Пэўна, і ў Барысаве, на Барысаўшчыне за дзесяцігоддзі склаўся атрад, склалася кагорта даследчыкаў роднай старонкі. Мяркую аб гэтым па наведванні Барысаўскай раённай бібліятэкі імя І. Каладзеева, па ўвазе бібліятэкараў да краязнаўчай работы, па згадках у рэспубліканскім друку пра Барысаў і Барысаўшчыну ў розныя часіны. А іначай і быць не можа. Барысаўскі край — культурнае гняздо Беларусі. Тут нарадзіліся і пайшлі ў вялікую дарогу вучоныя, арганізатары вытворчасці, дзеячы культуры і мастацтва, пісьменнікі… З Барысаўшчынай звязаны лёс празаікаў, паэтаў, літаратуразнаўцаў Васіля Гігевіча, Міхася Клімковіча, Гірша Камянецкага, Ізі Харыка, Алены Брава, Янкі Лайкова, Алены Капыток, Марыны Помаз-Лайковай…  Між іншым, Ліліяна Анцух спрыяе выданню творчай спадчыны пісьменнікаў-землякоў.

Вядомы ў нашай краіне кнігавыдавец і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ліліяна Анцух сваім лёсам самым цесным чынам звязана з Барысавам, Барысаўшчынай. І не выпадковасцю стала адкрыццё ў яе выдавецтве «Чатыры чвэрці», якое надзвычай шмат робіць для падтрымкі сучаснай беларускай літаратуры, серыі «Малая радзіма. Барысаўскі раён». І надзвычай радасна, што ў гэтай серыі выходзіць кніга самой Ліліяны Анцух — «Зембін: кароткі экскурс у гісторыю і сучаснасць. Жыццяпіс зембінцаў». Паселішча, якое мае легендарную гісторыю, упершыню атрымлівае сваю фактычна гісторыка-краязнаўчую энцыклапедыю.

Знаёмства ўжо з першымі старонкамі кнігі паказвае, наколькі правільна і граматна аўтар выбудоўвае свой расповед. Ліліяна Анцух выкарыстоўвае нямала гістарычных, архіўных крыніц, многія факты ў шырокі ўжытак уводзяцца ўпершыню. Даследчыца абапіраецца і на зробленае раней у вывучэнні гістарычнай мясціны папярэднікамі. Асабліва хвалюючымі падаюцца старонкі, прысвечаныя драматычным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар кнігі ўзнаўляе ў чытацкай свядомасці тыя жудасныя дзеі, якія рэльефна, выразна акрэслена характарызуюць змест такой з’явы, як «генацыд».

Працу Ліліяны Анцух можна смела залічыць і да важкага здабытку ў праваслаўным краязнаўстве Барысаўшчыны і ўвогуле Беларусі. Выдатна, што і гэтыя старонкі, як, дарэчы, і ўся кніга, багата ілюстраваны. Такі падыход паспрыяе нараджэнню і турыстычнай, экскурсійнай зацікаўленасці да мясцін, якія раскрываюцца ў кнізе.

Краязнаўства, якое носіць, зразумела, рэгіёназнаўчы характар, спалучае ў самім сваім характары, у сваёй сутнасці мінуўшчыну і сучаснасць. І гэтаму прынцыпу следуе і аўтар кнігі «Зембін: кароткі экскурс у гісторыю і сучаснасць. Жыццяпіс зембінцаў». Чытачы, якія пазнаёмяцца з выданнем, знойдуць на яго старонках сваіх родных, блізкіх, прычым, не толькі далёкіх прашчураў. Ліліяна Анцух, калі піша, напрыклад, пра Зембінскую сярэднюю школу, то пералічвае амаль усіх кіраўнікоў навучальнай установы за апошніх паўвека. Падрабязна спыняецца публіцыстка і на расповедзе пра сельскую бібліятэку ў Зембіне, якая з’яўляецца філіялам Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева. З кнігі мы даведваемся, што бібліятэка «збірае і назапашвае матэрыялы пра падзеі на сваёй малой радзіме — значныя і штодзённыя, пра сваіх землякоў — знакамітых асоб і простых людзей». Бібліятэка з’яўляецца краязнаўчым цэнтрам…

Кніга Л. Анцух пра Зембін і яго блізкія ваколіцы — выдатны ўнёсак у беларускую краязнаўчую літаратуру. А яшчэ — добры прыклад для кнігавыдаўцоў, як пашыраць звесткі пра рэгіёны. Такога характару памкненні — складнік патрыятычнага выхавання грамадства. Выхавання не на словах, а на справе. Вельмі хацелася б, каб зробленае Ліліянай Анцух заўважылі не толькі ў Зембіне, але і па ўсёй Барысаўшчыне. Кніга па праву можа стаць часткай курса «барысазнаўства» ў школах горада  Барысава і Барысаўскага раёна.

Алесь Карлюкевіч,
старшыня краязнаўчай секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі,
лаўрэат прэміі «За духоўнае Адраджэнне»,
Нацыянальнай літаратурнай прэміі,
прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро»

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси