Лічылкі і загадкі ў новай кнізе Міколы Чарняўскага


Лічылкі і загадкі ў новай кнізе Міколы Чарняўскага

«Несла пошту чарапаха...» — чарговая кніга аднаго з сучасных старэйшын беларускай літаратуры. Менавіта чарговая, а не проста новая. Толькі на першы погляд гэтыя паняцці не адрозніваюцца. Калі ж разабрацца, розніца істотная. Новая кніга можа з’явіцца праз некалькі гадоў. У залежнасці ад таго, наколькі пісьменнік працуе актыўна, ды і як хутка ўдаецца пераканаць кіраўніцтва пэўнага выдавецтва пайсці яму насустрач. А чарговая... Выдавец не сумняваецца, што, выпусціўшы менавіта гэтыя творы, не прайграе. 


Ахвотна дае зялёнае святло Міколу Чарняўскаму Выдавецкі дом «Звязда». Не прымушае маркоціцца ў чаканні «Народная асвета». З задавальненнем чакаюць ад яго чаго-небудзь новенькага выдаўцы гомельскага «Барка» — як не ўважыць, калі зямляк, родам з Буда-Кашалёўскага раёна. А нядаўна зборнік лічылак і загадак Міколы Мікалаевіча «Несла пошту чарапаха...» пабачыў свет у выдавецтве «Беларусь».

Адразу кідаецца ў вочы, наколькі ён дасведчаны і ў гэтых жанрах, вытокі якіх хаваюцца ў дзіцячым фальклоры. Каб напісаць больш за два дзясяткі аўтарскіх лічылак і ажно 100 загадак (а столькі іх увайшло ў гэтую кнігу), многім аўтарам не адзін год спатрэбіцца. Мікола ж Чарняўскі, увесь час ствараючы казкі, вершы, не забываўся і пра лічылкі і загадкі. Напісаныя ім дагэтуль, уваходзілі ў папярэднія кнігі. Аднак яго творчы мех настолькі бяздонны, што засталіся і творы для чарговага зборніка. Яны прыйшлі да дзетак дашкольнага 
і малодшага школьнага ўзросту.

Узрост, зразумела, такі, калі хлопчыкам і дзяўчынкам да многага хочацца дайсці самім. Шмат што спазнаць упершыню, нешта ў сваім веданні дапоўніць. У нечым пагадзіцца, а штосьці, магчыма, і адпрэчыць. Мікола Чарняўскі дазваляе гэта сваімі творамі. Яны часам 
у нечым і дыдактычныя, але не такія, як шмат у каго з іншых аўтараў, калі ісціны даводзяцца ледзь не на прамую. Ён памятае, што, каб дзіця ў нечым пераканаць, неабходна спачатку зацікавіць, а каб зацікавіць, знайсці такі падыход, каб яно не толькі (і не столькі) стала спажыўцом пэўнага паведамлення, а аднеслася да яго так, каб захацелася выказаць сваё стаўленне, свае адносіны.

Гэта добра відаць з лічылкі, вынесенай у назву кнігі. У змесце яна стаіць без загалоўка, але сутнасць ад гэтага не мяняецца. Важна, што сказана і як сказана:

З Карабаха,

З барабаха — несла пошту

Чарапаха.

Несла сумку, 

Быццам ношку,

Нават ногі

Збіла трошку.

Паштальёнку дацямна

Прачакалі. Дзе ж яна?

Ты таксама

Не сядзі:

Ці прыйшла там —

Паглядзі!

Гэта не адзінкавы прыклад, калі чытач не проста застаецца звычайным сузіральнікам, а становіцца актыўным удзельнікам. Ён запрашаецца паэтам да пэўнага дзеяння, як, для прыкладу, і ў гэтым творы: «Яблык нёс дахаты вожык // І знайшоў на сцежцы ножык. // Ён хутчэй падняў знаходку: // — Папрацую я ў ахвотку, // Ім нарэжу крышаноў // Цэлых восем кашалёў. // На зіму іх насушу, // Вас у госці запрашу, — // Навару кампоту кадзь. // Дзе жыву — // Табе шукаць!».

Аб’яднаны творы гэтага жанру ў раздзел «Вязка лічылак — ад суму „лячылак“». Сапраўды: «лячылка» — такая, што дзеткам паразважаць, падумаць дапамагае. Раздзелы, у якіх змешчаны загадкі, аб’яднаны агульнай назвай «Што за домік, што за дом...»:

Домік ёсць, вядомы ўсім,

І жывуць загадкі ў ім.

Хто цікаўны, неўпрыкмет

З імі тут адкрые свет,

Свет і ведаў, і дзівос —

Ад парога да нябёс.

Калі ж «свет і ведаў, і дзівос» такі аб’ёмны — падраздзелаў у ім ажно пяць. У залежнасці ад таго, пра што і пра каго расказваецца. Тэматыка ж разнастайная. Абавязкова прысутнічаюць такія творы, героямі якіх з’яўляюцца птушкі, лясныя насельнікі, а таксама хатнія жывёлы. Сустрэча з імі, бадай, асабліва будзе ў радасць хлопчыкам і дзяўчынкам, якія рэдка бываюць у вёсцы. Яны адчуюць, наколькі непаўторная прырода. Шмат чаго невядомага прынясе трэці раздзел «Вітайце: гэтыя загадкі // Прыйшлі ўсе // З поля, // З лесу, // 
Градкі». 

У нечым вядомае становіцца больш знаёмым. Толькі неабходна ўважліва ўчытацца ў тэкст. Як у самым пачатку гэтага раздзела: «Хоць вусаты, хоць я колкі, // Ды не злосны аніколькі. // Лета ўсё адным заняты — // Кожны дзень спялю зярняты. // Не абсыплюся на дол // — Хлебам я прыйду на стол». Падумаўшы, самыя здагадлівыя ўпэўняцца, што маецца на ўвазе колас. Дасціпна сказана і пра моркву: «Чырвоны, даўганосы // Твар у зямлі хавае. // Мо расчасала б косы, // Ды грабянца не мае». А тут, як быццам, у адгадцы ніякай складанасці: «Спярша — зялёны, // Пасівелы потым, // Што за агонь // Расце пад плотам?» Хоць гледзячы для каго. Не кожны здагадаецца, што гэта крапіва. Ды загадка — на тое і загадка, каб, пры неабходнасці, патрэніраваць сваю кемлівасць, выбраўшы адзіны правільны варыянт.

Мікола Чарняўскі піша так, каб для дзетак не прайшло незаўважным і тое, з чым яны сутыкаюцца штодня. Прадметы, рэчы з паўсядзённага ўжытку пададзены адушаўлёна. Тым самым хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ больш далучаюцца да навакольнага свету, як бы становяцца часткай яго. Важна і тое, на што звяртае ўвагу выдавецтва «Беларусь»: «Спадзяёмся, што гэтая кніжка стане карысным дапаможнікам для настаўнікаў у школе і выхавальнікаў дзіцячых садкоў: з ёю займальна і больш даходліва можна праводзіць урокі роднага слова, а таксама розныя гульнёва-забаўляльныя заняткі з дзецьмі». Калі мець на ўвазе мастакоўскую актыўнасць Міколы Мікалаевіча, зразумела, з вялікімі выніковымі якасцямі, то прыходзіць на памяць вядомая беларуская прымаўка: «Стары конь арэ не глыбока, а баразну не псуе». Толькі з істотным удакладненнем: «Вопытны майстар слова піша так, што творчаму маладзёну гэта не па сіле». У чым і пераконвае кніга лічылак і загадак «Несла пошту чарапаха...».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Источник: https://zviazda.by/be/news/20231116/1700144421-lichylki-i-zagadki-u-novay-knize-mikoly-charnyauskaga

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси